Мода як шлях да гармоніі

№ 23 (789) 09.06.2007 - 16.06.2007 г

Ёсць культурныя падзеі, якія сталі своеасаблівымі візітоўкамі тых мясцін, дзе яны праходзяць. У Верхнядзвінску ідэю такой імпрэзы падказала сама геаграфія — праз мястэчка працякае рака, што лучыць тры народы. У мінулыя выхадныя рэгіянальны дзіцячы фестываль “Двина — Дзвіна — Daugava” прайшоў там ужо дзевяты раз, займеўшы сёлета новы для сябе фармат. Галоўнай яго падзеяй стаў конкурс тэатраў моды “Ззянне”, удзел у якім узялі калектывы з чатырох краін, — прычым не толькі з Прыдзвіння. “Мы вельмі рады, што наша рака сяброўства гэтак разліваецца”, — пасміхнулася начальнік аддзела культуры Верхнядзвінскага райвыканкама Надзея Масквічова.

Подыум у зале раённага ДК

выглядаў цалкам арганічна. Ад самай раніцы, яшчэ задоўга да таго, як залу пачалі запаўняць (і неўзабаве запоўнілі да краёў) апранутыя “па-выхаднаму” гледачы, там віравалі рэпетыцыі. “Прэлюдыя” фэсту распачалася на плошчы, дзе ў яснае дрысенскае неба ўзняліся рознакаляровыя шарыкі і сплылі ў далячынь, знесеныя ветрам.
Гледачы аддалі свае час ды крэўныя за квіткі ў спадзеве на новыя ўражанні. І тыя не прымусілі сябе чакаць. Заслона ўздымаецца, і ўсе ў зале апынуліся ў стане агаломшанасці, ці, скажам інакш, эстэтычнага шоку.
 /i/content/pi/cult/118/396/Moda.jpg
Пасярод залітай чырвоным святлом сцэны месціцца чырвоны раяль, атачоны грацыёзнымі дзявочымі фігурамі. Праз хвіліну яны пачынаюць няспешны пластычны эцюд, гіпнатызуючы кожным сваім рухам… Па пустой сцэне тэпае зусім маленькае кучаравае дзіцятка з вялізным ліхтарыкам… Магнетызм гэтых вобразаў зачароўвае і прыварожвае, каб потым доўга яшчэ не адпускаць.
Рэжысёр гэтага выкшталцонага пралога — выкладчыца мясцовай школы мастацтваў Таццяна Сыраватнікава. Яна ж і ідэйны натхняльнік форуму тэатраў моды.
— Мы прадстаўляем той накірунак моды, дзе галоўным з’яўляецца стварэнне пэўнага вобраза, які само адзенне адно раскрывае і дапаўняе, — тлумачыць яна канцэпцыю імпрэзы, — бо прыгажосць прадугледжвае гармонію знешняга і ўнутранага.
Менавіта гэтак можна сфармуляваць лейтматыў створанага ёю тэатра моды “Вобраз”, які атрымаў званне народнага. Там вучаць не столькі прыгожа апранацца, колькі дасягаць усеахопнага, глыбіннага хараства. Зрэшты, знешнія праявы дзейнасці тэатра таксама навідавоку — адно з першых месцаў у “малодшай” узроставай намінацыі ён атрымаў цалкам заслужана. 

Спектаклі замест дэфіле 

Паказы тэатраў моды — гэта зусім не простыя дэфіле. Хутчэй, гэта менавіта спектаклі — часам нават забяспечаныя сюжэтам. Прыкладам, госці з расійскага Дзеснагорска ўвасобілі ў мове адзення гісторыю стварэння расійскага флоту. Іх калегі з Барысава стварылі візуальны шэраг да вядомай песні “Усё могуць каралі”. А фларыстычны тэатр “Лада” з Наваполацка “напісаў” апавяданне без слоў пра жыццё сваёй славутай зямлячкі Еўфрасінні. Зрэшты, асацыятыўныя імправізацыі на пэўную зададзеную тэму глядзеліся ў прасторы імпрэзы трохі больш пераканаўча, пры гэтым тэма магла быць самай рознай, напрыклад… “валёнкі”. Маскоўскі тэатр моды Марыны Алекс надаў ім новае жыццё, прысвяціўшы гэтым самым звычайным валёнкам яскравую калекцыю.
 /i/content/pi/cult/118/396/Moda1.jpg
 "Ілюзіі" мадэльераў з Атырау.

Або— “жнівень”, выяўлены праз колеры спелага жыта, што дамінавалі ў адным з паказаў той самай “Лады”. Ажно два тэатры натхніліся Купаллем — балазе, ужо сезон… У “Стылю” з віцебскага ПТВ № 19 “раскрыццё” гэтай тэмы выглядала “акадэмічна” ды стыльна, а “Вобраз” парадаваў яшчэ адным бліскучым вобразам — маленькай дзяўчынкай з сачком, прызначаным, мабыць, для лоўлі шчасця. Аршанскі “Голд стар” наогул абыходзіцца без тэматычных прывязак, дэманструючы адмысловае і проста дзіўнае адзенне і рыхтуючы тым самым рэзерв для “Маманта”. Добра тое, што ён зусім не сіліцца гуляць у дарослыя гульні— калекцыі студыі спалучаюць вышэйзгаданыя якасці са сваёй несумненнай “дзіцячасцю”.
Мадэльеры тэатраў моды працавалі, бадай, не дзеля ўвасаблення іх ідэй у лёгкай прамысловасці (за выключэннем хіба талінскай “Макс моды”, чые “парыжскія” рэтрафасоны можна было б апрануць на нейкую адмысловую вечарыну). Іх мэты былі не менш высакародныя — забяспечыць “масы” не яркім адзеннем, а яркімі эмоцыямі. Прыемна адзначыць, што гэта атрымалася літаральна ва ўсіх удзельнікаў конкурсу, прычым у кожнага — па-свойму. Таму і прызоў, мусіць, павінна было на ўсіх хапіць.
На жаль, без трафеяў застаўся віцебскі “Стыль”, бо яго ці не самая вялікая калекцыя была паказана па-за конкурсам. Зрэшты, безумоўны фаварыт фэсту — тэатр моды Малой акадэміі мастацтваў Казахстана ацаніў сваіх віцебскіх калег вельмі высока.
 /i/content/pi/cult/118/396/Moda2.jpg
 Казахская "нявеста".
Дарэчы, шлях з Атырау да Верхнядзвінска заняў у самых далёкіх гасцей фестывалю ажно чатыры дні, але ніхто з іх не шкадаваў патрачанага часу. Публіка прымала казахстанскіх мадэльераў проста “на ўра”. Іх першая калекцыя апелявала да нацыянальных традыцый, уяўляючы сабой стылізацыю казахскага вяселля, а другая выяўляла бурныя фантазіі маладых дызайнераў — у тым рэчышчы, якое ў нас не заўсёды слушна называюць “авангардным”.
— Малая акадэмія мастацтваў Казахстана — гэта школа для адораных дзяцей, якія, прайшоўшы вялікі конкурс, прыязджаюць у Атырау з розных куткоў,— распавяла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Дзіна Хайдарава. — Сёння мы паказалі дыпломныя работы сваіх навучэнцаў. І, здаецца, лёгка паразумеліся з вашай цудоўнай публікай. 

Ці патрэбна мода сельскім жыхарам? 

На такое маёправакацыйнаепытанне (а ў зале вясковых людзей было нямала) намеснік старшыні Верхнядзвінскага райвыканкама Уладзімір Якаўлеў, які ўзначальваў аргкамітэт фестывалю, адказаў, не вагаючыся:
Думаю, сельскі жыхар імкнецца да хараства не менш за сталічнага і патрабуе такога самага эстэтычнага выхавання. Колішнія стэрэатыпы варта даўно адкінуць.
І гэта ў дагледжаным Верхнядзвінску ўдаецца надзвычай плённа. Яго культурны ўзровень, які праяўляецца, у тым ліку і ва ўбраннівуліц ды іх насельнікаў, стаў неабходным кантэкстаммоднагафэсту зладжанага, дарэчы, выключна за раённыя сродкі: бюджэтныя і спонсарскія.Свята дало магчымасць паказаць сябе многім талентам Дрысеншчыны. І сочачы за яго канцэртнай праграмай, было зразумела, што тут іх — невычэрпная крыніца. Голас альбо пластычнасць — прыродныя дадзеныя. Уменне іх уладальнікаў спяваць або танчыць — заслуга педагогаў. А зграбныя сцэнічныя строі выканаўцаў — гэта, напэўна, клопат мясцовых улад. Узорны харэаграфічны ансамбль “Лялькі” паказаў цэлы шэраг яркіх і арыгінальных нумароў— штораз мяняючы касцюмы адпаведна іх зместу. … Талент і прыгажосць дае чалавеку Бог, але чалавек мусіць рэалізаваць Яго дар.
Менавіта ў выніку такога супрацоўніцтва мястэчка з насельніцтвам менш як восем тысяч чалавек атрымала зусім не местачковага ўзроўню свята— дарэчы, унікальнае для ўсёй Беларусі.

Ілля СВІРЫН, наш спецкар.
Мінск — Верхнядзвінск — Мінск