Дарагія суайчыннікі!

№ 19 (939) 08.05.2010 - 14.05.2010 г

Ад усёй душы віншую вас з 65-й гадавінай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Нам, сучаснікам, нават складана ўявіць радасць, захапленне і шчасце, якія прынесла першая мірная вясна. Але пасля таго, як мінулі гады, мы можам ацаніць вялізны гістарычны сэнс гэтай падзеі. Дзесяцігоддзі міру ў Еўропе, свабода і незалежнасць многіх народаў — усё гэта было аплачана крывёй нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў, мільёнаў вядомых і безыменных герояў. У жорсткіх бітвах на фронце, у партызанскіх атрадах і падполлі, у палях і на заводах наш народ аддаваў свае сілы дзеля адной мэты — выстаяць і перамагчы. За Перамогу Беларусь заплаціла страшнай цаной. І таму памяць аб мінулым — свяшчэнная. У цэнтры Мінска, у самым сэрцы нашай Радзімы, гарыць Вечны агонь, а ў сэрцы кожнага з нас ніколі не згасне ўдзячнасць жывым і паўшым воінам. І мы зноў і зноў паўтараем знаёмыя з дзяцінства словы — НІХТО НЕ ЗАБЫТЫ І НІШТО НЕ ЗАБЫТА. Паважаныя ветэраны! Вам мы абавязаны ўсім — жыццём, свабодай, шчасцем нашых дзяцей. Нізкі паклон вам! Жывіце доўга, застаючыся для нас прыкладам гонару і мужнасці. Мы, спадчыннікі пакалення пераможцаў, абяцаем быць дастойнымі таго, каб ісці з вамі ў адным страі. У гэтае светлае свята сардэчна жадаю вам, дарагія землякі, і вашым блізкім шчасця, міру, дабра! З Днём Вялікай Перамогі! Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА