Зоркі ўзышлі!

№ 19 (939) 08.05.2010 - 14.05.2010 г

З самай раніцы 7 мая ў Белдзяржфілармоніі было надзвычай шматлюдна. Перад гала-канцэртам лаўрэатаў Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю”, прысвечанага 65-годдзю Вялікай Перамогі, хваляваліся не толькі ўдзельнікі, але і арганізатары. Усё ж — першы выніковы гала-канцэрт першага конкурсу маладых талентаў, што праходзіў у такіх маштабах па ўсёй краіне. Адбываўся ён па ініцыятыве Кіраўніка нашай дзяржавы, Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. За некалькі гадзін да творчай справаздачы ў Вялікай зале вядучай канцэртнай установы рэспублікі карэспандэнт “К” апынуўся ў атмасферы, поўнай клопатаў і чакання свята

 

Удзельнікам фінальных мерапрыемстваў

Рэспубліканскага конкурсу маладых

талентаў "Зорка ўзышла над Беларуссю"

Дарагія сябры!

Шчыра віншую вас з паспяховым завяршэннем Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў "Зорка ўзышла над Беларуссю".

У нашай краіне вялікае значэнне надаецца выяўленню, развіццю і падтрымцы творчай моладзі. Палітыка дзяржавы накіравана на тое, каб адораныя прадстаўнікі новых пакаленняў раскрыліся як асобы, змаглі рэалізаваць свае ідэі, захавалі і прадоўжылі нацыянальныя культурныя традыцыі.

Ваш конкурс служыць пацвярджэннем гэтаму. Ён стаў адметнай з'явай у жыцці грамадства. На працягу некалькіх месяцаў навучэнцы, студэнты і маладыя дзеячы мастацтва з розных куткоў рэспублікі спаборнічалі за званне лаўрэатаў, знаходзілі сяброў і пашыралі свае творчыя гарызонты. Пад час конкурсу адкрыліся імёны зорак, якія хутка заззяюць на культурным небасхіле і папоўняць духоўную скарбонку краіны.

Няхай і надалей у Беларусі квітнеюць маладыя таленты, праслаўляюць Радзіму ў свеце, прапагандуюць дабро і прыгажосць.

Жадаю вам невычэрпнага натхнення, настойлівасці ў дасягненні вяршыняў майстэрства, поспехаў у жыцці, шчасця і дабрабыту.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА

7 мая 2010 года

 

 

   "Мы столькі рэпеціравалі, што ўжо амаль не хвалюемся", - кажуць дзяўчаты з танцавальнага калектыву "Алеся", што прыехалі з Магілёва аднымі з першых. Яны нецярпліва чакалі за сцэнай, жадаючы хутчэй на яе выйсці, каб прызвычаіцца да пляцоўкі. Да іх вясёлага шчабятання далучыліся і першыя гукі цымбалаў, якія "спрабавалі" маладыя музыканты.

Крок на сцэну - і апынаешся пад зіхатлівым небасхілам... Сцэнаграфію спецыяльна для конкурсу распрацавала мастачка Вольга Грыцаева. Яна адзначае: "Ідэя нарадзілася вельмі хутка, і тое, што атрымалася, на мой погляд, вельмі пасуе такому маладзёжнаму конкурсу". Сюрпрызы ўдзельнікаў спаборніцтва чакалі ўжо ў фае, дзе яны пабачылі фотапартрэты яшчэ з адборачных абласных тураў - на вялікіх каляровых банерах. Прынамсі, яны дазволілі прыгадаць усе крокі па "зорнай дарожцы" да фіналу. Дарэчы, узровень пераможцаў "Зоркі..." падкрэслівае і той красамоўны факт, што некаторыя з іх запрошаны ў Палац Рэспублікі ў якасці ўдзельнікаў святочнага канцэрта, прысвечанага 65-й гадавіне Перамогі ...

Відэааператары расставілі шматлікія камеры, ужо адрэпеціраваны розныя варыянты асвятлення сцэны, усе куточкі агледзелі пільным вокам арганізатары, і да фінальнага выступлення пачалі рыхтавацца маладыя выканаўцы. А незадоўга да гала-канцэрта прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам членаў аргкамітэта і журы конкурсу, якую зладзіў Рэспубліканскі прэс-цэнтр творчага спаборніцтва, што функцыянуе на базе РВУ "Культура і мастацтва". Журналісты шматлікіх электронных і друкаваных СМІ задавалі пытанні аб ходзе правядзення конкурсу, яго самых запамінальных момантах. На прэс-канферэнцыі было падкрэслена, што Конкурс маладых талентаў стаў своеасаблівым маніторынгам. Інфармацыя, атрыманая ў выніку яго, дапаможа не толькі пры планаванні будучых падобных мерапрыемстваў. Самае галоўнае, было падкрэслена на прэс-канферэнцыі, - у Рэспубліцы Беларусь існуе добра развітая сістэма падрыхтоўкі творчай моладзі, і конкурс гэта пацвердзіў яшчэ раз.

 Пасля адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагроджання лаўрэатаў. Дыпломы ўладальнікам І прэміі ўручаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. А затым - чаканы фінал на філарманічнай сцэне і, канешне ж, апладысменты патрабавальнай публікі. Яны засведчылі: зоркі маладосці і натхнення сапраўды ўзышлі над Беларуссю!

 Фота Юрыя ІВАНОВА