Гучала ўпершыню

№ 20 (940) 15.05.2010 - 21.05.2010 г

У рамках сацыяльна-культурнага праекта “Чалавек нараджаецца, каб жыць…” у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбыўся вечар памяці “Вайна ў лёсе пісьменніка”, прысвечаны 110-й гадавіне з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага.

Да гэтай даты створана літаратурна-дакументальная выстаўка аднаго дня, прысвечаная жыццю і творчасці пісьменніка. Сярод экспанатаў вылучаюцца ліст Кузьмы Чорнага, адрасаваны Кандрату Крапіве і Міхасю Лынькову (1941 г.), а таксама фотаздымкі, кнігі з дарчымі надпісамі, асабістыя рэчы.

Спецыяльна для імпрэзы музей адрамантаваў піяніна, якое знаходзілася ў сямі пісьменніка і на якім браў акорды сам творца, бо меў добры музычны слых. І менавіта на гэтым мерапрыемстве яно гучала ўпершыню ў сценах установы.

Вядомы беларускі паэт, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, франтавік, Мікола Аўрамчык непасрэдна быў знаёмы з Кузьмой Чорным. Мікалай Якаўлевіч чула і пранікнёна, вельмі падрабязна, распавёў пра свае сустрэчы з пісьменнікам.

Надзея ЯШКІНА, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры