...А зямля тут — святая, або Урокі патрыятызму па-кіраўску

№ 19 (939) 08.05.2010 - 14.05.2010 г

Самадастатковасць аддзела культуры: 65-годдзе Вялікай Перамогі Пад час Вялікай Айчыннай Кіраўшчына, як вядома, стала партызанскім краем. Дзейнічала тут 14 партызанскіх фарміраванняў. Нескаронасць раёна, мірныя жыхары якога ўсяляк падтрымлівалі народных мсціўцаў, выклікала хвалю жорсткіх фашысцкіх рэпрэсій. 15 чэрвеня 1942 года ў вёсцы Боркі карнікі спалілі жывымі і расстралялі 1800 мірных насельнікаў. Кожная пядзя зямлі Кіраўшчыны паліта крывёю… Раён стаў вольным 28 чэрвеня 1944 года. А пераканаўчым напамінам пра ваеннае ліхалецце на кіраўскай зямлі засталіся 76 вайсковых пахаванняў, догляд за якімі сёння вядуць мясцовыя Cаветы сумесна з аддзелам культуры. У Борках жа насупраць помніка, узведзенага ў 1958-м, пяць гадоў таму з’явілася капліца; у 2006-м пабудавана Сцяна Плачу з пазнакай паселішчаў Магілёўскай вобласці, што разам з насельніцтвам былі знішчаны фашысцкімі катамі; у 2009-м паўстаў помнік перапахаваным ахвярам трагедыі ў Борках. Усе гэтыя аб’екты і сталі будучым мемарыяльным комплексам абласнога значэння. Ініцыятарам яго стварэння і адным з аўтарам вонкавага афармлення стаў аддзел культуры Кіраўскага райвыканкама. Больш за тое: мемарыял — гэта пункт адліку для сістэмнага наладжвання “культаддзелаўскіх” Урокаў Памяці, для правядзення яркіх мерапрыемстваў, аналагаў якім па крэатыўнасці асабіста я і не прыгадаю…

Як "узвод" аддзела па раёне ішоў  

Кіраўскі раён мае адзнаку тапанімічнай, так бы мовіць, незвычайнасці. Утвораны ён быў у 1935 годзе пасля трагічнай смерці першага сакратара Ленінградскага гарі абкама камуністычнай партыі Сяргея Кірава. У гонар яго, натуральна, і названы. У кіраўніцтва самага маладога па тым часе раёна Магілёўшчыны і памкненні былі досыць амбіцыйныя: усталяваць нармальнае жыццё на колішніх забалочаных землях, размешчаных сярод бясконцых лясных масіваў. Гэтае жаданне не стаяць на месцы ўласціва і сённяшняму кіраўніцтву рэгіёна. Безумоўна, перш-наперш хачу распавесці пра культурны складнік крэатыўнага руху наперад.  

Начальнік аддзела культуры Кіраўскага райвыканкама Тамара Галубоўская прапанавала летась кіраўніку Кіраўшчыны Уладзіміру Піскіжаву адзначыць 65годдзе вызвалення раёна ад нямецкафашысцкіх захопнікаў нестандартна: стварыць з культработнікаў творчы "ўзвод", яго сіламі паўтарыць шлях савецкіх воінаў-вызваліцеляў з усходу раёна на захад, спыняючыся з тэатралізацыямі, канцэртамі і мітынгамі ў кожнай вёсцы, дзе ішлі жорсткія баі. З такім крэатывам старшыня райвыканкама не мог не пагадзіцца. Больш за тое: прапанаваў прадпрыемствам і арганізацыям рэгіёна забяспечыць аддзел культуры пятнаццаццю бартавымі аўтамашынамі, у кузавах якіх і ладзіліся тэатралізацыі паводле рэальных падзей 65-гадовай даўніны. Такім чынам, патрыятычная акцыя не каштавала аддзелу ні рубля.  

Да "ўзводу" работнікаў культуры далучыўся "ўзвод" спартсменаў, якія паўтарылі "маршрут вызвалення" на веласіпедах. Рэалізацыя праекта распачалася ў Залітобічах - вёсцы на ўсходняй мяжы раёна, размешчанай на ўзгорыстым узбярэжжы Друці, дзе вяліся асабліва кровапралітныя баі. Затым былі вёскі Падсёлы, Заліцвінне, Чыгірынка, Баравіца, Мышкавічы (з апошняй родам Кірыла Арлоўскі - адзін з кіраўнікоў партызанскага руху на Беларусі, старшыня знакамітага калгаса "Рассвет", які носіць яго імя)...  

І ў кожнай вёсцы культработнікі ў тагачасных гімнасцёрках выступалі перад людзьмі, многія з якіх і сёння з болем прыгадваюць жах акупацыі і доўгачаканае шчасце вызвалення... Узрушанасці вяскоўцаў не было мяжы. А завяршыўся праект у Любонічах - заходнім пункце Кіраўшчыны паблізу ад Бярэзіны. Цягам гэтай незвычайнай акцыі, што доўжылася тры дні, культработнікі сабралі подпісы пад Антываенным зваротам да нашчадкаў. Гільза-капсула з гэтым зваротам была ўрачыста захавана ў Кіраўску ля гарматы, усталяванай на пастаменце ў гонар 60годдзя вызвалення раёна ад фашысцкай навалы... Хто пасля гэтага скажа, што работа аддзела культуры- незаўважная? Проста, варта не губляць умення здзіўляць шчырасцю ды неабыякавасцю. У гэтым, па-мойму,- і якасць культасветы, і невычэрпныя вытокі яе крэатыву.  

Наведаць Боркі  

Калі засмягла душа, калі ўзніклі праблемы з пошукам жыццёвага сэнсу- наведайце Боркі. Прынамсі, менавіта там ясна ўсведамляеш, для чаго табе жыццё дадзена і як ім належыць распарадзіцца...  

Борак не стала 15 чэрвеня 1942 года. Зранку карнікі ўзялі вёску ў трайное кальцо. Спачатку сагналі мясцовых паліцаяў з сем'ямі і сваякамі ў школу-дзесяцігодку і спалілі жывымі "за сувязь з партызанамі". Потым пайшлі па хатах: закідвалі вяскоўцаў гарматамі, забівалі з аўтаматаў і кулямётаў... Старых, кабет, дзяцей - усіх. Выжылі адзінкі: хтосьці пасвіў коней у начным, хтосьці схаваўся ў возеры і дыхаў дзень праз чарацінку... Некалькі дзён карнікі не здымалі ачаплення: не давалі жыхарам з навакольных пасёлкаў пахаваць прах родзічаў і сваякоў. Пахаванні гэтыя адбыліся толькі праз час і былі, натуральна, нелегальнымі, бо караліся фашыстамі надзвычай жорстка: барэцкія (Жыхары Борак па-мясцоваму.- Я.Р.) і пасля смерці заставаліся для фашыстаў-вылюдкаў небяспечнымі ворагамі. Так і з'явіліся ў тутэйшых вясковых гародчыках могілкі, над якімі пасля вызвалення раёна паўсталі крыжы. Прах забітых быў перанесены ў агульнае пахаванне, ля якога і створаны мемарыял, а крыжы на вясковых падворках засталіся. Боркі пасля вайны засялілі вяскоўцы з іншых паселішчаў Кіраўшчыны, ды крыжы ў садах і гародах сведчаць: людзі не захацелі страціць повязь з Памяццю... За савецкім часам тут узнік помнік: выява партызана і дзяўчыны, што ўскладае на могілкі кветкі. Аддзел культуры вырашыў, што ў Борках павінен паўстаць мемарыял. Ідэя знайшла падтрымку не толькі ў раённых, але і ў абласных улад. Спачатку ўзвялі капліцу (цяслярскія ўпрыгожанні зрабіў тут па ініцыятыве аддзела культуры мясцовы разьбяр па дрэве Сяргей Іваніцкі). Потым з'явілася Сцяна Плачу з найменнямі вёсак, знішчаных у вобласці пад час апошняй вайны, і стылізаванымі званіцамі- плёнам працы абласных архітэктараў. А пасля канчатковага перапахавання праху забітых з асобных могілак, раскінутых па падворках, у могілкі брацкія з'явіўся тут і помнік-крыж, аўтарам якога стаў выкладчык выяўленчага мастацтва Мышкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Аляксандр Гацко. На ўзвядзенне мемарыяла і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі выкарыстана каля 40 мільёнаў рублёў: палова сродкаў - з раённага бюджэту, палова - з абласнога.  

Вёска-музей...  

Калі гутарыў з сённяшнімі барэцкімі, да вуліцы пад назвай "Новая" (менавіта на пачатку яе і месціцца мемарыял) пад'ехаў аўтобус: пад вясенні дожджык высыпала жменя школьнікаў-пачаткоўцаў, разам з імі- начальнік раёнага Цэнтра пазашкольнай, турыстычна-экскурсійнай і фізкультурнааздараўленчай работы Павел Маркевіч. Аказалася, што школьныя і іншыя арганізаваныя экскурсіі ў Боркі трапляюць згодна з турыстычным ваўчарам, якім валодае Цэнтр. Летась тут пабывала некалькі соцень чалавек. Экскурсіі вядзе прафесійны гід - загадчык мясцовага клуба-музея Інеса Путранкова, якая і распавяла мне пра жудасную гісторыю Борак, а ёй у свой час "мае-свае" (Сваякі па-мясцоваму. - Я.Р.) расказалі.

У Боркаўскім сельскім клубе-музеі (стаіць ён, да слова, ля чаротавага возера, што некаторых ад карнікаў схавала) сабраны самотны летапіс Борак, закумулявана Памяць аб трагічным дні 15 чэрвеня, якая папярэджвае, нагадвае, выхоўвае. Экскурсанты пасля наведвання слухаюць Інесу Леанідаўну, сядзяць на прыазёрных лавачках, прыслухоўваюцца да сябе. Дарэчы, кожны з вяскоўцаў - пазаштатны "гід" ад клуба-музея. Калі няма ў цябе турваўчара, калі трапіў ты сюды "неарганізавана", усё роўна ўсё пакажуць і пра ўсё распавядуць: пра возера, пра дзесяцігодку, на падмурку якой цяпер - жылая хата, пра крыжы на гародчыках... Сведак жахлівых падзей няма, а Памяць - жыве...

Каб пазнаёміцца з адмысловай гісторыяй Кіраўшчыны, спатрэбіцца ці не тыдзень. Пра унікальнасць жыліцкага палацава-паркавага ансамбля "К" пісала неаднаразова. У вёсцы Чыгірынка ў 1921 годзе селянін Мікіта Мінчукоў выратаваў увесну мост ад ледаходу і быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга пад нумарам адзін. Пра Мышкавічы і Арлоўскага я ўжо згадваў. А ёсць яшчэ на Кіраўшчыне маляўнічае вадасховішча ля мясцовай ГРЭС. Ёсць Боркі з вечна жывой Памяццю. А ўсё разам - раённы турыстычны маршрут, дзейсны, цікавы і надта карысны ў матэрыяльным плане для мясцовага аддзела культуры. Можна было б прывесці тут у якасці доказу шматлікія лічбы грашовых дывідэндаў. Але гэта, неаспрэчна, фактура для іншага артыкула. Бо не пра грошы я цяпер, а - пра душу.

 Фільм пра пераможцаў і дэфіле мод... 1940-х

Менавіта пра яе, душу (і ветэрана, і маладога чалавека), думалі ў аддзеле культуры, калі рыхтавалі да Дня Вялікай Перамогі дакументальны фільм аб удзельніках, ветэранах і ахвярах Вялікай Айчыннай вайны - ураджэнцах Кіраўшчыны. Я прагледзеў стужку, запісаную ў DVD-фармаце: шчыра, пераканаўча, даволі прафесійна. Успаміны сведкаў "змікшыраваны" з кадрамі ваеннай кінахронікі і музычным аўдыёшэрагам. Пытаюся ў начальніка аддзела культуры: "Хто прыдумаў?" Чую ў адказ: "Мы!" А ўрэчаіснілі ідэю аператар Максім Мікешын - інжынер па тэхніцы бяспекі аддзела культуры і інтэрв'юер Валянціна Іваніцкая - дырэктар ЦБС. Гледачом фільма пад час святаў стане ўвесь раён. Крэатыў? Самы ён!

Кожная бібліятэка, кожная клубная ўстанова Кіраўшчыны падрыхтавалася да Дня Перамогі. Ля ўсіх 76 вайсковых пахаванняў пройдуць урачыстасці. Мы пабывалі напярэдадні ў вёсцы Баравіцы. На мясцовых брацкіх могілках пахаваны вызваліцелі раёна, у тым ліку і экіпаж дальняга бамбардзіроўшчыка 212-й авіячасткі. Астанкі лётчыкаў у свой час знайшлі мясцовыя следапыты... Дырэктар Баравіцкага СДК Таццяна Клімовіч і бібліятэкар сельскай бібліятэкі Марыя Жураўлёва распавялі пра тое, што ля манумента, усталяванага побач з брацкімі могілкамі, штогод на 9-га мая ладзяцца ўрачыстасці з элементамі тэатралізацыі, і гэта не крэатыў, а- будзень іхняй творчай працы...

Сёння, 8 мая, у Кіраўску, а шостай гадзіне вечара ля фантана гарадскога парку збяруцца тысячы жыхароў раёна. Для ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, для людзей сярэдняга веку, моладзі і дзяцей аддзел культуры прапаноўвае мерапрыемства "А шостай гадзіне вечара пасля вайны". Духавы аркестр РДК пад кіраўніцтвам Аляксандра Хадакова будзе выконваць "Рыо-рыту" і іншыя мелодыі, пад якія ў 1940-я знаёміліся на танцах нашы мамы і таты, бабулі і дзядулі. Запланаваны і паказ тагачасных мод. Да нясмелых фарбаў вясны далучацца неўтаймоўныя колеры крэпдэшыну і строгія адценні бастону. І зноў ветэраны не стрымаюць слёз...

 * * *

Я не бачыў вайны. Я толькі чуў пра яе ад дзеда, бацькі і дзядзькоў. Яна жыве ўва мне. Перакананы, вайна не пакіне памяць кожнага з нашых дзяцей, і дзяцей іхніх дзяцей... Дакладней, не вайна, а раптоўнае і яснае ўсведамленне таго, з-за чаго і з-за каго яна адбылася або можа адбыцца. Але да разумення гэтага, як думаецца, весці трэба тактоўна, можа, нават шэптам, не абыякавасцю - для адпіскі, а даверліва- для доўгага шчаслівага жыцця. Прыкладна гэтак і робяць у Кіраўскім аддзеле культуры.

 

 

 Сведка трагедыі ўспамінае

"Каб той жах не паўтарыўся!"

Васьмідзесяцігадовая Марыя Васільеўна Шпакоўская пад час трагедыі ў Борках жыла непадалёк - у пасёлку Кабылянка. Памятае цудоўна той дзень, калі карнікі ўзялі барэцкіх у трайное кальцо, а па дрэвах рассадзілі снайпераў... Памятае, а таму пры любой нагодзе выступае на дапамогу загадчыку Боркаўскага клуба-музея ў якасці "пазаштатнага гіда", бо менавіта ў Борках цяпер і жыве. Вось што яна згадала пра 15 чэрвеня 1942 года:

 - Падняліся зранку, а на тым канцы (У Борках.- Я.Р.)- шлоп і шлоп: гэта фрыцы людзей, як аказалася, забівалі... таварыш мой (разам у школу хадзілі), прыбег да нас у пасёлак, сам паранены: "Уцякайце: усіх б'юць!" А я недарослівая была, але браціка на плечы - і ўцякаць. Толькі да лесу падбеглі, а з боку Скачка- немцы. Мы ў лесе і схаваліся, але ж за пасёлкам назіраем. Фрыцы рупары паставілі: маўляў, не ўцякайце - жывымі застанецеся. Хто ж іх слухаў! Яны ж спачатку Боркі спалілі, а неўзабаве і Кабылянку... Потым толькі трупы і находжвалі... Праз колькі дзён разам з хлопцамі і дзяўчатамі ў Боркі прыйшлі: не верылася, што ўсіх забілі. Пабачылі: спрэс вогнішча, а ля былой школы - забітыя, пагарэлыя. Жах! Мы з братам потым Гітлера ляпілі ды каменнем яго закідвалі... Каб той жах не паўтарыўся.

 

Удзельнік Вялікай Айчыннай успамінае

"Гармата на пастаменце - мая"

Іван Аляксандравіч Корзун пасля вайны шмат гадоў працаваў у сферы культуры Кіраўскага раёна: быў кінамеханікам, узначальваў мясцовы кінатэатр. Ён і цяпер часты госць у аддзеле культуры райвыканкама: выступае перад моладдзю, дзеліцца культасветным досведам... А згадаў Іван Аляксандравіч пра вайну вось што.

- На фронт з Кіраўска трапіў у 17 гадоў. Спачатку ў Кіраве на артылерыста вучыўся. З Кіраўска - у Кіраў, бывае ж такое... Быў камандзірам гарматы, гэткай жа, якая ў Кіраўску на пастаменце стаіць. Мая гармата... Ваяваў на 1-м Беларускім, у Ракасоўскага, у Польшчы. Баі ў 1944-м былі жорсткія. Аднойчы на нас 15 "тыграў" выскачыла - давялося без прыцэльвання, прамой наводкай біць. Прарвацца не далі, бо гармата вельмі добрая. Асабіста мой разлік тры танкі са строю вывеў... Страшна было напачатку, потым уцягнуўся. Дый сябры падтрымлівалі: узбекі, кіргізы, казахі, якуты... Усіх вайна паяднала. У адным з баёў такая мясарубка была - жах: мяне лёгка параніла, а таварышу руку адарвала... А потым - Японія. Раптоўна знялі нас і- на Квантунскую дывізію, на смяротнікаў. Але і з імі справіліся... Вярнуўся з фронту ў Кіраўск - у культуры пачаў працаваць, нават і не адпачыў пасля вайны. Так 36 гадоў і адпрацаваў.

Удзельнік Вялікай Айчыннай успамінае  

"Медаль "За адвагу" - за вызваленне Мінска

Васілю Антонавічу Буславу - 87 гадоў. Ён на Магілёўшчыне пад час вайны партызаніў. Пасля стаў настаўнікам гісторыі, пазнаёміўся з калегай - настаўніцай беларускай мовы Валянцінай Іванаўнай, пабраўся з ёю шлюбам. Так і жывуць у шчасці, час ад часу наведваюць клуб "Бадзёрасць", што дзейнічае пры Кіраўскім РДК: ён - няблага грае на баяне, яна - цудоўна спявае. Але на Вялікую Айчынную Васіль Антонавіч не забываецца:

- Сам я з Бабруйскага раёна... Вайна пачалася. Неўзабаве фашысты Бабруйск акупіравалі. Жыў пад акупацыяй. Але ж камсамольцам быў. Білет схаваў, пачаў нашых палонных, што лес валілі, падкормліваць, а потым з партызанамі кантакты знайшоў. Палонных пасля ўцёкаў у партызанскі атрад перапраўляў. А калі за мной фашысты пачалі цікаваць, і сам у лес пайшоў... У 1943 годзе гэта было... Атрад партызанскі прыналежаў 247-у асобнаму палку, што дыслацыраваўся на тэрыторыі Клічаўскага раёна. Там цяпер - комплекс мемарыяльны, турыстаў возяць... Фашыстаў забіваў - цяжка падлічыць, колькі, бо быў камандзірам мінамётнага адзялення, надаралася і падрыўніком ваяваць на чыгунцы... Усялякае было. Аднойчы ўзімку далі заданне перадаць у Панюшкавічы, дзе Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся, важныя даныя. Пайшоў. Пісталет пад ватоўкай, аўтамат не ўзяў... І раптам у лесе - фашыст на кані. А снег вялікі, збочыць - ніяк. Я хутчэй лозак наламаў: маўляў, па сялянскай справе ў лесе, а ў самога валасы пад шапкай дыбарам. Я яму "Гутэн таг" і ён мне гэтае ж у адказ- так і размінуліся. А медаль "За адвагу" я атрымаў за вызваленне Мінска, за жорсткія вулічныя баі ў 1944-м. Потым на Маладзечна пайшлі, Гродна вызвалялі, ваявалі ў Польшчы. Там мяне і параніла...

Цытата

 

“15 чэрвеня 1942 года карнікі анфюрэра СС Оскара Пауля Дзірлевангера забілі і спалілі жыхароў беларускай вёскі Боркі Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Акрамя гэтай вёскі, спецбатальён Дзірлевангера (адзін з многіх, што дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі) знішчыў яшчэ каля двухсот вёсак — больш за сто дваццаць тысяч чалавек. У ліку іншых вёсак — і Хатынь”.

Алесь Адамовіч “Карнікі”

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"