- Мы пачалі з аб'ёмнай поўнафарматнай рэтраспектывы фільмаў рэжысёра, - распавядае дырэктар музейнай установы Ігар Аўдзееў. - Паказалі ўсё, пачынаючы з дэбютнай навелы Валерыя Давідавіча "Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў" і заканчваючы фільмам-партрэтам "Мастак Барыс Забораў" - апошняй ягонай работай у Беларусі. Пад час размовы з дырэктарам у глядзельнай зале музея трансліруецца дакументальная стужка, прысвечаная рэжысёру,- "Прастора Валерыя Рубінчыка" Таццяны Вількінай
.- Гэты фільм 2007-га года, - каменціруе Ігар Аўдзееў,- апошняя карціна пра маэстра. "Магіла льва", "Гамлет Шчыгроўскага павета", "Вянок санетаў", "Дзікае паляванне караля Стаха", "Культпаход у тэатр", "Адступнік"- дзеля знакавага мерапрыемства музей сабраў усе работы рэжысёра. - Пэўныя фільмы былі ў нашых фондах, іншыя - мы набылі ў Расіі,- распавядае Ігар Аўдзееў. - Цяпер у нас ёсць поўная калекцыя стужак майстра, і кожны ахвотны можа ў любы час паглядзець работы Валерыя Давідавіча... Падымаемся на трэці паверх, у выставачную залу. І першы экспанат экспазіцыі, які ў сонечным святле кідаецца ў вочы яскравымі колерамі, - афіша да карціны "Дзікае паляванне караля Стаха", выкананая ў графіцы. - Так, нашу выстаўку можна смела назваць унікальнай, - распавядае Ігар Аўдзееў.
- Вось, скажам, гэты кінаплакат прадаставіў нам сам Валерый Давідавіч. Ён суправаджаў дэманстрацыю фільма "Дзікае паляванне караля Стаха" на некалькіх міжнародных кінафестывалях: у Францыі, Бельгіі, Іспаніі, Італіі... На цэнтральнай вітрыне бачу і рэжысёрскі сцэнарый да вядомай стужкі. Пад назвай - подпісы: "Аўтары сцэнарыя - У.Караткевіч, В.Рубінчык"; "Рэжысёр-пастаноўшчык - В.Рубінчык". - Эскізы дэкарацый да фільмаў Валерыя Рубінчыка прадаставілі нам Яўген Ігнацьеў, Уладзімір Дзяменцьеў, Аляксандр Чартовіч, Уладзімір Чарнышоў,- працягвае расповед Ігар Аўдзееў,- але дамінантай экспазіцыі сталі работы Элы Сямёнавай, якія дэманструюцца ў Беларусі ўпершыню за некалькі апошніх дзесяцігоддзяў. Частка экспанатаў на выстаўцы - з фондаў музея, але пэўныя работы былі прэзентаваны мастакамі-пастаноўшчыкамі. Напрыклад, Аляксандр Чартовіч падарыў нам эксізы, аб якіх мы нават не ведалі: да сярэднеметражнай навелы "Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў". Менавіта таму, што людзі адгукнуліся на прапанову, сёння нашы фонды папоўніліся культавымі прадметамі. Спецыяльна да выстаўкі адноўлена некалькі кінаплакатаў. У прыватнасці, афіша да "Магілы льва" атрымала другое жыццё. "Калі заглыбішся ў справу, усё становіцца празрыстым, не такім "алавяным",- кажа ў фільме Таццяны Вількінай Валерый Давідавіч, - бо яна патрабуе неверагоднай факусіроўкі і канцэнтрацыі...
" А потым рэжысёр раскрываецца яшчэ больш: "Займацца сваёй прафесіяй - самае галоўнае. І часам нават сорамна прызнацца, наколькі яна для цябе важная... Нават важнейшая за кагосьці ці штосьці..."
На здымках: плакаты і эскіз дэкарацый да фільмаў В.Рубінчыка; фрагмент выстаўкі, прысвечанай рэжысёру.