Рэквіем па каханні

№ 19 (939) 08.05.2010 - 14.05.2010 г

Усё, што мы ведаем пра жанчыну, палягае ў неабсяжнай прасторы слова “міласэрнасць”. Вайна знаходзіцца, здавалася б, па-за межамі жаночай існасці. На франтах апошняй вайны ваявала звыш мільёна савецкіх жанчын — ад 15 да 30 гадоў. У беларускіх партызанскіх атрадах змагалася звыш 60 тысяч патрыётак. 12 беларусак сталі Героямі Савецкага Саюза: 3 — за гераізм і мужнасць на фронце, 9 — за ўдзел у партызанскім і падпольным руху.

Страшнае параджэнне вайны - удовіны вёскі, куды не вярнуўся з вайны ніводны мужчына. 97 працэнтаў нявест 1940-х засталіся без жаніхоў-равеснікаў, не сустрэліся са сваім каханнем. Расія дасягнула даваеннай лічбы па колькасці насельніцтва ў 1959-м, Беларусь - толькі ў 1970 годзе...
Усе гэтыя жахлівыя факты і лічбы яшчэ раз агучаны пад час творчага праекта "У Перамогі - жаночае аблічча" Бярэзінскай раённай бібліятэкі і грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын". Праект стартаваў днямі. А яшчэ ў лютым прайшла Дэкада ўшанавання салдацкіх удоў "Вечны агонь - у сэрцы жаночым". Гэта быў цыкл "хатніх сустрэч" з зямлячкамі, якіх пазбавіла жаночага шчасця вайна. Гераіняй "Рэквіема па забітым вайной каханні" стала жыхарка Беразіна Ганна Антонаўна Выгоўская. У 20 гадоў дзяўчына стала жонкай, у 24 - афіцэрскай удавой з двума малымі дзецьмі на руках. Вайна забіла мужа, але не здолела забіць каханне. Яно і сёння пануе ў сэрцы 97-гадовай жанчыны...
Гадзіна смутку і памяці "Дзяўчынка ў блакадным Ленінградзе" распавяла пра лёс маладой бярэзінскай жанчыны-маці, якая стала ахвярай ленінградскай блакады разам з малалетнімі дзецьмі. Сумную гісторыю сваёй сям'і прыгадала жыхарка Беразіна Клаўдзія Пятроўна Жэшка (у блакаду - Клавачка Хахол, васьмігадовая дзяўчынка).
Сакавіцкі Тыдзень удзячнасці ветэранам "Дзякуй, ветэраны, за свет уратаваны!" прадугледжваў асаблівае ўшанаванне жанчын - удзельніц вайны, якіх у раёне - 20 (у Беразіне - 9). У гарадской бібліятэцы адбыліся тэатр маналога "Салдатам я прайшла па той вайне" і экспазіцыя "Ішлі дзяўчаты па вайне". Вечар-партрэт "Дзяўчына ў салдацкім шынялі" прадставіў кранальныя старонкі даваеннай і ваеннай маладосці трох удзельніц вайны: франтавічкі, медсястры і партызанскай сувязной з Беразіна Антаніны Уладзіміраўны Трубко, Таццяны Фамінічны Шык, Марыі Адамаўны Лявіцкай.
Вечарына пад сімвалічнай назвай "На брацкіх магілах не ставяць крыжоў... Давайце крыж паставім на вайне!" - для сем'яў родзічаў тых, хто загінуў у Вялікай Айчыннай, - будзе прымеркавана ў чэрвені да чорнай даты пачатку вайны. Бярэзінскія Гарыні - малыя сёстры Хатыні... Іх трагедыя прайшла праз лёсы жанчын - сведак і ахвяр вогненнай ваеннай былі. Успаміны зямлячак лягуць у аснову вечара-рэквіема "Я з вогненнай вёскі" і Гадзіны смутку "Стаіць у полі замест вёскі толькі помнік", прысвечанай неадроджанай пасля вайны, спаленай немцамі бярэзінскай вёсцы Уцешына. Вечар адбудзецца напярэдадні 3 ліпеня.
Тамара КРУТАЛЕВІЧ, старшыня раённай арганізацыі ГА "Беларускі саюз жанчын", супрацоўнік гарадской бібліятэкі Беразіно