Ідэі з рэкламнага паветра

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

Сучасны чалавек сутыкаецца з такой з’явай, як рэклама, кожны дзень і часцей за ўсё — вымушана. Альтэрнатыву надакучлівай камерцыйнай рэкламе складае рэклама сацыяльная, якая мае на сваёй мэце не прамыя прыбыткі, а грамадскую карысць. Тое, што сфера сацыяльнай рэкламы вельмі важная для дзяржавы, засведчыла і ўключэнне адпаведнай намінацыі ў Рэспубліканскі конкурс маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю”. Складаны ў тэхнічных адносінах жанр сабраў не надта шмат прыхільнікаў: на фінальным паказе ў зале Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў дэманстравалася 12 ролікаў. Кожны з іх доўжыўся ад некалькіх секунд да некалькіх хвілін.

 

Прысутныя, у асноўным - самі канкурсанты, не сумавалі: фінальная праграма была дыферэнцыраванай па ўзроўні выканання, а самі міні-стужкі створаны з выкарыстаннем шэрагу тэхнік. Але нельга сказаць аб разнастайнасці тэматыкі ролікаў: большасць праблем, якія ўдзельнікі прапануюць вынесці на абмеркаванне гледачоў, даўно вядомыя ў сферы сацрэкламы (тут і СНІД, і шкода, што наносіць ужыванне тытуню, алкаголю, наркотыкаў). Зразумела, тэхнічна дасканалых стужак у фінале "Зоркі..." аказалася няшмат. Дзіўнага тут нічога няма: для маладых талентаў удзел у конкурсе быў ці не пачаткам шляху ў прафесію, а некаторыя, відавочна, увогуле ўпершыню ўзялі ў рукі відэакамеру або пісалі сцэнарыі. Таму ролік пад умоўнай назвай "Ногі" пра небяспеку выпадковых палавых сувязей за аўтарствам студэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ігната Сідорчыка перамог на конкурсе не выпадкова. І яго адносная тэхнічная дасканаласць стала не адзінай перавагай. У "Нагах" ёсць тое, чаго відавочна бракуе астатнім конкурсным работам: акрэсленая, завершаная думка, ясная ідэя. Яе нельга назваць арыгінальнай, але яна, як кажуць, "чапляе".

Ролік сацыяльнай, як і камерцыйнай, рэкламы павінен быць відовішчным, кідкім, прымушаць гледача затрымацца на тэлеканале. Менавіта работа Ігната Сідорчыка аказалася найбліжэй да таго, каб выканаць гэтую ўмову. Заканамерна і тое, што яе аўтар навучаецца ў Акадэміі мастацтваў- адзінай у Беларусі ВНУ, дзе якасна рыхтуюць кадры для тэлебачання. А вучэбная практыка на адным з рэспубліканскіх каналаў дапамагла пераможцу "Зоркі..." дасягнуць свайго ўзроўню прафесіяналізму. Тое, што якраз апошні складнік - запатрабаваны, і адным талентам або цікавай задумай у такім рамястве, як рэклама, не абыдзешся, - відавочна. Творчы калектыў Парахонскай сярэдняй школы з Пінскага раёна быў узнагароджаны спецыяльнай граматай рэспубліканскага журы "За лепшы сцэнарый" - за невялічкі ролік-жарт пра небяспеку курэння. Арыгінальная ідэя ды імпэт непрафесійных акцёраў дапамаглі стварыць насычаны гумарам маленькі твор, тэхнічная недасканаласць якога не замінае ўспрыманню. Але ўдача "фільммейкераў" з Піншчыны- усё ж выпадковая. Майстэрства рэкламы - складаная навука, і каб авалодаць ёю, патрэбны гады працы і натхненне, а не толькі ўласна талент. Трэба адзначыць, што і пад час першага, і, асабліва, другога этапаў конкурсу ў ахвотных стаць рэкламістамі была добрая магчымасць "падцягнуцца" ў сваіх ведах і яшчэ раз праверыць сябе ў жаданні займацца экранным рамяством. На пачатковых этапах прадстаўляліся заяўкі. Карыстаючыся заўвагамі членаў рэспубліканскага журы іх можна было добра скарэкціраваць перад здымкамі. Карысныя кансультацыі адбываліся ў выглядзе майстар-класаў пад час другога этапа.

 Такі падыход прынёс відавочны плён: у трэці этап дапускаліся толькі гатовыя ролікі, і, па меркаванні членаў журы, заўвагі, выказаныя пад час другога тура, удзельнікі выкарыстоўвалі вельмі ўважліва. Вынікам "рэкламнай" часткі "Зоркі..." можна лічыць і своеасаблівае сацыяльнае даследаванне, якое, у тым ліку, паказала, як шмат часу сучасныя маладыя людзі праводзяць перад тэлевізарам. Бо большасць прыёмаў, выкарыстаных маладымі "крыэйтарамі", кожны дзень прысутнічаюць у эфіры айчынных і замежных каналаў, што, на думку членаў журы, не можа не насцярожваць. Будзем спадзявацца, маладым беларускім аўтарам, якія выставілі свае работы ўпершыню на сур'ёзным конкурсе, "інерцыя мыслення" не пагражае, а, галоўнае, яны імкнуцца працаваць над сабой.