“Залаты” дзённік і “бронзавыя” падковы

№ 23 (789) 09.06.2007 - 16.06.2007 г

З 22 па 31 мая 2007 года ў горадзе Кіславодску і Стаўрапольскім краі праходзіў XVI Міжнародны кінафорум “Залаты Віцязь”. І хаця сёлетні фестываль для беларускай дэлегацыі не быў такім паспяховым, як мінулы, тым не менш, беларуская дэлегацыя вярнулася дамоў з узнагародамі. “Залаты Віцязь” у намінацыі “Кароткаметражныя дакументальныя фільмы” заваявала карціна Людмілы Бітно “Калядны дзённік”. А анімацыйная стужка Ірыны Кадзюковай “Залатыя падковы” хоць і не стала “двойчы залатою”, але атрымала “Бронзавага Віцязя”. Карціна Аляксандра Яфрэмава “Рыфмуецца з каханнем” адзначана спецыяльным дыпломам журы фестывалю “За творчае вырашэнне вострай сацыяльнай тэмы”. Дыпломам “За сцвярджэнне прыгажосці і гармоніі на Зямлі” была адзначана таксама дакументальная стужка Мікалая Князева “Брама”. Распавесці пра фестываль больш падрабязна мы папрасілі кіраўніка беларускай дэлегацыі, дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Максіма БУДАНАВА.

 /i/content/pi/cult/118/399/Zalaty-fest.jpg
Максім Буданаў уручае спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці

ў кінамастацтве” народнаму артысту Расіі Аляксандру Міхайлаву.

— Гэты кінафорум пакінуў па сабе розныя ўражанні, — сказаў ён. — З аднаго боку, спадабалася атмасфера сяброўства, што панавала на фэсце, душэўнае стаўленне расіян да беларусаў і Беларусі. 22 мая падчас цырымоніі ўрачыстага адкрыцця форуму быў уручаны спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве” народнаму артысту Расіі Аляксандру Міхайлаву, які на гэтым форуме ўзначальваў міжнароднае журы кінематаграфістаў, у намінацыі “Ігравыя поўнаметражныя фільмы”. У адказ Аляксандр Якаўлевіч не проста падзякаваў за ўзнагароду, але і сказаў шмат добрых слоў пра нашу краіну, даў высокую ацэнку яе культуры і мастацтву, у тым ліку і кіно. Цікава, што вядомы рэжысёр Станіслаў Гаварухін, які падчас адкрыцця форуму атрымаў Прыз тэлекампаніі Саюзнай дзяржавы, падтрымаў гэтую думку і таксама адзначыў пазітыўнае развіццё беларускага кіно і тэлебачання, сказаўшы, што ў нас няма таго гвалту і пошасці, якія, на жаль, перапоўнілі расійскія экраны.

Наогул, падчас творчых сустрэч з прадстаўнікамі расійскага кіно і журналістамі быў відавочны вялікі інтарэс да нашай краіны. Неаднаразова агучваліся думкі аб неабходнасці больш цеснага творчага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі і павелічэння колькасці сумесных праектаў. У расійскай прэсы выклікаў вялікую цікавасць сучасны стан нашай кінастудыі, тыя творчыя і вытворчыя працэсы, што там адбываюцца.

А засмуціў нізкі арганізацыйны ўзровень фестывалю, які адзначалі ўсе ўдзельнікі. А між тым, гэты кінафорум ужо шаснаццаты па ліку і мае багатыя традыцыі. Так, наша дэлегацыя жыла ў Пяцігорску, і кожны дзень для нас пачынаўся з паездкі да месца правядзення фэсту — у Кіславодск. Праўда, краявіды там надзвычай прыгожыя, і час дарогі пралятаў хутка. А вось той факт, што фільм “Рыфмуецца з каханнем” Аляксандра Яфрэмава па нейкіх невядомых прычынах быў наогул зняты з конкурснага прагляду, нічога, акрамя абурэння, у нас не выклікаў.

На заканчэнне хачу сказаць, што беларуская праграма была даволі моцная, нашы стужкі былі прадстаўлены амаль ва ўсіх намінацыях. Але падаецца, што журы конкурсу былокрыху суб’ектыўным, і ў выніку многія добрыя стужкі, у тым ліку і нашы, засталіся без узнагарод. Канешне ж, мы ўсе рады перамозе Людмілы Бітно і “бронзе” Ірыны Кадзюковай, хаця асабіста я лічу, што яе “Залатыя падковы” вартыя і “Залатога Віцязя”.

Наш кар.
Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА