Разам з супрацоўнікамі цэнтральнага апарата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь свой унёсак у аднаўленне гэтага іміджавага аб'екта нашай краіны зрабілі і карэспандэнты "К".
- Добрай традыцыяй стала тое, што ў дзень суботніка мы працуем на тых аб'ектах, якія маюць агульнанацыянальнае або нават сусветнае значэнне і неўзабаве павінны быць уведзены ў эксплуатацыю, - адзначыў карэспандэнту "К" намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш. - Такія суботнікі праводзіліся ў будынках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Вялікага тэатра оперы і балета, сёлета - у Мірскім замку. З надвор'ем у суботні дзень не пашчасціла: шэрае неба кожную хвіліну пагражала істотна "адкарэкціраваць" планы па добраўпарадкаванні прылеглай да замка тэрыторыі.
- Не хвалюйцеся, на выпадак дажджу мы распрацавалі запасны план, - распавёў карэспандэнту "К" начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Рымашэўскі. - Балазе хапае працы і "пад дахам". Але ўводзіць запасны план у дзеянне патрэбы не ўзнікла. Удзельнікаў суботніка падзялілі на некалькі груп. Карэспандэнты "К" займаліся ачысткай тэрыторыі ля самага ўвахода замка, дзе неўзабаве запланаваны пасадкі. Групе, у якую трапіў Віктар Кураш, дасталася больш складаная справа: сцяжка бетоннай падлогі.
- Для мяне гэта магчымасць хаця б трохі наблізіць тэрмін здачы аб'екта, - напаўжартам адзначыў намеснік міністра, на секунду адклаўшы ўбок рыдлёўку. Як запэўніў карэспандэнта "К" Віктар Кураш, работы па рэстаўрацыі і прыстасаванні Мірскага замка будуць завершаны ўжо сёлета: - Аб'ект павінен быць здадзены ў эксплуатацыю ў снежні, і ход будаўнічых работ дазваляе ўпэўнена сцвярджаць, што ніякіх затрымак тут не будзе, - распавёў намеснік міністра.
- І генеральны падрадчык, і субпадрадныя арганізацыі выдатна спраўляюцца з пастаўленымі ім задачамі. Начальнік кантрольна-рэвізійнага аддзела Міністэрства культуры Аляксандр Кізім недарэмна ўзяў на суботнік сваіх трох дзяцей: Сцяпана, Расціслава і Машу. Лепшай магчымасці пазнаёміць маладых людзей з помнікам беларускай архітэктуры і не прыдумаеш: турыстычныя агенцтвы яе не прапануюць. Тым больш, супрацоўнікі музейнага комплексу аддзячылі ўдзельнікам талакі правядзеннем цікавай экскурсіі. Суботнік стаў цудоўным карпаратыўным мерапрыемствам. Праца на свежым паветры ў антуражы старадаўніх муроў зрабілася крыніцай добрага настрою. - Такая суботняя талака - гэта і будаўнікам добрая падтрымка, і нам самім асалода, - адзначыў Віктар Кураш.
Юрый ІВАНОЎ (фота), нашы спецыяльныя карэспандэнты
На здымках: супрацоўнікі цэнтральнага апарата Міністэрства культуры пад час Рэспубліканскага суботніка ў Мірскім замку.