Залатая нітка Чорнай Панны

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

Мода дыктавала свае законы як у старажытнасці, так і сёння, а ці не самым важным элементам побытавай культуры з’яўляецца адзенне. Менавіта дзякуючы яму можна паглядзець на гісторыю з іншага ракурсу — такога, што адлюстроўвае і агульныя тэндэнцыі ўсяго грамадства.

 

Усё часцей старажытны беларускі касцюм можна ўбачыць не толькі ў музеі, але і на нашай эстрадзе. Сёння адной з тых, хто аднаўляе гэтыя сапраўдныя цуды мастацтва, з'яўляецца Наталля Смаляк - член Беларускага саюза мастакоў, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Работы выпускніцы Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў з'яўляюцца ўпрыгожаннем шматлікіх творчых калектываў, што працуюць у нашай краіне, а таксама ў Расіі, Украіне, Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, Малдове, Казахстане. Выкарыстоўвае гістарычныя касцюмы Наталлі Смаляк і музычны гурт "Тутэйшая шляхта", з выступлення якога днямі ў сценах галерэі "Універсітэт культуры" адкрылася выстаўка "Шляхецкі скарб", дзе прадстаўлена аўтарская калекцыя маладой мастачкі. Усяго сем гістарычных касцюмаў, створаных з в ы к а р ы с т а н н е м атласу, шыфону, аксаміту, залатой ніткі і бісеру, прымушаюць задумацца над легендамі, звязанымі з замкам у Гальшанах, таямніцамі Палацава-паркавага комплексу ў Нясвіжы... На выстаўцы п р а д с т а ў л е н а аўтарская калекцыя сцэнічных касцюмаў, створаная па матывах гістарычных строяў XVI - XVII стагоддзяў.

Тут можна ўбачыць як ужо вядомыя касцюмы з серыі "Чорная Панна", так і новыя, якія экспануюцца ўпершыню, - з серый "Шляхецкі скарб" і "Белая Панна". Наталля Смаляк, выкарыстоўваючы сваё майстэрства для даследавання эстэтычнага і эмацыянальнага складу нацыянальнага строю, фіксуе вопыт нашай спадчыны і пераасэнсоўвае яго праз асабістае мастацкае бачанне. Звяртаючыся да эстэтычных кодаў мінулага і выкарыстоўваючы традыцыйныя тэхнікі - вышыўку, аплікацыю, - аўтар стварае сучасныя сцэнічныя касцюмы, якія маюць непаўторную структуру формы і выразную вобразнасць. Такім чынам, сцэнічныя касцюмы становяцца прадметам шматузроўневага дыялога паміж мінулым і сённяшнім, спадчынай і сучаснасцю, традыцыяй і навацыяй. Невыпадкова доктар філасофскіх навук, прарэктар па навуцы БДУКіМ Марына Мажэйка на адкрыцці выстаўкі зазначыла, што касцюм як ніякі іншы артэфакт культуры дазваляе ўбачыць эпоху знутры, дае магчымасць уявіць сябе і свае адчуванні ў адпаведны час.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"