Знаны майстар кніжнай і станковай графікі, Савіч упершыню ў Мінску прадставіў свае жывапісныя творы.
Шматгадовае прытрымліванне графічных традыцый адбілася і на жывапіснай манеры Савіча: палотны, напісаныя алеем і яшчэ больш мяккай тэмперай, не пазбаўлены графічнасці, у пэўных дэталях нават рэзкаватыя. Лінія і колеравая пляма ў творах мастака не менш значныя, чым у графіцы.
Збліжае з графікай жывапіс Савіча і адыход ад сюжэтнасці, апавядальнасці. Але майстар удала карыстаецца і набыткамі жывапісу: насычаны, "густы" каларыт робіць палотны вельмі экспрэсіўнымі, эмацыянальнымі, хвалюючымі. Колеравыя плямы з ледзь заўважнымі постацямі, альбо, наадварот, дэталёва прапісаныя твары людзей, але - у абрамленні ўсё тых жа дэкаратыўных колеравых напластаванняў, - гэта і найвышэйшай мастацкай вартасці метафары, і, у той жа час, рэальныя месцы і людзі. Густы, насычаны мазок - і пераасэнсаванне рэчаіснасці, і асацыяцыя аўтара. Таму палотны Савіча - нібы ключы да спасціжэння ўнутранай сутнасці таго, што мастак бачыў на ўласныя вочы і што перадаў жывапіснымі мазкамі на палатне. "Койданаўскія муры" і "Старыя камяніцы", "Святы Казімір" і "Апрануты ў святло" - усё гэта ўжо разгаданыя, прачытаныя мастаком моманты жыцця. І сёння ён прадастаўляе унікальную магчымасць "дакрануцца" да іх і гледачу.
Дар'я ДАНІЛЕВІЧ