Мадэль для партнёрства

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

Падзяліцца лепшым, пачуць ад замежных калег пра іх поспехі і назапашаны карысны вопыт, заўважыць ва ўласнай працы недахопы і абазначыць шляхі іх вырашэння — такія магчымасці дала Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Праблемы аптымізацыі навуковаметадычнай дзейнасці ў кантэксце сучасных сацыякультурных працэсаў” у Магілёве. Яна аб’яднала ў сценах абласнога метадцэнтра 21 — 22 красавіка работнікаў культуры з усёй Беларусі, а таксама іх калег з Расіі і Украіны.

 

/i/content/pi/cult/260/3963/12-1.jpgКалектары ініцыятыў

Як нараджалася ідэя канферэнцыі? Мінулагодні Рэспубліканскі конкурс абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы стаў падмуркам для параўнання даробку ўстаноў такога тыпу і "кропкай адліку", з якой павінна пачацца ўдасканаленне іх працы. Міністэрства культуры вырашыла аб'яднаць прадстаўнікоў галіны з усёй краіны ў найлепшым метадычным цэнтры (як засведчыў агляд-конкурс, - у Магілёўскім) для канструктыўнага дыялога, абмеркавання далейшых змен. На пачатку пленарнага пасяджэння 21 красавіка намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэвуш Стружэцкі акрэсліў канцэптуальныя кірункі дзейнасці метадцэнтраў на будучыню, і цягам двух дзён дакладчыкі іх дэталізавалі. "Метадычныя цэнтры - базавыя, прыярытэтныя ўстановы, іх трэба максімальна падтрымліваць, - падкрэсліў Тадэвуш Стружэцкі. - Цэнтры на ўзроўні абласцей і раёнаў фарміруюць мясцовую культурную палітыку, якая з'яўляецца складнікам рэспубліканскай палітыкі, і ствараюць разам агульнанацыянальную культуру. Таму ў кожнай вобласці неабходна мець хаця б па некалькі эталонных устаноў, да ўзроўню якіх будуць падцягвацца іншыя. Яны стануць прыкладамі для астатніх дзякуючы стварэнню максімальнай вонкавай і ўнутранай камфортнасці для наведвальнікаў мерапрыемстваў. Гэта першая прыступка, а пасля можна задумацца пра інфармацыйныя тэхналогіі і мультымедыйнасць у іх працы. Такая ўстанова павінна стаць калектарам грамадскіх ініцыятыў. Наведвальнік змяняецца, ён хоча быць не проста гледачом, а актыўным удзельнікам свята, жадае прапанаваць свой інтэлект, і нам трэба раскрываць яго. У Цэнтра могуць быць партнёры ў сферы адукацыі, спорту, турызму, рэлігіі. Таксама важна развіваць міжрэгіянальнае партнёрства, абмен досведам у краіне і за яе межамі". Намеснік міністра звярнуў увагу на фінансавы аспект вынікаў працы работнікаў культуры. Па яго словах, была б выдатнай таксама больш уважлівая падтрымка метадцэнтраў з боку ўпраўленняў культуры. Нельга забывацца і на лепшае захаванне нематэрыяльнай спадчыны.

/i/content/pi/cult/260/3963/12-2.jpg Не сістэма, але - узор!

 Які стан метадычнай працы ў суседзяў? У Белгародскай вобласці Расіі эталонныя, узорныя ўстановы пачалі існаваць з 2006 года. Мадэльныя ўстановы культуры клубнага тыпу з'явіліся пасля мадэльных бібліятэк, сетку якіх стварылі ў некаторых рэгіёнах па ініцыятыве Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі. Ганна Калашнікава з'яўляецца намеснікам дырэктара Белгародскага цэнтра народнай творчасці, што распрацоўваў рэкамендацыі па стварэнні новых дамоў культуры. Яна распавяла пра тое, як просты клуб стаў установай, куды штодня прыходзіць вялікая колькасць людзей і праводзіць там шмат часу: - Такія цэнтры было вырашана ствараць на базе ўстаноў, матэрыяльная база якіх - найлепшая, і ў населеных пунктах, дзе ёсць як мінімум сярэдняя школа. Вялікую ролю адыграла сацыяльнае партнёрства: сумесная праца аддзелаў культуры, адукацыі, аховы здароўя, па справах моладзі, фізкультуры і спорту, а таксама Саветаў ветэранаў. Упраўленне культуры вобласці прадаставіла абсталяванне, музычныя інструменты, усю неабходную тэхніку. У цэнтрах месцяцца танцавальныя залы, у якіх праводзяцца заняткі і ладзяцца дыскатэкі, балі, карпаратыўныя мерапрыемствы, ёсць трэнажорныя і спартыўныя залы. Працуе камп'ютэрны клуб, ёсць нават атракцыёны. У адным Доме культуры Грайваронскага раёна Белгародчыны больш за 50 відаў платных паслуг! Як паказваюць статыстыка і апытанні, людзі задаволены такімі ўстановамі і прыходзяць сюды значна часцей, чым у традыцыйныя. Растоўскі абласны дом народнай творчасці таксама можа паказаць сваю мадэль: гэта першая аўтаномная ўстанова культуры, мэты якой - тыя ж, што і ў звычайных "бюджэтных", але працуе яна незалежна ад усёй сістэмы. Цягам года Дом творчасці выконвае некалькі задач, часам гэта - буйныя дзяржаўныя заказы. Дырэктар распараджаецца сродкамі і стымулюе пасля лепшых работнікаў. - Ідзе падрабязны разлік працаёмкасці затрат на кожную форму мерапрыемства, - адзначае намеснік дырэктара Растоўскага АДНТ Яна Піляўская. - Усё пралічваем загадзя. І заробак супрацоўнікаў - не фіксаваны. Яны адчуваюць: ад іх шмат што залежыць, - і імкнуцца працаваць лепш. Розніца- заўважная, калі параўноваць заробкі калег з іншых дзяржаўных устаноў. Пакуль што такая аўтаномная ўстанова - адна, але да яе прыкладу будуць паступова далучацца іншыя, сцвярджае намеснік дырэктара - загадчык аддзела рэгіянальнага і міжнацыянальнага супрацоўніцтва Расійскага дзяржаўнага дома народнай творчасці Людміла Дукачова. Яна ўжо трэці раз прыязджае на Магілёўшчыну, а з абласным метадцэнтрам і яго дырэктарам Алегам Хмяльковым даўно наладзіла плённае супрацоўніцтва і абмены досведам.

Без Цэнтра - нікуды

 Тэарэтычная і практычная дапамога работнікаў беларускіх метадцэнтраў вельмі патрэбная адпаведным установам на Украіне. Да такой высновы прыйшла сакратар Савета дырэктараў цэнтраў народнай творчасці Украіны Надзея Давыдава: "Нашы ўстановы культуры амаль не фінансуюцца з бюджэту, і мы вельмі ўражаны падтрымкай з боку дзяржавы, якую маюць нашы беларускія калегі. Бачна, што тут дзейнічае сапраўдная сістэма, ідзе пастаянная каардынацыя буйнымі і моцнымі ўстановамі слабейшых. Вельмі хацелася б, каб мы мелі на Беларусі кантакты не толькі з абласнымі, але і з рэспубліканскім цэнтрам". Нягледзячы на тое, што Магілёўшчына гатова праводзіць падобныя канферэнцыі ў сябе штогод, без агульнага цэнтра не абысціся. У гэтым меркаванні сышліся усе ўдзельнікі мерапрыемства. Дацэнт кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ Іван Крук выказаў шэраг прапаноў, якія ўзніклі ў яго пад час мінулагодняга агляду метадычных цэнтраў. Па-першае, аднавіць дзейнасць установы кшталту колішняга Інстытута праблем культуры, якая займалася б каардынацыяй навукова-метадычнай дзейнасці ў рэспубліцы на сучасным этапе. Па-другое, больш чым надзённае пытанне - адпаведнае кадравае забеспячэнне ўстаноў спецыялістамі з вышэйшай адукацыяй. Па-трэцяе, на думку навукоўца, неабходна паглыбіць супрацоўніцтва Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі для правядзення міжнародных навукова-практычных канферэнцый у галіне фальклору. * * * На наступны дзень работнікі культуры і вучоныя абмеркавалі ў час працы секцый наступныя тэмы: работа існуючых клубных устаноў новага тыпу і іх мадэрнізацыя, роля ўзаемадзеяння абласнога і раённых метадычных цэнтраў у развіцці аматарскай творчасці і захаванні традыцыйнай культуры, культурна-пазнаваўчы турызм. Таксама ўдзельнікаў мерапрыемства цікавілі праблемы даследавання і фіксацыі аб'ектаў нематэрыяльнай спадчыны, метадычная адукацыя маладых кадраў з улікам сучасных патрабаванняў і тэндэнцый развіцця гэтай галіны, рэгіянальная культурная палітыка. У час працы канферэнцыі госці наведалі Музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, што месціцца ў Бялынічах. Тут сваю выстаўку прадставіў удзельнікам форуму знакаміты мастак, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Віктар Альшэўскі.

Мінск - Магілёў - Бялынічы - Мінск

Фота аўтара