"Кволыя парасткі кахання, што прабіваюцца праз шчыльна забрукаваную нянавісцю глебу..." Пра гэта - новы спектакль "Не мой" Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў, які сумесна з Аленай Калюновай зрабіў інсцэніроўку кінасцэнарыя Алеся Адамовіча, распавядзе гісторыю ўзаемаадносін беларускай дзяўчыны Паліны і нямецкага салдата Франца ў час вайны. Зрэшты, сюжэт гэты добра вядомы і дзякуючы кінастужцы "Franz - Паліна". Таму дадамо, што ў спектаклі занята вялікая частка трупы тэатра, прычым нямала і таленавітай моладзі Купалаўскага. Мастак-пастаноўшчык - Барыс Герлаван, над касцюмамі працуе Алена Ігруша. Прэм'ера ж адбудзецца 29 красавіка на вялікай сцэне тэатра. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага (2 мая), Гродзенскі абласны драматычны тэатр (4 мая), а таксама Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы (5 мая) у рамках акцыі "Місія памяці" прымаюць на сваіх сцэнах Валгаградскі маладзёжны тэатр з пастаноўкай "У вайны не жаночае аблічча".
Спектакль апавядае пра сем жаночых лёсаў у гады ліхалецця. Ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Валгаградскай вобласці і Міжнароднага фестывалю "Маладыя тэатры Расіі" ў Омску. Гродзенцы ж 8 мая пакажуць аповесць пра юнацтва "Заўтра была вайна" Барыса Васільева. Пастаноўшчыкам гэтага спектакля выступіў галоўны рэжысёр трупы Генадзь Мушперт. Да іншага твора Барыса Васільева звярнуўся Уладзімір Савіцкі ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы: з 6 па 8 мая пройдуць прэм'ерныя паказы спектакля "У спісах не значыўся", што апавядае пра гісторыю Подзвігу і кахання апошняга абаронцы Брэсцкай крэпасці. Літаральна ж праз некалькі дзён на брэсцкай сцэне выступіць Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Сярод іншых пастановак, коласаўцы прадставяць трагікамедыю Алены Паповай "Плошча Перамогі" ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Віталя Баркоўскага. А знакамітую драматычную баладу "Не пакідай мяне" Аляксея Дударава ў пастаноўцы Рыгора Гольдмана ўпершыню пакажа Гомельскі абласны драматычны тэатр 4 мая.