І вечарыны ўспамінаў…

№ 19 (939) 08.05.2010 - 14.05.2010 г

“Непарушная Вялікая Перамога” — гэтыя словы сталі лейтматывам патрыятычнага выхавання, якое зладжана ў Наваполацкай бібліятэцы імя Якуба Коласа ў сувязі са святкаваннем 65-годдзя Вялікай Перамогі.

Тэма Вялікай Айчыннай вайны займае значнае месца ва усіх накірунках бібліятэчнай працы. Выкарыстоўваюцца тут як традыцыйныя, так і наватарскія формы. Аснова ўсіх мерапрыемстваў - краязнаўчая. Амаль уся выдавецкая прадукцыя бібліятэкі тычыцца ваенных падзей на Полаччыне. Падрыхтаваны буклет "I Памяць зноўку прамаўляе...", дзе сабраны ўспаміны сведак вызвалення Полацка-Лепельскай партызанскай зоны (сённяшні Бабыніцкі сельсавет Полацкага раёна). Выданне суправаджаецца фотаздымкамі помнікаў, мемарыяльных знакаў на месцах масавага знішчэння людзей. Ідэя стварэння буклета падтрымана пісьменнікам Алесем Савіцкім, які ваяваў у тых мясцінах.

Пра помнікі і музеі Наваполацка ў бібліятэцы складзены буклет "Памяць пра Вялікую Айчынную...", на гэтым матэрыяле створана электронная прэзентацыя "Даніна павагі". Бібліятэкар Ірына Пісцова падрыхтавала інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік пад назвай "Имена героев Великой Отечественной войны в названиях улиц Полоцка". Акрамя таго, памяткі-буклеты складзены пра Герояў Савецкага Саюза Таццяну Марыненка, ураджэнку Полаччыны, і Віктара Яроньку (дарэчы, адзінага з узнагароджаных гэтым высокім званнем, хто жыў у Полацку).

На вечарыну "Успамін пра вайну" быў запрошаны наваполацкі ветэран Мікалай Георгіевіч Іваньковіч. З вялікай увагай слухалі ягоны аповед пра баявую маладосць вучні СШ № 4. Выступіла і журналістка Галіна Іванова, аўтар серыі публікацый пра новапалачан - удзельнікаў Вялікай Айчыннай: яна расказала пра герояў сваіх артыкулаў. Бібліятэкар чытальнай залы Вольга Лапкоўская прэзентавала буклет "Память со слезами на глазах" - пра помнікі Вялікай Айчынай вайны. На вечарыне гучала музыка ваенных часоў, аповеды суправаджаліся кадрамі з ваеннай хронікі.

А на пачатку красавіка ў выставачнай зале бібліятэкі была адкрыта выстаўка карцін Мікалая Рэрыха пад назвай "Перамога". У 1942 годзе ён стварае такія карціны, як "Аляксандр Неўскі", "Паход Ігаравы", "Перамога", у 1943-м - "Адзінаборства Мсціслава з Рэдзедзяй", "Партызаны" і іншыя.

Валянціна СОПІКАВА, бібліёграф Наваполацкай бібліятэкі імя Якуба Коласа