Мастак Ігар Рымашэўскі стаў аўтарам афармлення Нацыянальнага павільёна. "Па перыметры ўсяго будынка - краявіды нашай сталіцы з пазнавальнымі помнікамі архітэктуры на іх, жыхары горада", - кажа жывапісец. Распрацоўкай архітэктурнага вырашэння займаліся Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва і "Мінскграмадзянпраект". Знешні выгляд павільёна ўяўляе з сябе кампазіцыю з работ мастака. Макет афармлення, што ў шмат разоў меншы за рэальныя памеры будынка, ён ствараў разам з жонкай - мастачкай Людмілай Шчамялёвай. Пасля быў зроблены фотаздымак агульнай работы, які павялічылі і перанеслі на тканіну. Гэтую тканіну адправілі ў Кітай і ўпрыгожылі ёй павільён. "Работа такога маштабу была ў мяне ўпершыню, - адзначае жывапісец. - Працаваць было складана, бо ў нас ніхто раней не ствараў вялікія творы па такой тэхналогіі. Я адлюстраваў гарадское асяроддзе сталіцы, і мне падаецца, яно выдатна пасуе тэме Сусветнай выстаўкі "Лепшы горад - лепшае жыццё".
Як паведаміў журналістам першы намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка, у афармленні беларускай экспазіцыі задзейнічаны карціны 14 вядомых мастакоў Беларусі розных часоў. Гэта Юрый Пэн, Аляксандр Кішчанка, Віктар Альшэўскі, Уладзімір Тоўсцік, Аляксей Кузьміч, Леанід Шчамялёў, Мікалай Кірэеў, Мікалай Селяшчук, Нінель Шчасная ды іншыя. Тут будуць прадстаўлены і здымкі прафесійных айчынных фатографаў. Стэнды "Гістарычныя гарады Беларусі" змесцяць фотасюжэты з храмамі і замкамі Гродна, Навагрудка, Мсціслава, Мінска, а таксама з Мірскім, Нясвіжскім і Лідскім замкамі. Акрамя таго, госці павільёна змогуць набыць нацыянальныя сувеніры ў адмысловым кіёску. Пад час выстаўкі будзе дэманстравацца дакументальны фільм пра Беларусь; невялікія ролікі паведамяць сусветнай аўдыторыі пра развіццё навукі, культуры, сацыяльнай сферы, эканомікі ў нашай краіне. Асобны куток экспазіцыі будзе аформлены ў традыцыйным народным стылі- тут можна будзе даведацца пра беларускія звычаі і абрады. Увесь павільён выкананы ў блакітных і зялёных колерах, якія адлюстроўваюць прыгажосць нашых азёр, рэк і лясоў.