“Дапісаць” клічнік

№ 19 (939) 08.05.2010 - 14.05.2010 г

5 мая ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка сустрэўся з ветэранамі вайны, прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый і супрацоўнікамі музея.

 

У сваім прывітальным слове да прысутных у зале ветэранаў Павел Латушка зазначыў: "У гэтыя святочныя дні мы хацелі б выказаць вам словы вялікай удзячнасці за тое, што вы зрабілі для нас, сваіх нашчадкаў, для ўсяго таго пакалення, якое сёння жыве і будуе новую Беларусь- моцную і незалежную дзяржаву. Мы можам ганарыцца тым, што сёння ўяўляе з сябе наша Радзіма, і гэты гонар у вялікай ступені звязаны са зробленым вамі для нашай беларускай зямлі і для ўсяго савецкага народа, які змагаўся ў тыя гады з фашызмам. У гэтыя дні мы жадаем вам здароўя, дабрабыту, шчасця, і вы можаце быць упэўнены, што маладое пакаленне будзе захоўваць Памяць пра Вялікую Перамогу, і нікому не будзе дадзена права перапісаць нашу гісторыю". Пад час сустрэчы з міністрам культуры адбылося ўручэнне ветэранам Вялікай Айчыннай вайны каштоўных падарункаў, кветак і выданняў, падрыхтаваных музеем, а таксама ўзнагароджанне некаторых работнікаў установы нагруднымі знакамі Міністэрства "За ўклад у развіццё культуры Беларусі". Алесь Савіцкі, пісьменнік, ветэран Вялікай Айчыннай, нагадаў: "На абпаленай сцяне ў Брэсцкай крэпасці ёсць надпіс: "Умираю, но не сдаюсь! Прощай, Родина". Пасля апошняга слова клічнік - не завершаны, а толькі-толькі пачаты: у таго салдата перад смерцю сілы не хапіла... Але ён пакінуў сваю мужнасць: за ягонай спінай стаяла Радзіма, якую ён бараніў. І наш святы абавязак сёння - "дапісаць" гэты клічнік да канца: павагай да ветэранаў, сваёй працай, справамі ў гонар і на карысць нашай дзяржавы". У час сустрэчы з боку ветэранаў прагучала прапанова аб наданні музею статуса нацыянальнага, на што міністр культуры адказаў наступнае: "Па даручэнні Урада, у сувязі са зваротам шэрагу ветэранскіх арганізацый нашай краіны, Міністэрства культуры вельмі ўважліва разгледзела гэтую прапанову на калегіі, і намі прынята рашэнне ўнесці прапанову Кіраўніку дзяржавы аб наданні статуса "нацыянальны" Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Мемарыяльнаму комплексу "Брэсцкая крэпасць": яны гэтае высокае званне заслугоўваюць".

Таццяна КОМАНАВА

Фота Юрыя ІВАНОВА