…і “Кватэрнік у дзядзькі Якуба”

№ 20 (940) 15.05.2010 - 21.05.2010 г

У рамках акцыі, прымеркаванай да Міжнароднага дня музеяў, адбудзецца адразу некалькі запамінальных падзей на пляцоўках Дзяржаўнага літаратурнамемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Пасляваенная сядзіба народнага паэта Беларусі ўяўляла з сябе своеасаблівы аазіс у цэнтры Мінска. Ці не кожная раслінка на Коласавым падворку мела сэнс - ад блакітнавокіх незабудак да жыццястромкіх соснаў. Асаблівае ж месца займала кампазіцыя з чатырох дубоў і бярозы - дрэў, якія сімвалізавалі членаў сям'і вялікага Песняра: жонку, сыноў і яго самога.

Але старэюць і хварэюць кучаравыя хвоі. Не вытрымала бязлітаснага цячэння часу і бярэзінка. Яе, зусім кволую, гадаваў сам Якуб Колас. Ды колькі гадоў таму сціхла ейнае шапаценне: бяроза ссохлася, і дрэва вымушаны былі прыбраць.

15 мая, а 18-й гадзіне, у рамках "Ночы музеяў" у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа пройдзе сімвалічная акцыя "Няхай квітнее дрэва дружбы!" з аднаўленнем кампазіцыі з чатырох дубоў і бярозы. На ўрачыстае дзейства запрашаюцца паслы краін, якія так ці інакш звязаны з лёсам вялікага сына беларускай зямлі: Украіны, Расіі, Польшчы, Літвы, Францыі... Сумесная пасадка дрэва прадстаўнікамі пасольстваў паклікана сімвалізаваць сяброўства паміж народамі, узаемасувязь іх культур, значнасць асобы Якуба Коласа ў справе захавання міру.

А сярод багатай на сюрпрызы праграмы музейных мерапрыемстваў своеасаблівае месца зойме новая форма работы ўстановы - "Кватэрнік у дзядзькі Якуба" з удзелам маладых паэтаў і музыкантаў.