Да гэтай даты створана літаратурна-дакументальная выстаўка аднаго дня, прысвечаная жыццю і творчасці пісьменніка. Сярод экспанатаў вылучаюцца ліст Кузьмы Чорнага, адрасаваны Кандрату Крапіве і Міхасю Лынькову (1941 г.), а таксама фотаздымкі, кнігі з дарчымі надпісамі, асабістыя рэчы.
Спецыяльна для імпрэзы музей адрамантаваў піяніна, якое знаходзілася ў сям’і пісьменніка і на якім браў акорды сам творца, бо меў добры музычны слых. І менавіта на гэтым мерапрыемстве яно гучала ўпершыню ў сценах установы.
Вядомы беларускі паэт, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, франтавік, Мікола Аўрамчык непасрэдна быў знаёмы з Кузьмой Чорным. Мікалай Якаўлевіч чула і пранікнёна, вельмі падрабязна, распавёў пра свае сустрэчы з пісьменнікам.
Надзея ЯШКІНА, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры