Кампазіцыя на тэму дызайну

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

Лепшыя творы выяўленчага мастацтва апрыёры знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях, у выключных выпадках — нават на плошчах некаторых гарадоў свету. А вось лепшымі ўзорамі мастацтва дызайну мы карыстаемся кожны дзень, часцяком нават не ўсведамляючы, што судакранаемся з сапраўднымі шэдэўрамі. Сфера дызайну — адна з самых дынамічных і прэстыжных, яна распаўсюдзілася амаль на ўсе бакі культурнай дзейнасці. У Беларусі дызайнам займаюцца або жадаюць займацца многія, асабліва — маладыя. Таму з’яўленне адпаведнай намінацыі ў праграме Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю” — рэч цалкам зразумелая.

 

Па сукупнасці неабходных ведаў і навыкаў прафесія дызайнера - ці не самая складаная, бо патрабуе не толькі мастацкай, але і тэхнічнай падрыхтоўкі. Не дзіва, што і фінальныя спаборніцтвы па намінацыі "Дызайн", якія прымалі ўтульныя аўдыторыі Мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў, доўжыліся ажно тры дні, цягам якіх 21 удзельнік быў павінен выканаць тры заданні. Два з іх - заданні па графічным малюнку (галава натуршчыка) і жывапісу (нацюрморт) былі больш-менш звыклыя, а вось трэцяе (кампазіцыя) мела сваю спецыфіку: за апошні фінальны дзень канкурсанты павінны былі прыдумаць і стварыць эскізны графічны дызайн-праект на зададзеную тэму. Сімвалічна, што гэтай тэмай стаў рэкламны слоган "Беларусь запрашае". Нельга сказаць, што за некалькі гадзін у нейкай з конкурсных аўдыторый з'явіўся відавочны шэдэўр дызайнерскай думкі, патэнцыйны "прадстаўнік" адметнасцей Беларусі, да прыкладу, на міжнародных турыстычных форумах. Фантазія ўдзельнікаў была накіравана, у асноўным, у бок культурных і прыродных аб'ектаў, большасць эскізаў нагадвала аб традыцыйным выяўленчым мастацтве, чым аб такой сінкрэтычнай дзейнасці, як дызайн.

Дарэчы, на фінальным этапе рэспубліканскае журы вырашыла пазбавіць удзельнікаў такога звыклага ды зручнага для многіх маладых людзей інструмента, як камп'ютэр. На абласных адборах імі карысталіся многія з будучых дызайнераў: у некаторых сферах, кшталту інтэрнет-дызайну або плакатнага дызайну, нічога іншага ў якасці інструмента цяпер і не выкарыстоўваецца. Але, каб захаваць момант спаборніцтва ды паставіць усіх у роўныя ўмовы, журы "Зоркі..." вырашыла на фінальным этапе прапанаваць удзельнікам працаваць толькі ў традыцыйнай, ручной тэхніцы: камп'ютэрныя праграмы прадастаўляюць магчымасць выкарыстоўваць стандартныя элементы і даюць перавагу над тымі канкурсантамі, хто гэтымі праграмамі не карыстаецца. На жаль, агульны ўзровень падрыхтоўкі удзельнікаў і іх фінальных работ журы ахарактарызавала як "сярэдні", чым і тлумачыцца адсутнасць уладальніка дыплома І ступені. Здзіўляцца тут - дарэмна: спецыялісты лічаць вынікі конкурсу адпаведнымі стану айчыннай адукацыі ў сферы дызайну. Гэты "сярэдні" ўзровень, на думку членаў рэспубліканскага журы, вынікае з недахопу профільных выкладчыкаў у ССНУ мастацкага профілю. А тое, што колькасць удзельнікаў па намінацыі, пры выражанай агульнай цікавасці да дызайну, была невялікая, можна растлумачыць яшчэ і слабой зарыентаванасцю мясцовых ССНУ на спецыфіку дызайнерскай прафесіі. Так што "дызайнерская" частка конкурсу "Зорка ўзышла над Беларуссю" была тым больш дарэчы, што прапагандавала актуальную прафесію сярод маладых мастакоў. Думаецца, карысць ад дадзенага мерапрыемства яшчэ і ў тым, што яно "ўзняло" дызайн у вачах прыхільнікаў традыцыйных дысцыплін.