“Апрануцца” ў святло

№ 20 (940) 15.05.2010 - 21.05.2010 г

Фрагменты разгаданага жыцця Заўсёды цікава сачыць за творчасцю мастака, які ў развіцці свайго творчага “Я” не спыняецца на дасягнутым — шукае новыя формы і зместы. Асабліва прыемна адкрываць для сябе новыя, нечаканыя грані таленту аўтара, што, здавалася б, ужо канчаткова адбыўся як творца. Менавіта такім адкрыццём для многіх сталічных аматараў мастацтва стала выстаўка жывапісу Уладзіміра Савіча “Фрагменты” ў галерэі “Мастацтва”.

/i/content/pi/cult/263/4015/7-4jpg.jpg

 

Знаны майстар кніжнай і станковай графікі, Савіч упершыню ў Мінску прадставіў свае жывапісныя творы.

Шматгадовае прытрымліванне графічных традыцый адбілася і на жывапіснай манеры Савіча: палотны, напісаныя алеем і яшчэ больш мяккай тэмперай, не пазбаўлены графічнасці, у пэўных дэталях нават рэзкаватыя. Лінія і колеравая пляма ў творах мастака не менш значныя, чым у графіцы.

Збліжае з графікай жывапіс Савіча і адыход ад сюжэтнасці, апавядальнасці. Але майстар удала карыстаецца і набыткамі жывапісу: насычаны, "густы" каларыт робіць палотны вельмі экспрэсіўнымі, эмацыянальнымі, хвалюючымі. Колеравыя плямы з ледзь заўважнымі постацямі, альбо, наадварот, дэталёва прапісаныя твары людзей, але - у абрамленні ўсё тых жа дэкаратыўных колеравых напластаванняў, - гэта і найвышэйшай мастацкай вартасці метафары, і, у той жа час, рэальныя месцы і людзі. Густы, насычаны мазок - і пераасэнсаванне рэчаіснасці, і асацыяцыя аўтара. Таму палотны Савіча - нібы ключы да спасціжэння ўнутранай сутнасці таго, што мастак бачыў на ўласныя вочы і што перадаў жывапіснымі мазкамі на палатне. "Койданаўскія муры" і "Старыя камяніцы", "Святы Казімір" і "Апрануты ў святло" - усё гэта ўжо разгаданыя, прачытаныя мастаком моманты жыцця. І сёння ён прадастаўляе унікальную магчымасць "дакрануцца" да іх і гледачу.

Дар'я ДАНІЛЕВІЧ