Без ПК—ЦБС... А як жа прагрэс?

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

Як аксіёма ўспрымаецца тое, што аграгарадок — гэта не толькі адрамантаваныя і дагледжаныя аб’екты сацыяльнай сферы, у тым ліку — дамы культуры і бібліятэкі, але і вялікая колькасць разнастайных паслуг, якія, згодна з сацыяльнымі стандартамі, павінны аказваць гэтыя ўстановы мясцовым жыхарам. На жаль, бывае тое не заўсёды і не ўсюды. У Клецкім раёне Мінскай вобласці, куды гэтым разам выправіўся ў камандзіроўку, мясцовы аддзел культуры толькі падступаецца да выкарыстання ўсіх наяўных тэхнічных сродкаў у сферы абслугоўвання спажыўцоў культуры. Асабліва гэта датычыцца бібліятэчных устаноў раёна. Напрыклад, да 1 красавіка камп’ютэрная тэхніка ў сельскіх бібліятэках выкарыстоўвалася толькі… для ўнутранага карыстання. Ды і цяпер, праз месяц, з укараненнем новых відаў платных паслуг у Клецкай ЦБС, далёка не ўсё выглядае аптымістычна і бесклапотна. Магчыма, некаторыя праблемныя моманты, закранутыя ў артыкуле, падаў і надта завострана, але менавіта няўхільнае вырашэнне ўзнятых пытанняў, як падалося, станоўча паўплывае на больш сістэмнае і выніковае развіццё сельскай культуры ў Клецкім раёне.

 

/i/content/pi/cult/260/3962/10-1.jpgДынамікі са "стажам"

 Клецкі раён вылучаецца сярод усіх іншых рэгіёнаў Беларусі, якія даводзілася наведваць, вялікай колькасцю аграгарадкоў: іх цяпер на Клеччыне 13, і за гэты год плануецца здаць яшчэ пяць. Наведаў за час камандзіроўкі два паселішчы такога тыпу. Спярша накіраваўся ў аграгарадок мінулага года - "Зубкі". Вялікі будынак мясцовага СДК - сапраўдная шматпрофільная ўстанова. Мяркуйце самі: акрамя Дома культуры тут месцяцца бібліятэка, школа мастацкіх рамёстваў, спартыўная зала і фельчарска-акушэрскі пункт. - Зарабляем мы як канцэртамі, так і дыскатэкамі, - распавёў пра дзейнасць установы дырэктар Ілля Бацвінка. - За мінулы год платных паслуг аказалі на 5 мільёнаў рублёў... У СДК - 9 гурткоў, у якіх агулам займаюцца 53 чалавекі. На мой погляд, можна было б і павялічыць колькасць удзельнікаў клубнага жыцця, тым больш, што абслугоўвае ўстанова культуры пад тысячу жыхароў аграгарадка, а таксама суседнюю вёску Палаўковічы. Але... Нам тут цеснавата: шмат кабінетаў забралі Школа мастацкіх рамёстваў і бібліятэка, - кажа Ілля Міхайлавіч. Яшчэ адна праблема ўстановы, па словах Іллі Бацвінкі, звязана з апаратурай: напрыклад, з дынамікамі 10-гадовай даўніны ды іншым абсталяваннем са "стажам". Да таго ж, тут усяго адзін камплект апаратуры. Старыя крэслы ў глядзельнай зале ўстанову таксама не ўпрыгожваюць. Як патлумачыла начальнік аддзела культуры Клецкага райвыканкама Святлана Чалык, пры змене статуса аграгарадоцкі СДК не атрымаў ні новай мэблі, ні новай апаратуры: грошы былі выдаткаваны толькі на рамонт будынка. Няма ў СДК і свайго камп'ютэра. Дырэктар прыносіць асабісты ноўтбук, каб праводзіць з яго дапамогай дыскатэчныя мерапрыемствы.

 Замест чытальнай залы

- Тая ж "камп'ютэрная" праблема - і ў Зубкаўскай сельскай бібліятэкі, - кажа яе загадчык Алена Дылецкая. - У нас заўсёды пытаюць чытачы, чаму няма камп'ютэра... Фонд для аграгарадоцкай бібліятэкі тут не надта вялікі: усяго чатыры тысячы адзінак. Установа зарабляе грошы дзякуючы ўсяго двум відам платных паслуг: выдачы кніг з камерцыйнага фонду (170 рублёў за суткі) і выдачы энцыклапедычнай і даведачнай літаратуры (400 рублёў). Летась Алена Дылецкая зарабіла такім чынам 276 тысяч рублёў. Натуральна, з наяўнасцю камп'ютэра гэтая сума павялічылася б у разы. Яшчэ адна праблема, якая непакоіць бібліятэкара: ва ўстанове культуры фактычна няма чытальнай залы, - стаяць усяго два сталы. Таму пасяджэнні двух аматарскіх аб'яднанняў, што існуюць пры бібліятэцы, Алена Міхайлаўна праводзіць у фае СДК - там, дзе ладзяцца дыскатэчныя мерапрыемствы. Як патлумачыла дырэктар Клецкай ЦБС Людміла Цімавец, паступова пытанне з уладкаваннем чытальнай залы будзе вырашана. Па словах Людмілы Уладзіміраўны, установа толькі нядаўна распачала работу пасля рамонту, таму ў бліжэйшы час плануецца завезці сюды новую мэблю, а таксама пашырыць краязнаўчы куток, што створаны пры бібліятэцы.

Ад музея пакуль адмовіліся...

 Наведаў і аграгарадок "Морач", пра які наша газета пісала летась з сумнай нагоды: мінулым летам згарэў адзін з двух будынкаў мясцовага Цэнтра рамёстваў. Цяпер супрацоўнікі гэтай установы працуюць у адным будынку: тут не так даўно скончыўся рамонт першага паверха. На другім, дзе плануецца адкрыць выставачную залу, работы яшчэ і не пачыналіся: няма грошай. Ды і выстаўляць пакуль няма чаго: за паўгода працы пасля пажару створана не так шмат вырабаў. - Канешне, пажар нам нарабіў шкоды, - распавёў дырэктар Морацкага цэнтра рамёстваў Анатоль Крыцкі. - Усё, што мы стваралі цягам доўгага часу (а адкрыўся наш Цэнтр рамёстваў у 1999 годзе), знішчыў агонь... Менавіта з гэтай прычыны супрацоўнікі цяпер ізноў збіраюць прадметы побыту па навакольных вёсках, вырабляюць творы, у асноўным, не на продаж, а для ўмацавання сваёй матэрыяльнай базы. Як распавёў Анатоль Міхайлавіч, раней планавалася, што ў адным будынку Цэнтра будзе музей этнаграфіі, а ў другім- майстэрні па розных галінах народных рамёстваў. Аднак ад музейнай установы давялося пакуль што адмовіцца... На платных паслугах установа летась зарабіла амаль 6 мільёнаў рублёў. Прычым салона-крамы ў Цэнтры рамёстваў няма. Рэалізуюцца творы па даволі складанай схеме: праз чэкі, на якіх ставяць пячатку, і рэгіструюць пасля гэтыя дакументы ў падатковай інспекцыі.

Апаратура: віра - майна

 Дырэктар Морацкага СДК Уладзімір Снарскі распавёў мне пра тыя ж праблемы, што і дырэктар СДК у Зубках: старая апаратура, якую даводзіцца пераносіць з дыскатэкі на канцэрт і назад. Дынамікі тут яшчэ больш старыя, чым у Зубках: ім пад дваццаць гадоў. Няма камп'ютэра з Інтэрнетам, адсутнічаюць аконныя шклопакеты і новыя крэслы ў глядзельнай зале... Нягледзячы на тое, што ў Морачы ёсць школа на 150 вучняў, дыскатэкі не карыстаюцца вялікім попытам: на іх прыходзіць 40 - 45 чалавек. Таму ўстанова культуры выходзіць на выкананне плана платных паслуг за кошт канцэртнай дзейнасці: наладжвае стасункі з суседнімі Ганцавіцкім і Нясвіжскім раёнамі. Шмат дадаюць у скарбонку платных паслуг і вечары, прымеркаваныя да пэўных святаў. Таму і паказчыкі за мінулы год у Морацкім СДК даволі высокія: зароблена 10 мільёнаў рублёў. Дык чаму такая праблема з абсталяваннем ва ўстанове, якая зарабляе неблагія грошы? Паабяцаў дырэктару СДК абмеркаваць гэтае пытанне на лятучцы ў Клецкім райвыканкаме.

 Бібліятэка з мінімумам паслуг

 Як кажа загадчык Морацкай бібліятэкі-філіяла Ніна Рамашка, установа абслугоўвае 1184 чалавекі - менавіта столькі жыхароў пражывае ў Морачы. Бібліятэчны фонд - прадстаўнічы: больш за сем з паловай тысяч экземпляраў адзінак. Пры бібліятэцы працуе Літаратурна-музычны клуб "Імяніннік", куды ўваходзяць 12 чалавек. Усё, падаецца, няблага. Але і тут натрапіў на праблемы. Камерцыйнага фонду, напрыклад, ва ўстанове не ўбачыў: ён быў на руках. Ды і невялікі ён, кажа бібліятэкар: усяго 12 кніжак. Раз на месяц Ніна Рамашка ездзіць у Клецк па новыя выданні. Па іх адразу выстройваецца чарга ахвотных. Ёсць у Ніны Іванаўны і "мара з мар" бібліятэкараў Клецкага раёна: камп'ютэр са сканерам, прынтэрам, ксераксам. Але гэтыя прыстасаванні, якія ўстанова займела яшчэ ў 2007 годзе, бібліятэкарка скарыстоўвала да нядаўняга часу адно для ўнутраных патрэб: афармлення стэндаў, выставак... Толькі з 1 красавіка ва ўстанове з'явілася трэцяя платная паслуга (дзве іншыя - выдача энцыклапедый і кніг з камерцыйнага фонду): прадастаўленне камп'ютэра для самастойнай работы з базамі даных бібліятэкі. Каштуе яна 3300 рублёў за гадзіну. Летась на платных паслугах установа зарабіла прыкладна 330 тысяч рублёў. Сапраўды, дзіўная карціна! І што гэта: недапрацоўка кіраўніцтва ЦБС або мясцовага аддзела культуры? Кажу так, бо ўпэўнены: калі пра гэтую "камп'ютэрную абыякавасць" пачытаюць у Віцебскай або Магілёўскай ды і ў іншых абласцях краіны, дык хіба толькі здзіўлена паціснуць плячыма. Амаль ва ўсіх ЦБС Беларусі, дзе давялося пабываць, у бібліятэкараў тэхніка не прастойвае, а даўно працуе на выкананне (і перавыкананне) плана пазабюджэтнай дзейнасці...

 Райвыканкамаўская "лятучка" прайшла пры ўдзеле намесніка старшыні Клецкага раённага выканаўчага камітэта Мікалая МАЧУЛЯ, начальніка аддзела культуры Святланы ЧАЛЫК, дырэктара Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Людмілы ЦІМАВЕЦ і дырэктара Клецкага раённага цэнтра культуры Галіны КРУК. Пры падрыхтоўцы матэрыялу аўтар дапоўніў тэкст "лятучкі" ўласнымі каментарыямі.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Напэўна, сёлета адна з галоўных задач для аддзела культуры - надаць новы статус установам культуры ў пяці новых аграгарадках...

Мікалай МАЧУЛЬ: - І цяпер мы чакаем грошы з інвестфонду. Але ўжо распачалі рамонтныя работы ў Сякерыцкім СДК. Дарэчы, так рабілі і летась, у Зубках: знайшлі падрадчыка, які працаваў прыкладна тры месяцы бясплатна. Затое паспелі завяршыць аграгарадок да канца года.

Святлана ЧАЛЫК: - Калі шчыра, дык на душы не вельмі спакойна. Прыйшла вясна, самы час прыступаць да рамонтных работ, а грошай пакуль няма. Спадзяюся, сродкі з інвестфонду прыйдуць своечасова, і мы абсталюем сёлетнія аграгарадкі не горш, чым у папярэднія гады.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Адразу перайду да канкрэтных пытанняў, якія з'явіліся ў мяне пасля паездкі па аграгарадках раёна. Калі плануеце завяршыць рамонт у будынку Морацкага цэнтра рамёстваў? І ці будзе ва ўстановы яшчэ адзін будынак - замест таго, што згарэў?

Мікалай МАЧУЛЬ: - Абавязкова адрамантуем другі паверх Морацкага цэнтра культуры бліжэйшым часам. Таксама ёсць задума на месцы, дзе быў некалі будынак Морацкага СЦР, паставіць іншы. Мясцовая гаспадарка сёлета купіць для гэтага дом. І яшчэ адна неадкладная задача: адкрыццё на базе Морацкага СЦР або ў райцэнтры салона-крамы.

Святлана ЧАЛЫК: - Толькі такім чынам СЦР выйдзе на самаакупнасць.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Навучэнцы Дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў, што месціцца ў Зубкаўскім СДК, скардзяцца на тое, што ў кабінетах зацесна. Як збіраецеся выпраўляць сітуацыю?

Мікалай МАЧУЛЬ: - Фельчарска-акушэрскі пункт, які размешчаны ў тым будынку, перавядзём сёлета ў іншы, а ў вызваленых памяшканнях размесцім школу рамёстваў. Спадзяюся, тады ўсім хопіць месца: і Дому культуры, і навучэнцам ДШМР.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - І ў Зубках, і ў Морачы - старая гукаўзмацняльная апаратура. Да таго ж, як даведаўся, у некаторых СДК ёсць у наяўнасці толькі адзін камплект апаратуры. І гэта прытым, што заязджалі мы не ў шараговыя вёскі, а ў аграгарадкі, якія зазвычай аснашчаюцца лепш за сельскія клубы. Ёсць пытанні па ўсталяванні новай мэблі, шклопакетаў...

 Мікалай МАЧУЛЬ: - Справа ў тым, што раён датацыйны больш чым на 50 працэнтаў. Прыкладна тры мільярды рублёў мы выдаткоўваем штогод на аддзел культуры. Але сродкі, у асноўным, ідуць на заробак, аплату камунальных паслуг. І, канешне ж, гэтага фінансавання не дастаткова. Таму тэхніку даводзіцца закупляць толькі з пазабюджэтных грошай.

Святлана ЧАЛЫК: - І мы іх і зарабляем. Летась атрымалі ад паслуг 236 мільёнаў рублёў - гэта 119,7 працэнта ў супастаўных цэнах. Сёлетні план - 294 мільёны.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - А што канкрэтна запланавана набыць для ўстаноў культуры раёна сёлета? Святлана ЧАЛЫК: - Ужо закупілі светлавую дыскатэчную апаратуру для Заастравецкага СДК. Ёсць патрэба і ў гукаўзмацняльнай, бо і там існуе падобная праблема: клубнікі выкарыстоўваюць адно і тое ж абсталяванне для танцавальных мерапрыемстваў і для канцэртаў. А канцэртнае павінна быць лепшае, чым дыскатэчнае. Закупім камплект апаратуры і ў СДК аграгарадка "Морач".

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Не стае камп'ютэраў у СДК...

Галіна КРУК: - Калі казаць пра сельскія дамы культуры, дык у нас толькі ў двух ёсць камп'ютэры... Святлана ЧАЛЫК: - Хочацца, натуральна, каб у кожнай установе культуры быў камп'ютэр. І каб не толькі нашы работнікі за імі працавалі, а і наведвальнікі. Абавязкова набудзем камп'ютэры ў Заастравецкі і Морацкі СДК. Я гэта тамтэйшым супрацоўнікам абяцала, бо яны на паслугах шмат зарабляюць: па 10 - 12 мільёнаў у год.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Калі шмат зарабляюць, чаму раней не купілі? У некаторых бібліятэках таксама няма камп'ютэраў...

 Людміла ЦІМАВЕЦ: - У нас крыху лепшая сітуацыя, чым у СДК. Ёсць 17 камп'ютэраў па ЦБС, з іх 8 - у аграгарадках і адзін - у сельскай бібліятэцы-клубе.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Але аграгарадкоў у вас ужо 13, і сёлета будзе яшчэ пяць. А, паводле Палажэння, у бібліятэках аграгарадкоў павінен быць камп'ютэр...

Святлана ЧАЛЫК: - Паступова вырашым гэтую праблему. Нядаўна закупілі камп'ютэр са шматфункцыянальным абсталяваннем (сканер, прынтэр, ксеракс) у Карацкую бібліятэку-клуб.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Здзівіў і такі факт. Ёсць камп'ютэр, і, наколькі я ведаю, як у ЦРБ, так і ў чатырох сельскіх бібліятэках ёсць патрэбнае начынне. Значыць, ёсць магчымасць набіраць тэкст на камп'ютэры, захоўваць на электронных носьбітах інфармацыю, раздрукоўваць, сканіраваць, ксеракапіраваць тэкст. А такіх платных паслуг няма ні ў адной бібліятэцы раёна...

 Людміла ЦІМАВЕЦ: - Але гэтым абсталяваннем актыўна карыстаюцца самі бібліятэкары...

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - А чаму не чытачы? Вы ж працуеце для іх...

 Мікалай МАЧУЛЬ: - Паціху будзем падыходзіць і да гэтага.

Святлана ЧАЛЫК: - Але хачу заўважыць, што свой план бібліятэчная сістэма выконвае.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Можна ж зарабляць і болей. Тым больш, калі ўсе грошы застаюцца ў аддзеле культуры і ідуць на ўмацаванне матэрыяльнай базы. Мо тады і спраўдзілася б мара аб тым, каб паставіць камп'ютэры ў кожную ўстанову раёна...

 Мікалай МАЧУЛЬ: - Безумоўна, трэба ўводзіць новыя віды платных паслуг. Але падыходзіць да гэтага трэба асцярожна. А то аб'явім платны канцэрт, артысты прыедуць - а зала будзе пустая.

Людміла ЦІМАВЕЦ: - На сяле нядаўна ўвялі новую паслугу: самастойная праца на камп'ютэры з базамі даных бібліятэкі. І яшчэ дзве - у цэнтральнай бібліятэцы. А ўвогуле ў нас па ЦБС - 10 відаў платных паслуг.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - А чаму не ўвялі гэтыя паслугі раней? У Морацкай бібліятэцы з 2007 года ёсць камп'ютэр. А 10 паслуг - падаецца, замала. Кажу гэта, бо ў іншых ЦБС, якія давялося наведаць, бывае да трыццаці відаў платных паслуг. Чаму паслугі "сканіраванне тэксту" няма нават у цэнтральнай бібліятэцы горада, не кажучы ўжо пра сельскія ўстановы?

 Людміла ЦІМАВЕЦ: - План мы выканалі ў мінулым годзе, зарабілі 24 мільёны. Лічу, што гэта нямала... Іншыя ЦБС зарабляюць менш, чым наша.

Невялікая рэмарка. З інфармацыі, якую мне прадаставіла Людміла Цімавец ужо пасля "лятучкі", з гэтых 24 мільёнаў рублёў 12 Клецкая ЦБС зарабіла дзякуючы... правядзенню танцавальных вечароў у бібліятэках-клубах. Такіх устаноў новага тыпу ў раёне 17. Атрымліваецца, што менавіта "клубная" частка працы бібліятэк-клубаў прыўносіць у план платных паслуг ЦБС палову грошай... Не скажу, што гэта дрэнна, але названы факт сведчыць, што бібліятэкі працуюць не на поўную моц... План платных паслуг высокі, мабыць, толькі для Клеччыны. А, напрыклад, Светлагорская ЦБС на платных паслугах зарабіла летась прыкладна 50 мільёнаў рублёў - дзякуючы найноўшым камп'ютэрным тэхналогіям.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Нявыкарыстаных, як мне падаецца, магчымасцей - процьма. Езджу па рэгіёнах і ведаю, што ў іншых ЦБС краіны камп'ютэрныя паслугі выкарыстоўваюцца вельмі даўно і запатрабаваны насельніцтвам...

Людміла ЦІМАВЕЦ: - На такую паслугу, як пошук інфармацыі ў Інтэрнеце, патрэбна ліцэнзія, а мы яе не можам атрымаць.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Як гэта? У іншых раёнах Беларусі ЦБС даўно практыкуюць падобныя платныя паслугі. А ў вашым раёне "не могуць" гэтага зрабіць?..

Людміла ЦІМАВЕЦ: - Пакуль не можам. Гэта вельмі цяжка, і я ўжо доўга не магу вырашыць гэтае пытанне.

А вось галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ганна Гамеза лічыць, што набыць ліцэнзію - абсалютна не праблема. Ліцэнзія, па словах Ганны Антонаўны, каштуе ўсяго пяць базавых велічынь і выдаецца тэрмінам на пяць гадоў. Таму, як лічыць Ганна Гамеза, гэта цалкам пад'ёмная сума для юрыдычнай асобы - аддзела культуры райвыканкама, тым больш, што ліцэнзія выдаецца не на адну цэнтральную бібліятэку, а на ўсю ЦБС раёна. Па словах галоўнага спецыяліста Міністэрства культуры, спасылкі раённага кіраўніцтва на "цяжкасць" і "немагчымасць" атрымання дадзенай ліцэнзіі - гэта проста "нераспарадчасць і нежаданне хоць што-небудзь зрабіць". Дадам ад сябе, што ўпершыню пачуў пра "ліцэнзійную праблему" менавіта на Клеччыне. Ва ўсіх іншых раёнах Беларусі, дзе давялося пабываць, пра гэтае пытанне ніхто ніколі нават не згадваў, а камп'ютэрныя паслугі ў бібліятэках успрымаюцца сёння як дадзенасць.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - А набор на камп'ютэры, сканіраванне тэксту?.. Падаецца, на гэта ліцэнзія не патрэбна.

Людміла ЦІМАВЕЦ: - У цэнтральнай бібліятэцы ў нас гэтыя паслугі ёсць.

Зноў пракаменцірую словы дырэктара бібліятэчнай сістэмы. У Клецкай ЦБС у 2010 годзе прадугледжаны 10 відаў платных паслуг, тры з іх уведзены з 1 красавіка бягучага года. Такіх паслуг, як набор тэксту на камп'ютэры або сканіраванне, у цэнтральнай бібліятэцы няма.

Людміла ЦІМАВЕЦ: - У раёне мы спрабавалі ўвесці гэтыя паслугі, але яны не запатрабаваны...

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Як гэта: не запатрабаваны? І чытачы, і самі бібліятэкары казалі пра вялікі попыт на іх!

Дадам яшчэ колькі слоў са свайго досведу. Напрыклад, у той жа Светлагорскай ЦБС Гомельскай вобласці летась ужо была 31 платная паслуга; ва Ушацкай ЦБС Віцебскай вобласці, адкуль вярнуўся не так даўно, - 29. Наўскідку пералічу некалькі з тых, якія прыносяць неблагі прыбытак у іншых ЦБС: пошук інфармацыі ў Інтэрнеце па заказанай тэматыцы, сканіраванне і рэдагаванне тэкстаў, пераплётныя работы, выраб буклетаў, брашур, лістовак (у чорна-белым і каляровым варыянтах), платныя медыяўрокі для школьнікаў, запіс інфармацыі на электронныя носьбіты, выдача кампакт-дыскаў на дом, камп'ютэрныя гульні.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Магчымасці для аказання новых відаў паслуг - ёсць. І ўсе бібліятэкары, як мне казалі, валодаюць камп'ютэрам на належным узроўні...

 Галіна КРУК: - Мы пастаянна ладзім семінары, як для бібліятэкараў, так і для клубных работнікаў, у тым ліку - і камп'ютэрнай граматнасці.

Святлана ЧАЛЫК: - Але, натуральна, паступова будзем уводзіць новыя віды паслуг. Гэта наш рэзерв на будучыню.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Калі казаць пра рэзервы, дык, як падаецца, належным чынам таксама не выкарыстоўваюцца цэнтры прававой інфармацыі. Напрыклад, у Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці, дзе давялося пабываць у камандзіроўцы, паслугі такіх цэнтраў - бясплатныя, а вось калі трэба раздрукаваць нейкі дакумент з прававой базы або запісаць яго на электронны носьбіт, дык за гэта бібліятэка бярэ з наведвальніка грошы. А на Клеччыне такога няма...

 Людміла ЦІМАВЕЦ: - У нас ёсць падобная паслуга ў горадзе. Але нават у Клецку яна не вельмі запатрабавана. Таму ў нашых двух ЦПІ - у Янавічах і ў Заастравеччы - гэтыя паслугі бясплатныя. Зноў звярнуся да думкі галоўнага спецыяліста ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ганны Гамеза. Яна таксама лічыць, што хоць цэнтры прававой інфармацыі павінны аказваць паслугі па пошуку неабходных дакументаў бясплатна, але могуць зарабляць на раздрукоўцы тэксту, ксеракопіі матэрыялаў, запісе інфармацыі на электронны носьбіт і гэтак далей.

Мікалай МАЧУЛЬ: - Хоць мы павінны выходзіць на максімальныя паказчыкі па выкананні плана платных паслуг, але да гэтага трэба падыходзіць дыферэнцыравана: дзе трэба ўзяць грошы - там мы іх возьмем. Вось у нас вечары для юбіляраў - бясплатныя, а ў суседнім раёне за вясельны абрад бяруць на ўваходзе паўтары тысячы. Правільна гэта ці не? Ці мы можам таксама віншаваць юбіляраў і браць з іх грошы?

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Бываў шмат у якіх раёнах Беларусі. Па-рознаму ставяцца да падобных пытанняў: дзесьці зарабляюць, а дзесьці - не. Але чаму ў краме мы плацім за тавар, а за паслугі культуры - не? Так, платныя юбілейныя вечары, напрыклад, робяць у Рагачове. На Віцебшчыне таксама гэта шмат дзе ўжо ўспрымаецца як дадзенасць, бо план там павысілі: 200 працэнтаў да ўзроўню мінулага года...

 Мікалай МАЧУЛЬ: - Ёсць пытанні эканомікі, а ёсць пытанні ідэалогіі, і мы не павінны скідваць іх з рахунку... Але гэта не азначае, што я - супраць увядзення новых відаў платных паслуг. Павінны быць новыя віды паслуг і ў бібліятэках, нават калі адзін чалавек той магчымасцю скарыстаецца.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Яшчэ адно важная праблема: камерцыйны фонд у сельскіх бібліятэках. Яго практычна няма: 10 - 12 кніг прывозіць з райцэнтра сам бібліятэкар...

Людміла ЦІМАВЕЦ: - У нас ніводная бібліятэка раёна не мае свайго камерцыйнага фонду. Ён ёсць толькі ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы і складае дзве тысячы экземпляраў. Але летась закупілі толькі 183 кніжкі.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Чаму так мала? Камерцыйны фонд, як я зразумеў,- адна з асноўных крыніц даходу ў ЦБС. Да таго ж, ён карыстаецца вялікім попытам. Чаму ж яго не стае?

Людміла ЦІМАВЕЦ: - Абнаўляць яго мы можам толькі за кошт тых пазабюджэтных грошай, якія зарабілі менавіта ад гэтай паслугі. Сума не надта вялікая: летась на выдачы кніг з камерцыйнага фонду бібліятэкі атрымалі каля васьмі мільёнаў рублёў. Але і тут сітуацыя паціху выпраўляецца. За тры месяцы бягучага года ўжо закупілі 155 кніг на тры з паловай мільёны рублёў.

  Мінск - Клецкі раён- Мінск Фота аўтара

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"