“Брэсцкая крэпасць”: да прэм’еры засталося 45 дзён

№ 19 (939) 08.05.2010 - 14.05.2010 г

Героіка-патрыятычная драма “Брэсцкая крэпасць” — першы вялікі кінапраект Тэлерадыёаб’яднання Саюзнай дзяржавы. Рэпартаж непасрэдна з яе здымачнай пляцоўкі чытачы “Культуры” маглі бачыць на старонках нашай газеты мінулым летам. І вось праект выходзіць на фінішную прамую: 22 чэрвеня, роўна ў чатыры гадзіны раніцы, у 69-ю гадавіну пачатку вайны, на тэрыторыі Брэсцкай цытадэлі адбудзецца доўгачаканая прэм’ера. Аўтары стужкі абяцаюць, што на паказе будуць абавязкова прысутнічаць тыя, хто абараняў легендарную крэпасць у 1941-м.

 

/i/content/pi/cult/261/3988/7-1.jpgПлануецца, што 4 лістапада стужка выйдзе ў самы шырокі пракат - і не толькі ў Беларусі і Расіі. Падставы для гэтага ёсць: "Брэсцкая крэпасць" абяцае стаць адной з самых відовішчных стужак за апошні час. Расійскі рэжысёр Аляксандр Котт, вядомы па рэтракарціне "Ехалі два кіроўцы" і шматсерыйнай экранізацыі аднаго з лепшых раманаў Валянціна Пікуля "PQ-17", прапануе гледачу маштабнае відовішча, амаль цалкам знятае на тэрыторыі самой Брэсцкай крэпасці. Адным са сцэнарыстаў быў наш зямляк Аляксей Дудараў, для якога ваенная тэма ў творчасці заўсёды была галоўнай. У стужцы здымаліся акцёры, каго вельмі часта можна бачыць у "ваенным" кіно: Павел Дзеравянка, Андрэй Мярзлікін, Анатоль Кот, Яна Есіповіч ды іншыя. Як бачна, акцёрскі састаў - таксама беларуска-расійскі. Асноўныя тэхнічныя паслугі ТРА пад час здымак аказвала наша Нацыянальная кінастудыя, у якасці масоўкі выступалі жыхары Брэста...

/i/content/pi/cult/261/3988/7-2.jpgАле самае галоўнае, як вынікае з прома-роліка, - карціна зроблена ў адпаведнасці з усімі сучаснымі стандартамі да відовішча для масавага гледача і, безумоўна, павінна годна выглядаць у рэпертуары побач з замежнымі "блокбастэрамі". Задача - не з лёгкіх: справа не толькі ў размаху здымак і спецэфектаў, не ў памеры бюджэту і выдатках на рэкламу. Поспех ад пракату стужкі менавіта ў кінатэатры залежыць на сённяшні дзень ад тых, каму ад 15 да 25, г. зн. пакалення, якое вырасла на галівудскім кіно, з яго спецыфічным падыходам да кінематаграфічнага матэрыялу і рэальнасці наогул. Не сакрэт, што сучасны рэпертуар - амаль цалкам забаўляльны. Ці не будзе выглядаць на яго фоне "Брэсцкая крэпасць" белай варонай? Відаць, гэтае пытанне непакоіць і саміх аўтараў стужкі, якія, па сутнасці, ужо распачалі прома-акцыі: 6 мая, пад час Міжнароднай выстаўкі "СМІ ў Беларусі", у Мінску адбылася прэзентацыя праекта. Напярэдадні карэспандэнт "Культуры" сустрэўся з адным з чатырох сцэнарыстаў "Брэсцкай крэпасці" - прадзюсерам Тэлерадыёаб'яднання Саюзнай дзяржавы Канстанцінам ВАРАБ'ЁВЫМ.

/i/content/pi/cult/261/3988/7-3.jpg- Лічу, што ніякай розніцы паміж стужкамі ў пракаце няма: глядач выбірае не забаўляльнае, а, найперш - цікавае і відовішчнае. Таму чакаць таго, што кіно пра вайну калі-небудзь надакучыць, - дарэмна. Іншая справа - з кожным годам становіцца ўсё больш кепскіх фільмаў пра вайну. Я маю на ўвазе не толькі замежныя, але і карціны краін СНД. Зразумела, што з кожным годам колькасць міфаў пра Другую сусветную толькі павялічваецца, і гэтыя міфы змагаюцца паміж сабой у кінапрасторы. Ідэйны бок вельмі важны: у замежных стужках вайну часцяком паказваюць папросту недарэчна, а, галоўнае - не паказваюць таго, як было на самой справе. Але і тэхнічны, відовішчны бок ніхто не адмяняў: якасна зробленую стужку будуць глядзець у любым выпадку. Можна ўзгадаць "Зорку" Мікалая Лебедзева, на якую пайшла і моладзь, і ветэраны, - усе засталіся вельмі задаволены. У якасці станоўчага прыклада трэба абавязкова назваць "У жніўні 44-га..." нашага земляка Міхаіла Пташука. На жаль, такіх добрых карцін- адзінкі. Апошнім часам здымаюць вельмі шмат да "круглых" дат, але годны вынік атрымліваецца далёка не заўсёды.

- Вядома, што напісанне сцэнарыя "Брэсцкай крэпасці" ішло складана...

- Так, ён перапісваўся некалькі разоў, да працы далучаліся розныя аўтары. Справа якраз у тым, што сучасныя сцэнарысты не бачаць у вайне вайну, прыдумляюць розныя дэталі, якія па-свойму, магчыма, эфектныя, але да рэальных падзей не маюць ніякага дачынення.

- Дык што самае галоўнае ў вытворчасці кіно пра вайну?

- Лічу, справа - у сур'ёзным падыходзе, усведамленні таго, з якім складаным матэрыялам даводзіцца працаваць. Упэўнены, што асабіста мы працавалі менавіта сур'ёзна: правялі вялікую падрыхтоўчую работу, вывучалі гістарычныя дакументы, сведчанні сотняў відавочцаў. Асабіста я прачытаў, здаецца, усе магчымыя даследаванні па абароне Брэсцкай крэпасці. Галоўнай кнігай, зразумела, была знакамітая работа пісьменніка Сяргея Смірнова. Дарэчы, ёсць задума да прэм'еры нашай стужкі зрабіць яе перавыданне.

- Здымкі стужкі ішлі на месцы баёў, сярод герояў - рэальныя асобы. Ці можна назваць стужку гістарычнай рэканструкцыяй падзей?

- Гістарычная рэканструкцыя- вельмі запатрабаваны прыём у дакументалістыцы яшчэ з 1970-х, калі яго вынайшлі на Захадзе. Карысталіся ім і мы ў ТРА, калі рыхтавалі вялікі дакументальны праект пра абарону Брэсцкай крэпасці. Але ў выпадку з мастацкай работай казаць пра рэканструкцыю будзе не зусім дакладна. У адрозненне ад большасці фільмаў пра вайну, якія здымаюцца ў Расіі і Беларусі, у "Брэсцкай крэпасці" праўда мастацкая не выходзіць за межы праўды гістарычнай. На жаль, вельмі часта аўтары ахвяруюць гістарычнай праўдай дзеля відовішчнасці, у выніку чаго свет бачыць стужкі з вялікай колькасцю фактычных памылак не толькі ў сюжэце, але і ў дэталях. Напрыклад, дзеянне карціны адбываецца позняй восенню 1941-га пад Масквой, а ў кадры - нямецкія танкі, што з'явіліся толькі на Курскай дузе, або байцы штрафных батальёнаў, якія былі створаны ў 1942-м... Зразумела, што на агульным ходзе падзей у стужцы гэтыя недарэчнасці могуць не адбівацца, але, як кажуць, "д'ябал хаваецца ў дэталях": узровень даверу да такіх "недакладных" карцін імгненна падае. Тым больш, што сучасная моладзь вельмі актыўна цікавіцца ваеннай гісторыяй і таму вельмі хутка "выкрывае" аўтараў такіх памылак. Адукаваная моладзь наогул вельмі чулліва ставіцца да няпраўды: "недакладна зробленыя" фільмы выклікаюць сапраўднае абурэнне.

 - Пра абарону і абаронцаў Брэсцкай крэпасці напісаны дзесяткі кніг, яе гераічная гісторыя вядомая бадай кожнаму. Ці будзе ў стужцы нешта прынцыпова новае?

 - Далёка не ўсе сведчанні відавочцаў той трагедыі ўбачылі свет. Калі мы працавалі ў архівах Мемарыяла, то пазнаёміліся з вялікай колькасцю асабістых гісторый людзей, трапіўшых у мясарубку першых гадзін вайны. Калі проста агучыць гэтыя факты, то кожны будзе імі надзвычай уражаны. А мы паспрабавалі гэта яшчэ і паказаць... Скажам так: амаль усе эпізоды ў нашай карціне - праўда. Безумоўна, гарантаваць на сто працэнтаў, што героі стужкі дзейнічалі менавіта так, а не інакш, нельга. Але можна быць упэўненымі, што іх дзеянні ў кадры не пераўзыходзяць таго, што яны маглі б рабіць на самой справе. Нельга забываць: практычна ўсе героі адпавядаюць рэальным асобам, і многія сцэны папросту "спісаны" з успамінаў.

 - Яшчэ на здымках было абвешчана пра тое, што жанр стужкі можна вызначыць як "фільм-катастрофа"...

- Абарона Брэсцкай крэпасці стала першым сапраўдным паражэннем нямецкай арміі ў Другой сусветнай вайне. Вермахт панёс жудасныя страты, нягледзячы на тое, што кінуў у бой лепшыя сілы. Мала хто ведае, што ў штурме прымаў удзел сам Ота Скарцэні - камандзір гітлераўскіх дыверсантаў, тагачаснага спецназу. Нацысты абстрэльвалі крэпасць з самых буйных гаўбіц- такія выкарыстоўвалі за ўвесь час вайны толькі два разы: у Брэсце і Севастопалі. Гэта было сапраўднае пекла! І яго нам, я лічу, удалося перадаць на экране. Дарослыя людзі плакалі пад час працоўнага прагляду... Тыя, хто перажыў падзеі лета 1941-га, - сапраўдныя героі. Вельмі важна, каб у карціне быў перададзены дух тых складаных часоў. Тут мы не маглі абысціся без драматургічнага вопыту Аляксея Дударава: ён, як ніхто іншы, умее паказваць вайну. Мастаком-пастаноўшчыкам выступіў Алім Мацвяйчук, які шмат гадоў супрацоўнічаў з "Беларусьфільмам" і спецыялізуецца на ваеннай тэме. "Брэсцкая крэпасць" знята ў класічным жанры ваенна-патрыятычнай драмы. Лічу, што такіх стужак цяпер на экране вельмі не хапае. Спадзяюся, "Брэсцкую крэпасць" глядач ацэніць, і не толькі наш, беларуска-расійскі, але і замежны.

- А як можна ацаніць супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх кінематаграфістаў пад час працы над "Брэсцкай крэпасцю"?

 - Гэты праект - не проста сумесны, а агульны, першы ў гісторыі беларуска-расійскага Тэлерадыёаб'яднання Саюзнай дзяржавы. Ужо цяпер можна казаць, што ён вельмі ўдалы з боку арганізацыі: асноўны працоўны этап ішоў у вельмі хуткім рытме, адпавядаючы галівудскім стандартам. На Беларусі працуе шэраг выдатных прафесіяналаў, і "Брэсцкая крэпасць"- толькі першы праект у шэрагу, які рыхтуе ТРА.

На здымках: кадры з фільма "Брэсцкая крэпасць". Фота Уладзіміра ГАЙСЛЕРА