У Залатым кольцы Гомельшчыны - новы дыяменцік

№ 23 (789) 09.06.2007 - 16.06.2007 г

5 чэрвеня Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе на чале са старшынёй камісіі Уладзімірам Здановічам правяла на базе музейных аб’ектаў Гомельскай вобласці выязное пасяджэнне на тэму: “Аб правапрымяняльнай практыцы дзяржаўнага рэгулявання ў галіне музейнай справы, уключаючы матэрыяльна-тэхнічнае і фінансавае забеспячэнне музеяў”.

У працы выязнога пасяджэння брала ўдзел група дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ, а таксама галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры РБ Ларыса Каткова, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея РБ Уладзімір Пракапцоў; загадчык лабараторыі музейнай дзейнасці БелДІПК Ала Сташкевіч, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Васюк; запрошаныя журналісты. Адной з мэт паездкі было вывучэнне вопыту працы мясцовых органаў улады па развіцці культуры і турызму на Гомельшчыне.
У праграму дня ўваходзіла наведванне Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Веткаўскага музея народнай творчасці і Свята-Пакроўскай царквы ў вёсцы Карма, удзел ва ўрачыстым адкрыцці Добрушскага раённага краязнаўчага музея, сустрэчы з кіраўніцтвам Гомельскай вобласці, Веткаўскага і Добрушскага раёнаў.


На мяжы Гомельшчыны ўдзельнікаў выязнога пасяджэння прывітаў начальнік Гомельскага абласнога ўпраўлення культуры Аляксандр Прусаў. Ён коратка пазнаёміў прысутных з сённяшнім станам спраў у рэгіёне і ў сваёй галіне. Гомельшчына выйшла на першае месца ў рэспубліцы па вытворчасці валавой прадукцыі ў разліку на 1 жыхара, а эканамічныя поспехі даюць магчымасць павялічыць выдаткі на развіццё культуры. Так, на паспяховую рэстаўрацыю палаца Румянцавых-Паскевічаў, пра якую шмат пісала “К”, не пайшло ніводнага рубля з рэспубліканскага бюджэту.

Па залах “Малога Эрмітажа”

 /i/content/pi/cult/118/397/Kultasvet1.jpg
 Перад новым музеем.
На ўваходзе ў знакаміты палац-музей шаноўных гасцей чакалі генеральны дырэктар палацава-паркавага ансамбля Алег Рыжкоў, дырэктар музея Аляксандр Алейнік, старшыня абласнога савета дэпутатаў Валерый Сяліцкі, намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Сяргей Парошын.
— Палацава-паркавы ансамбль — “візітоўка” і афіцыйная эмблема нашага горада, скарб рэспублікі, — гэтымі словамі пачаў сустрэчу В.СЯЛІЦКІ.
Валерый Сцяпанавіч улюбёны ў гісторыю роднага Гомеля, і аблсавет дэпутатаў пад яго кіраўніцтвам аказвае музейнай справе значную падтрымку. Варта прыгадаць хаця б нядаўні факт: Гомельскі абласны музей ваеннай славы, адкрытыда 60-годдзя Вялікай Перамогі, быў створаны ўсяго за год.

Агледзець экспазіцыі палаца Румянцавых-Паскевічаў запрасіла галоўны захавальнік фондаў Таццяна ШОДА.

— Усе ўлады Гомеля ставіліся да гэтага горада з любоўю, — пачала яна свой аповед. — Таму і захаваўся ў цэласці да нашых дзён узведзены ў XVIII — XIX стагоддзях палац, які наведвальнікі ахрысцілі “Малым Эрмітажам”.

 /i/content/pi/cult/118/397/Kultasvet2.jpg
Таццяна Шода.

Экскурсія пачынаецца з залы ўрачыстых прыёмаў з партрэтамі славутых ураджэнцаў Гомельшчыны, працягваецца ў Чырвонай гасцёўні, дзе сабраны арыгінальныя рэчы і карціны дваранскай эпохі (многія з іх належалі сям’і Паскевічаў, асобныя творы жывапісу прадаставіў для часовага экспанавання Нацыянальны мастацкі музей). Аўдыенц-зала, аформленая ў блакітных тонах, плаўна пераходзіць у фельдмаршальскую залу, якая знаёміць з ваеннай біяграфіяй Фёдара Паскевіча. А ў былой курыльні сабраны падарункі музею — творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва краін Усходу. Пачатак гэтай калекцыі паклаў В.Сяліцкі, прэзентаваўшы музею ўсходнюю вазу.

У палацавай зале пасяджэнняў перад гасцямі выступілі юныя таленты Гомеля— вучань дзіцячай музычнай школы № 1 імя П.Чайкоўскага, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі Канстанцін Гулай і вучань дзіцячай школы мастацтваў № 5 Аляксей Ігнацюк. Потым адбылася размова аб праблемах і перспектывах культурнага развіцця Гомеля.

— Наша жаданне — каб у Гомелі налічвалася не менш за 10 музеяў,— упэўнена сказаў В.Сяліцкі. — І кожны год мы будзем рабіць жыхарам горада падарункі: адкрываць новыя музеі, помнікі. Трэба пастаянна нарошчваць культурны патэнцыял горада, вобласці.

У бліжэйшых планах гомельскіх улад— адкрыццё музея рэдкай кнігі ў абласной бібліятэцы імя У.Леніна (дарэчы, нядаўна Нацыянальная бібліятэка Беларусі перадала ў яе фонды каля 1000 кніг). Падзяліўся В.Сяліцкі і яшчэ адной задумай: у будынку-помніку, які пакуль займае фабрыка “Палесдрук”, стварыць музей навукі, тэхнікі і прыроды.

— Калі мы пакажам прыгажосць і багацце нашай гісторыі, нашай культуры, будзе развівацца і турызм на Гомельшчыне, — перакананы Валерый Сцяпанавіч.

Галоўная праблема, якая паўстае на гэтым шляху,— вядома ж, фінансавая. Не стае грошай на закупку унікальных экспанатаў, якія прапаноўваюць прыватныя ўладальнікі. І часта музейных работнікаў апярэджваюць “чорныя капальшчыкі”, якія апошнім часам сталі спецыялізавацца на скупцы сямейных рэліквій — старых фотаздымкаў, лістоў, узнагарод — і продажы іх замежным калекцыянерам.

— Унікальная і складаная рэстаўрацыя палаца Румянцавых-Паскевічаў была здзейснена выключна за спонсарскія грошы гомельскіх прадпрыемстваў, — кажа В.Сяліцкі. — Трэба, я лічу, спрасціць атрыманне спонсарскай дапамогі для культуры, мастацтва.

Потым удзельнікі выязнога пасяджэння былі запрошаны ў Музей ваеннай славы, дзе прадстаўлена гісторыя вайсковай справы ад даўніны да нашых дзён.


Невычарпальныя твае дзівосы, Ветка!
 

Супрацоўнікі Веткаўскага музея народнай творчасці на чале з дырэктарам Галінай Нячаевай — нястомныя збіральнікі і прапагандысты унікальных скарбаў свайго рэгіёна, створаных многімі пакаленнямі. І гэтым разам яны былі рады падзяліцца сваімі здабыткамі. Паводле слоў галоўнага захавальніка музея Святланы Лявонцевай, з забыцця вернуты больш за 160 імёнаў мясцовых майстроў, якія пісалі і аздаблялі дзівосныя Веткаўскія абразы. Сабрана унікальная калекцыя “проразей” — аркушаў з арнаментамі, якімі карысталіся іканапісцы-стараверы.

Экспазіцыі рэгулярна абнаўляюцца, таму інтарэс да музея ў мясцовых заўсёднікаў не слабее. Зараз завяршаецца рамонт у чатырох паўпадвальных памяшканнях, і адначасова ідзе фарміраванне новай экспазіцыі. “Ключамі” да яе стануць карта даўняй Веткі, намаляваная паводле ўспамінаў старажылаў, і “u1074 вакно ў мінулае” — чорна-белыя фотаздымкі ХІХ і ХХ стагоддзяў за драўлянай аканіцай.

Веткаўскі музей часта прадстаўляе свае тэматычныя выстаўкі ў абласных і раённых гарадах краіны. Пра адну з іх будзе сказана ніжэй.


На паклон
да святога Іаана
 

… Па дарозе ў Карму ўдзельнікі выязнога пасяджэння ўсклалі кветкі да помніка вёскам, зніклым у выніку Чарнобыльскай аварыі. Гомельшчына найбольш пацярпела ад радыяцыйнага забруджвання, але духоўнае жыццё ў гэтых мясцінах працягваецца. У царкву Пакрова Прасвятой Багародзіцы пакланіцца мошчам святога Іаана Кармянскага прыязджаюць паломнікі не толькі з усёй Беларусі, але і з Расіі, Украіны. Аб нялёгкім жыццёвым шляху святога падзвіжніка Іаана Гашкевіча (Кармянскага), аб яго цудах і прароцтвах распавядае настаяцель царквы ігумен Варсанофій. У 2000 годзе пры царкве быў заснаваны жаночы манастыр.


Лепшы падарунак Добрушу

Кульмінацыяй паездкі стала адкрыццё Добрушскага раённага краязнаўчага музея. Ён размешчаны ў будынку-помніку былой Ланкастэрскай школы, фундаванай княгіняй Ірынай Паскевіч, і будзе ўключаны ў турыстычны маршрут “Залатое кольца Гомельшчыны”.
— Музей павінен пашырацца і стаць духоўным і культурным цэнтрам раёна, захавальнікам усіх яго традыцый, — сказаў падчас цырымоніі адкрыцця старшыня Добрушскага райсавета дэпутатаў Міхаіл Кавуноў.
Уладзімір Здановіч ад імя дэпутацкага корпуса Нацыянальнага сходу павіншаваў жыхароў Добруша з падзеяй, значнай не толькі для райцэнтра, але і для ўсяго беларускага народа. Гэта адзін з яскравых прыкладаў дзяржаўнай падтрымкі, якая аказваецца музейнай справе.
Тут жа, на музейным ганку, адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы Нацыянальным мастацкім музеем дзвюх карцін народнага мастака СССР і Расійскай Федэрацыі Іллі Глазунова, прывезеных Уладзімірам Пракапцовым, у дар Гомельскаму палацава-паркаваму ансамблю (“Партрэт А.Грамыкі”) і Добрушскаму раённаму краязнаўчаму музею (“Партрэт А.Грамыкі з жонкай”). У новаствораным музеі размясціліся творы беларускіх графікаў з Нацыянальнага мастацкага музея і выстаўка “Міколава трава” з фондаў Веткаўскага музея народнай творчасці.
І яшчэ адзін прыемны сюрпрыз землякам падрыхтаваў Уладзімір Пракапцоў — ураджэнец Добрушчыны: выстаўку “Мая Беларусь”, на якой прадставіў карціны свае і сына Паўла, маладога мастака.
 

Музеі — дзяржаве, дзяржава — музеям 

Падвядзенне вынікаў выязнога пасяджэння адбылося ў зале Добрушскага райвыканкама. Яго ўдзельнікі абмеркавалі асноўныя задачы і перспектывы музейнай справы ў Гомельскай вобласці і ў рэспубліцы ў цэлым.

Як паведаміў У.Здановіч, на бліжэйшую пяцігодку запланавана адкрыццё 24 новых музеяў. Штогод колькасць музейных наведвальнікаў павялічваецца прыкладна на 500 чалавек.

 /i/content/pi/cult/118/397/Kultasvet4.jpg
 Аляксандр Прусаў і Наталля Аўдзеева аглядаюць шалі-экспанат.
Але ў музеяў ёсць і вострыя праблемы. Некаторыя з іх У.Здановіч пералічыў: гэта недахоп дэманстрацыйных плошчаў, нізкая зарплата спецыялістаў галіны, абмежаваны кошт на ўваходныя білеты, пытанні ліцэнзавання музейнай дзейнасці, цяжкасці, звязаныя з атрыманнем спонсарскай дапамогі. Гэтыя праблемы магчыма вырашыць толькі шляхам распрацоўкі і ўвядзення новых заканадаўчых актаў.
А.Сташкевіч выказала ўдзячнасць Нацыянальнаму сходу за прыняцце самага прагрэсіўнага ў СНД музейнага заканадаўства. Яна адзначыла, што Гомельская вобласць мае высокія паказчыкі фінансавання музеяў, клопату аб музеях. Першачарговыя задачы, якія стаяць перад музеямі краіны, — камп’ютэрызацыя і зверка фондаў.
В.Сяліцкі выказаўся за наладжванне інтэнсіўнага міжмузейнага абмену, у выніку якога жыхары гарадоў і вёсак Беларусі атрымаюць магчымасць бачыць новыя і новыя выстаўкі. Са свайго боку, У.Пракапцоў паабяцаў, што Нацыянальны мастацкі музей і надалей будзе аказваць падтрымку рэгіянальным музеям.
Каб рухаць сучасную музейную справу, ствараць цікавыя турыстычныя аб’екты, патрэбны высокакваліфікаваныя спецыялісты — ландшафтныя дызайнеры, рэстаўратары, адзначыў А.Прусаў. Убачанае і пачутае падчас выязнога пасяджэння паказвае, што культурнае будаўніцтва павінна ажыццяўляцца сумеснымі намаганнямі дзяржаўных улад і творчай інтэлігенцыі з унёскам усяго беларускага народа.

Святлана ІШЧАНКА,
Юрый ІВАНОЎ (фота),
нашы спецкарэспандэнты
Мінск — Гомель — Ветка —
Карма — Добруш — Мінск