Штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Выдаецца з кастрычнiка 1991 года
Дарагія суайчыннікі!
Ад усёй душы віншую вас з 65-й гадавінай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Нам, сучаснікам, нават складана ўявіць радасць, захапленне і шчасце, якія прынесла першая мірная вясна. Але пасля таго, як мінулі гады, мы можам ацаніць вялізны гістарычны сэнс гэтай падзеі. Дзесяцігоддзі міру ў Еўропе, свабода і незалежнасць многіх народаў — усё гэта было аплачана крывёй нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў, мільёнаў вядомых і безыменных герояў. У жорсткіх бітвах на фронце, у партызанскіх атрадах і падполлі, у палях і на заводах наш народ аддаваў свае сілы дзеля адной мэты — выстаяць і перамагчы. За Перамогу Беларусь заплаціла страшнай цаной. І таму памяць аб мінулым — свяшчэнная. У цэнтры Мінска, у самым сэрцы нашай Радзімы, гарыць Вечны агонь, а ў сэрцы кожнага з нас ніколі не згасне ўдзячнасць жывым і паўшым воінам. І мы зноў і зноў паўтараем знаёмыя з дзяцінства словы — НІХТО НЕ ЗАБЫТЫ І НІШТО НЕ ЗАБЫТА. Паважаныя ветэраны! Вам мы абавязаны ўсім — жыццём, свабодай, шчасцем нашых дзяцей. Нізкі паклон вам! Жывіце доўга, застаючыся для нас прыкладам гонару і мужнасці. Мы, спадчыннікі пакалення пераможцаў, абяцаем быць дастойнымі таго, каб ісці з вамі ў адным страі. У гэтае светлае свята сардэчна жадаю вам, дарагія землякі, і вашым блізкім шчасця, міру, дабра! З Днём Вялікай Перамогі! Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА
Парад у гонар Перамогі
На здымку злева — адзін з момантаў рэпетыцыі ўрачыстага парада, прымеркаванага да 65-год- дзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Ён — нібы працяг таго векапомнага апафеозу святкавання юбілейнай даты — Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таго грандыёзнага дзейства, якое адбылося 3 ліпеня мінулага года ля стэлы “Мінск — горад-герой”. І сёлета, 9 мая, ганаровымі гасцямі Вялікага свята Перамогі ў нашай сталіцы стануць сівыя ветэраны, якія здзейснілі неўміручы Подзвіг у імя жыцця. Пра яго палымяна гаварыў у час свайго выступлення на Урачыстым сходзе ў Палацы Рэспублікі 7 мая Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Мы помнім і шануем кожнага салдата той вайны!.. Фота БелТА (Віктара ТАЛОЧКІ і з архіва “Культуры”)
Сайт переехал на новый адрес – kultura-info.by

Новы нумар

Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова
"Культура і мастацтва"

© 2007 - 2024 «Культура». Зроблена ў «Вэбпрофі»