Ён арганізаваны па рашэнні Міністэрства культуры і Брэсцкага аблвыканкама. Мэтай яго правядзення з’яўляецца павышэнне ролі нацыянальнай кінематаграфіі ў сацыяльна-культурным жыцці грамадства, захаванне і развіццё традыцый нацыянальнага кінамастацтва.
Насычаная праграма складаецца з дакументальных, ігравых і анімацыйных фільмаў беларускай вытворчасці, створаных у перыяд з 2007 па 2010 гады. Асаблівая ўвага надаецца творчасці маладых кінематаграфістаў — выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Акрамя конкурснай праграмы, упершыню ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі пройдуць паказы і творчыя мерапрыемствы: рэтраспектывы, сеансы Памяці, выстаўкі, сустрэчы кінематаграфістаў і гледачоў у працоўных калектывах і навучальных установах.
На фестываль запрошаны вядомыя беларускія кінематаграфісты, а таксама госці з іншых краін з мэтай правядзення майстар-класаў для пачынаючых творцаў, студэнтаў адпаведных факультэтаў.
Прыз фестывалю — “Хрустальныя Буслы” — будзе ўручацца па намінацыях: “За лепшы фільм фестывалю” (Гран-пры), “За лепшую мужчынскую ролю”, “За лепшую жаночую ролю”, “За лепшую рэжысуру”, “За лепшы сцэнарый”, “За лепшае музычнае афармленне”, “За лепшае выяўленчае вырашэнне”, а таксама прадугледжаны спецыяльныя прызы фестывалю, заснаваныя разнастайнымі арганізацыямі.
Фестывальныя паказы пройдуць у найбуйнейшым брэсцкім кінатэатры “Беларусь”.