“Крэпасць Полацк” стаяла непарушна

№ 19 (939) 08.05.2010 - 14.05.2010 г

Сёлетняя Культурная сталіца Беларусі заўсёды была ў цэнтры падзей айчыннай, ды і сусветнай, гісторыі. Прычым не толькі ў “сівую даўніну”. Эпізод першага месяца Вялікай Айчыннай вайны, які займеў назву “Полацкая бітва”, сёння не “на слыху”. Некаторыя заходнія аўтары ўвогуле на надаюць яму асаблівай увагі, адным сказам адзначаючы ў сваіх публікацыях, што “састарэлыя ўмацаванні” былі ўзяты войскамі вермахта за лічаныя гадзіны. І ўсё ж факты сведчаць пра іншае: падзеі тых дзён адбываліся ў сапраўднай “крэпасці Полацк”.

На шчасце, засталіся матэрыяльныя сведчанні пра тыя падзеі — добрыя тры сотні дотаў ды іншых пабудоў Полацкага ўмацаванага раёна савецкай абарончай лініі, якая сёння вядомая пад назвай “Лінія Сталіна”. Яны— “рэчавы доказ”, які абвергнуць, бадай, немагчыма. Іх муры, знявечаныя нямецкімі снарадамі (каб прарваць нашу абарону, праціўнік выкарыстоўваў нават адмысловыя гаўбіцы калібру 240 мм!), сведчаць пра тое, што “састарэлыя ўмацаванні” і сапраўды былі моцнай цвярдыняй, здатнай надоўга спыніць фашысцкую армію. …На гадзінніку— усяго 6.00, але наша машына ўжо імчыцца па віцебскай трасе. Даследчык фартыфікацыі Аляксандр Базарнаў, кампаньёнам якога стаў і карэспандэнт “К”, запланаваў на гэты дзень змястоўную праграму. І, як заўсёды бывае пад час палявых даследаванняў, нас будзе чакаць нямала неспадзяванак. На жаль, не толькі прыемных.
Брама УРа
Не даязджаючы да Полацка прыкладна 30 кіламетраў, збочваем на старую дарогу. Праязджаем міма адроджанага і музеефікаванага дота ля “мінскай трасы” і ўжо неўзабаве бачым такі самы дот — але без усялякіх прыкмет увагі. Хіба што мясцовая моладзь выкарыстоўвае яго ў якасці месца для адпачынку — з усімі зразумелымі наступствамі. Дот захаваўся бадай ідэальна — ёсць нават браніраваныя амбразуры. — Патлумачыць тое няцяжка,— кажа Аляксандр Базарнаў. — Гэта дот другой лініі абароны. Умацаванні першай лініі зніштожаны ўшчэнт: для прарыву Полацкага УРа немцы сканцэнтравалі тут, каля вёскі Гомель, 37 артылерыйскіх батарэй. Да таго ж, дот месціцца побач з вёскай, і таму ён не быў зруйнаваны пад час акупацыі. Немцы не шкадавалі тратылу на тыя ўмацавальныя збудаванні, якія маглі б стаць карыснымі для партызанаў, але тут, мабыць, стаяў нямецкі гарнізон. Дарэчы, зараз пакажу вам адваротны прыклад... Неўзабаве машына спыняецца. За акном — поле, праз якое віецца стужка дарогі, мост цераз невялічкую рачулку Ушача… Трохі наводдаль, паабапал гасцінца, — знявечаныя груды бетону, што калісьці былі дотамі. — Вось характэрны прыклад унутранага выбуху, — тлумачыць Аляксандр Базарнаў, калі мы агледзелі абодва з іх. — Каб знішчыць гэтыя аб’екты, немцы не пашкадавалі сотні кілаграмаў узрыўчаткі. Але ж гістарычная каштоўнасць тых руін усё адно не змяншаецца. Гэта своеасаблівая брама “Полацкай крэпасці”, якая прыкрывала самы важны напрымак: паўз доты вяла лепшая дарога да горада. Менавіта тут немцы ўпершыню паспрабавалі прарваць абарону і захапіць стратэгічна важны вузел, скарыстаўшы вядомы прынцып бліцкрыгу. Менавіта на гэтым участку абарона ўмацаванага раёна была прарвана. Але толькі пасля 20 дзён крывавых баёў... Лічыцца, што бітва за Полацк пачалася 3 ліпеня 1941 года. Але, у прыватнасці, праца С.Палякова і С.Копыла “Лінія Сталіна. Полацкі ўмацаваны раён”, прыводзіць іншую дату: 27 чэрвеня. “Што ж адбылося тут у гэты дзень?”— пытаюся ў Аляксандра Базарнава, узіраючыся ў той самы “звычайны беларускі краявід”. Як выявілася, каб патлумачыць ход падзей, патрэбна пэўная перадгісторыя.
Няўдалы бліцкрыг
Як ні парадаксальна, міф пра небаяздольнасць Полацкага УРа мае пад сабой усе падставы. Такое меркаванне матывавана і гістарычнымі дакументамі. У архіве Аляксандра Базарнава ёсць “Акт па праверцы Полацкага УРа” — дакумент 1937 года. Амаль пяцьдзесят старонак машынапіснага тэксту. Датклівае апісанне ўсіх праяў дзейнасці ўмацаванага раёна. І ў выніку— выснова, зробленая камісіяй Генштаба РККА на чале з камдывам Подласам: “Ніводзін з аб’ектаў УРа да баявых дзеянняў не гатовы”. Подпіс і пячатка. — Трэба разумець: дот (або дак, як яго называлі ў беларускамоўным Ваенным статуце РККА 1927 года) — гэта не проста муры таўшчынёй у паўтара метра, але складаная інжынерная канструкцыя, — каменціруе вынікі тых вучэнняў Аляксандр Базарнаў. — І калі сістэмы яго жыццезабеспячэння не працавалі, абарончае значэнне жалезабетоннай аграмадзіны было роўным нулю. У прыватнасці, гэта тычыцца і такой, здавалася б, дробязі, як гільзаўлоўнік, не кажучы ўжо пра сістэму вентыляцыі. Іх, дарэчы, у даку было дзве: агульная і адмысловая сістэма адсмоктвання газаў непасрэдна са ствала кулямёта “Максім”... Ці былі выпраўлены да пачатку вайны тыя шматлікія заўвагі, якія камісія Подласа знайшла ў Полацкім УРы? Прамога адказу на гэтае пытанне гістарыяграфія не дае. Да 17 верасня 1939 года асабовы склад Полацкага гарнізона перавышаў 22 тысячы чалавек, прыблізна траціну з якіх складаў уласна гарнізон УРа. Але пасля таго, як дзяржаўная мяжа СССР пасунулася далёка на Захад, стратэгічнае значэнне гэтага абарончага пункта адразу дэвальвавалася. Бетонныя доты былі закансерваваны, а гарнізон УРа зменшыўся ўсяго да аднаго батальёна — прыкладна па адным салдаце на кожны аб’ект. Літаральна напярэдадні вайны Полацк пакінула апошняя з раскватараваных там раней савецкіх дывізій — 50-я стралковая. Гаўбічны батальён, якім камандаваў маёр Георгій Колакалаў, затрымаўся ў горадзе вымушана і выпадкова: зламаўся паравоз. — На жаль, мне нават не ўдалося знайсці фота маёра Колакалава, — кажа Аляксандр Базарнаў. — Але, без сумневу, гэта сапраўдны герой. Ужо ў першыя дні вайны Полацк ахапіла паніка. Праз горад няспыннай плынню рушылі бежанцы. Сярод мірных жыхароў трапляліся і салдаты— рэшткі знішчаных у розных “катлах” падраздзяленняў. Зразумела, іх баявы дух быў нулявы. Але ў гэтай атмасферы маёр Колакалаў прымае асабістае рашэнне — няпростае, адчайнае: нягледзячы ні на што, наш полк будзе стаяць да канца. Пра тое, каб поўнасцю заняць рубеж абароны горада, нават гутаркі не вялося. Гарматы Колакалава чакалі праціўніка на самым верагодным напрамку ўдару. У свае прыцэлы артылерысты бачылі акурат той самы непрыкметны мост цераз рачулку Ушача. Напэўна, пра сітуацыю ў горадзе было добра вядома і на тым баку фронту. Інакш як растлумачыць тое, што праціўнік меркаваў захапіць Полацк бадай што голымі рукамі? З боку Глыбокага па галоўнай дарозе туды рушыў невялікі мабільны атрад вермахта. Раннім ранкам 27 чэрвеня машыны з грукатам перавалілі цераз масток праз Ушачу. Да Полацка заставалася ўсяго 15 кіламетраў… Неўзабаве пра намеры нямецкага камандавання маёру Колакалаву распавядаў палонны нямецкі фельдфебель. Калі па калоне вермахта быў адкрыты прыцэльны гарматны агонь, захопнікі не адразу ўцямілі, што адбываецца. Потым сваё слова прамовілі і доты першай лініі абароны. Парэшткі атрада не аказалі савецкім воінам аніякага супраціўлення — байцы “непераможнай” арміі ахвотна здаваліся ў палон... У той самы дзень непадалёк ад Полацка з эшалонаў пачалі выгружацца часці 174-й стралковай дывізіі 22-й арміі. Яна прыбыла з Чэлябінскай вобласці. Камандзірам дывізіі быў Аляксей Зыгін. У ягоным паслужным спісе была і пасада каменданта Благавешчанскага УРа, што на Далёкім Усходзе. Адпаведна, вывучаць нюансы фартыфікацыйнай навукі яму не спатрэбілася. Асноўныя часткі вермахта падышлі да лініі Полацкага УРа 3 ліпеня. Да гэтага часу ці не ўсе яго збудаванніі былі запоўнены гарнізонамі і гатовы да сустрэчы з ворагам. Рабочыя Полацка ўтварылі своеасаблівыя брыгады, і тыя менш як за тыдзень напружанай працы здолелі зрабіць немагчымае, выправіўшы шматлікія недаробкі даваенных часоў.
Бронекаўпак у балоце
Цяпер у полацкі бліцкрыг ужо не верыў ніхто. Жорсткія баі на гэтым участку фронту зацягнуліся. Вяліся яны з пераменным поспехам. Але статускво не змяняўся: “крэпасць Полацк” стаяла непарушна. — Немцы сталі шукаць слабыя месцы ў нашай абароне, — распавядае Аляксандр Базарнаў. — Усім вядомыя баі ў раёне Баравухі — цяпер гэта ля Наваполацка. Але ж праціўнік спрабаваў намацаць і іншыя сцяжынкі да сваёй мэты. Вось, зараз я пакажу вам унікальны аб’ект. Праўда, экіпіроўка ў вас, па шчырасці… І сапраўды, неўзабаве мае нагавіцы былі мокрыя па калена, а з красовак можна было выліваць ваду. Шлях да аднаго з найбольш адметных фартыфікацыйных аб’ектаў Полацкага УРа — Камандна-назіральнага пункта № 90— здаваўся нядоўгім: літаральна праз паўсотні метраў высіўся паркан чыгуначнай станцыі. Але… Гэты шлях ішоў праз балота. Зразумела, што яно таксама мела ў свой час стратэгічнае значэнне. — Калі б сюды сунуліся танкі Гота, яны б засталіся тут нават без дапамогі нашых салдат,— патлумачыў мой гід. Нам удалося знайсці КНП усяго праз паўгадзіны “мокрых” пошукаў. Аляксандр Базарнаў палічыў гэта цудам. І сапраўды: на паверхні зямлі пра існаванне аб’екта сведчыў адно дзіўны ржавы “агрэгат” вышынёй хіба сантыметраў 20 — частка бронекаўпака, верх якога ўжо, на жаль, камусьці прыдаўся. Двухпавярховая фартыфікацыйная пабудова па-ранейшаму амаль поўнасцю схавана ад старонніх вачэй. Мы трапілі ўнутр праз арыгінальныя браніраваныя дзверы. Ручны кулямёт гарнізон КНП меў хіба на экстранны выпадак. Аб’ект не меў агнявой моцы выключна з адной інтэнцыі: каб сябе не дэмаскіраваць. Ягоная функцыя была ў іншым: непрыкметна весці назіранне за ходам бою, каардынуючы агонь дотаў батальённага раёна “С”, якім ён камандаваў. — Вядома, выявіць такі аб’ект для праціўніка вельмі складана, — кажа Аляксандр Базарнаў. — Але ў ходзе баёў гэта, рана ці позна, усё ж здараецца. І тады ўжо вораг разумее: вось тут— менавіта камандны пункт. Зразумела, што тады ён надае гэтаму аб’екту асаблівую ўвагу. Можа, з гэтай прычыны, але хутчэй — з-за таго, што браня заўсёды была куды даражэйшая за жалезабетон, КНП №90 стаў унікальным аб’ектам. Пад Мінскам такіх не знойдзеш. Там камандныя пункты паводле сваёй формы мала чым адрозніваюцца ад звычайных дотаў. — Полацкі УР будаваўся адным з першых на лініі Сталіна, і таму ён стаў своеасаблівым полем для эксперыментаў савецкай фартыфікацыі, — тлумачыць Аляксандр Базарнаў. — Пазіцыя была такая: вы збудуйце, а потым мы ўсё ўзважым і вырашым, ці можа гэта стаць стандартам. Зазвычай для умацаваных раёнаў былі прадугледжаны тыпавыя пабудовы, але тут сустракаюцца і аб’екты, якія ўвогуле не маюць дакладных аналагаў. — Дарэчы, а згадак пра ўдзел у баявых дзеяннях батальёна “С” я нешта і не прыпомню… — пачаў я гутарку, калі мы зноў апынуліся на зямной паверхні. — Можа, гэты ўтоены сярод балотаў аб’ект застаўся як бы “па-за кадрам” вялікай вайны? — Ды вось яны, згадкі! — Аляксандр Базарнаў звярнуў маю ўвагу на выбоіны ад асколкаў у бронекаўпаку.
Першы дот трымаўся да апошняга
Мясціна, якую абавязкова варта наведаць пад час экскурсіі па Полацкім Уры, — вялізная руіна пасярод вёскі Чарнаручча, чый дах, зрынуты долу магутным унутраным выбухам, нават сёння ўражвае сваёй манументальнасцю. — Вось адсюль у 1928 годзе і пачынаўся Полацкі УР,— тлумачыць Аляксандр Базарнаў. — Дотаў, збудаваных паводле праекта інжынера Івана Бялінскага, не знойдзеш больш нідзе. Ён двух’ярусны: кулямётчыкі літаральна віселі адзін над адным. Бялінскі ў гісторыі савецкай фартыфікацыі — тое самае, што Хлебнікаў у паэзіі. На пачатку 20-х гадоў гэты мэтр, які зарэкамендаваў сябе яшчэ пад час будаўніцтва фартоў Брэсцкай крэпасці, раптам агаломшыў калегаў новай тэорыяй — крэпасці-саду. Ідэальнай фартыфікацыйнай канструкцыяй Бялінскі лічыў… сотні гектараў лістоўніц, трапіўшы ў якія, праціўнік мусіў разгубіцца сам сабой. А для яго знішчэння і былі прызначаны кулямётныя вежы.
Магчыма, Бялінскі марыў ператварыць у такую крэпасць і сам Полацк, абсадзіўшы яго па перыметры роўнымі шэрагамі дрэў. Але… Стаўленне да ягонай тэорыі было, мякка кажучы, вельмі крытычным. Таму справа абмежавалася ўсяго двума дотамі арыгінальнай канструкцыі. Архіўных даных пра лёс дота не захавалася.
Аднак гэты прагал у гісторыі ахвотнага пагадзіліся запоўніць мясцовыя жыхары. Паводле іх расповедаў, адзін з першых дотаў Полацкага УРа трымаўся да апошняга. Пасля таго, як 15 ліпеня немцы прарвалі лінію абароны, а дывізія Зыгіна пачала арганізаванае адступленне, бо ў цэлым фронт на той час ужо пасунуўся далёка на Усход, гэты бетонны “ветэран” працягваў упарта трымацца яшчэ некалькі дзён. Нават апынуўшыся глыбока ў тыле, у поўнай ізаляцыі. Нямецкая пяхота доўга не магла даць яму рады, і ўрэшце гарнізон дота здолеў пакінуць свой аб’ект — пасля таго, як яго абарона страціла ўсялякі сэнс…
* * *
Падрабязнае ўзнаўленне ходу падзей Полацкай бітвы для гісторыкаў і краязнаўцаў яшчэ наперадзе. Адна з найважнейшых крыніц вывучэння — тыя самыя старыя доты. Многія з іх пакуль нават не выяўлены. Разгаварыўшыся ля Наваполацка з мясцовым жыхаром, пачулі ад яго пра адзін такі аб’ект. Неўзабаве знайшлі месца, скарыстаўшыся арыенцірамі. Але… Замест дота там высіўся навюткі катэдж. Прычым ягоны ўласнік не парушыў заканадаўства: пакуль што аб’екты Полацкага УРа не ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Знайсці для кожнага з іх лепшае, чым просты склеп, прымяненне, не так і лёгка. Але тое, што гэтыя доты яшчэ могуць паслужыць людзям, няма сумневу. Расповед пра ваенныя дзеянні куды больш пераканаўча гучыць на месцы саміх падзей, чым у памяшканні музея. А вандроўка, якую мы здзейснілі ў той дзень, думаецца, прыйшлася б даспадобы многім турыстам.