Архімузычная тэкстура

№ 23 (789) 09.06.2007 - 16.06.2007 г

Да добрага прызвычайваешся хутка. Вось і ў Міры: не прайшло і пяці гадоў, як яго жыхары перасталі ўспрымаць фестываль мастацтваў “Мірскі замак” як штосьці сенсацыйнае. На гэты раз, нягледзячы на юбілейны V фестываль, у самім горадзе не было ніякага ажыятажу, фестываль, як штосьці самае неад’емнае ад наваколля, цалкам упісаўся ў мірнае (ва ўсіх сэнсах) жыццё і гараджан, і Мірскага замка: маўляў, так тут заўсёды было. І будзе.

 /i/content/pi/cult/118/401/Finberg1.jpg
Падчас прэс-канферэнцыі: (злева направа) начальнік упраўлення Гродзенскага
аблвыканкама А. Лойка, М. Фінберг, старшыня Карэліцкага райвыканкама І. Шматко.
Можа, менавіта ў гэтым трывалым уваходжанні ў гарадскі пейзаж — без усялякіх яго парушэнняў шматтысячным чалавечым натоўпам, што наўпрост “штурмуе” ўсе канцэртныя пляцоўкі, — і ёсць філасофская мудрасць архітэктуры, памножаная на музыку? Тэма ўзаемасувязей архітэктуры і музыкі невыпадкова стала сёлета лейтматывам фестывалю, навуковых чытанняў і цудоўнай фотавыстаўкі народнага фотаклуба “Гродна”, што адбыліся ў межах фэсту. Фотаздымкі, ці, дакладней, “фотапалотны” і “жывапісныя мініяцюры”, вырашаныя ў стылёвых параметрах псіхалагізму, рамантызму, імпрэсіянізму і іншых “- ізмаў”, уключаючы рэалізм, дыхалі музыкай і застывалі архітэктурай.
Такое спалучэнне і раней быццам лунала ў паветры, бо сама па сабе ідэя ладзіць канцэртныя ды сцэнічныя відовішчы ў натуральнай “сцэнаграфіі” зусім не сусветнае ноу-хау. У замежжы даўно існуюць багатыя традыцыі разнастайных фестываляў “open air” —на “адкрытым паветры”, ля сцен старадаўніх палацаў. Калісьці пра гэта з захапленнем расказвалі артысты Беларускага балета і Беларускай оперы, прывозячы з гастролей тое “адчуванне сябе часткай гісторыі і свету”. Але ж рэальнае жаданне “агучыць” старадаўнія муры Мірскага замка было народжана мудрай ідэяй маэстра Міхаіла Фінберга, мастацкага кіраўніка Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі.
Рэалізаваўшыся ў выглядзе фестываляў у малых гарадах Беларусі, кожны з якіх захоўвае свае ўспаміны пра багатае мінулае, гэтая ідэя набыла ў нас нацыянальныя абрысы, стала часткай агульнай нацыянальнай ідэі па адраджэнні Беларусі як часткі Еўропы. Ужо адным гэтым М.Фінберг уласнаручна збудаваў сабе помнік, які можна было б назваць “фестывальнай архітэкт-тонікай”. 


Кніжныя ландшафты

Распачынаўся фестываль, паводле яшчэ ў Нясвіжы закладзенай традыцыі, з навуковых чытанняў. Адпаведна з еўрапейскімі стандартамі, не праз год апасля, а акурат да іх была падрыхтавана кніга “Архітэктурная спадчына Беларусі — канстанта памяці”, у якой сабраны ўсе даклады. Увогуле гэтая канферэнцыя, дзякуючы выдатным арганізацыйным здольнасцям заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, доктара культуралогіі, прафесара Уладзіміра Скараходава, прайшла, “як па пісаным”: прагучалі абсалютна ўсе заяўленыя даклады, у іх паслядоўнасці прагледжвалася строгая логіка — ад паэтычна-філасофскага ўступнага слова самога навуковага кіраўніка і агульных прававых пытанняў аховы гісторыка-культурнай спадчыны да храналагічна адбудаванай канструкцыі, першая прыступка якой прыпадала на часы Вялікага княства Літоўскага, а апошняя — на перспектывы цяперашняга сельскага турызму.
У дакладах і прамовах гучала шмат цікавых адкрыццяў і думак. Пра тое, што чатырохвежавы тып абарончага храма ВКЛ быў выпрацаваны не ў Полацку, як гэта лічылася раней, а запазычаны з кафедральнага дойлідства ў Вільні. Што Напалеон Орда ў сваім жывапісе абсалютна свядома карыстаўся “фатаграфічным” метадам, каб максімальна дакладна данесці да нашчадкаў усе дэталі архітэктурных помнікаў Беларусі, а разам з імі — гонар за яе славутае мінулае. Што ў Гомелі, дзе рэканструяваны палац Румянцавых-Паскевічаў, трэба яшчэ шмат што адрадзіць, каб усвядоміць небывалы росквіт горада пры графе Мікалаі Румянцаве. Дый кола выступоўцаў пярэсціла не толькі заўсёднікамі, але і новымі імёнамі, у тым ліку прадстаўнікамі БНТУ, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта, БДПУ імя М.Танка.
 /i/content/pi/cult/118/401/Finberg2.jpg

Іграе ансамбль трубачоў "Інтрада".

Навуковыя чытанні папярэджваў музычны “уступ” — выступленне струннага квартэта, аднаго са шматлікіх камерных фінбергаўскіх калектываў.
Мабыць, гэта надало навукоўцам эмацыйнасці, бо нават тыя даклады, што ў адпаведнасці з агульнапрынятымі нормамі зачытваліся па паперцы, гучалі надзіва ўзрушана, нават з адценнем рамантычнага запалу.
Канцэрт адкрыцця, наадварот, апярэджвала “кніжнае слова” — дакладней, штосьці накшталт “ціхай прэзентацыі” кнігі Святланы Берасцень “Маэстра Міхаіл Фінберг: жыццёвая рапсодыя” з серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”, выдадзенай у “Мастацкай літаратуры”. Асобнікі гэтага фаліянта, як і каларытны набор “фотапаштовак” з выявамі аркестра, яго калектываў і салістаў, маглі набыць усе прыхільнікі. Але можна было б і гучней прэзентаваць новыя выданні — тым больш, што аўтар аповеду пра маэстра прысутнічала ў складзе “журналісцкай дэлегацыі”, прадстаўляючы штотыднёвік “Літаратура і мастацтва”. 

Музычныя ландшафты
Гэтым словазлучэннем, пазычаным з назвы даклада доктара мастацтвазнаўства, прафесара Вольгі Дадзіёмавай на навуковых чытаннях, можна было б аб’яднаць шэраг канцэртных праграм, падрыхтаваных да фестывалю як Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусі і яго камернымі калектывамі, так і шматлікімі мясцовымі артыстамі.
На гэты раз “музычныя ландшафты” былі, як ніколі, рознастылёвымі. Іх раскіданасць у часе і прасторы (у спалучэнні з “тапаграфічным” планам-схемай свята) дазваляла, пры жаданні, не толькі абраць любімыя жанры і кірункі, але і наведаць усё па чарзе. Бо “Мірскі замак — 2007” спалучаў музыку Радзівілаў (а сярод славутых прадстаўнікоў іх роду — такія знаныя кампазітары, як Мацей Радзівіл — аўтар “хітовага”, па-моцартаўску вытанчанага “Дывертысмента” ХVІІІ ст., Антон Генрых Радзівіл — аўтар першай у свеце і адзінай, напісанай на лібрэта самога Гётэ, оперы “Фауст” ХІХ ст.), фальклорныя ды самадзейныя “Напевы Карэліччыны”, традыцыйны джаз у выкананні ансамбля “Рэнесанс”, выступленне “ў дыялогу” Біг-бэнда Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам і Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Дрынеўскага, а таксама цэлы шэраг праграм, прысвечаных 125-годдзю з днянараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Свой музычны падарунак народным паэтам Беларусі зрабіла і Гродзенская абласная філармонія, прапанаваўшы буйны гала-канцэрт сваіх калектываў і выканаўцаў, і, найперш, завадатар свята — Нацыянальны канцэртны аркестр з цудоўнымі карункамі сваіх зорных салістаў. Назва яго праграмы “… Каб песняй напоўніць нябёсы” сталася папраўдзе сімвалічнай. Напоўніўшы ўсе куточкі Мірскага замка, дастукаўшыся да сэрцаў і душ кожнага мірскага слухача, яна паляцела ў нябёсы, каб праз колькі дзён даляцець да Маладзечна і перадаць купала-коласаўскую эстафету Нацыянальнаму фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна — 2007”.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Віктара КАВАЛЁВА