Шчыра і стыльна

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

Мінская міжнародная выстаўка графікі “Арт-лінія” займае такую вялікую плошчу ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, што цягам знаёмства з творамі можна паралельна правесці экскурсію па ўстанове. Экспазіцыя ў чатырох галерэях, уключаючы мабільную, таксама стала “аглядам” сучаснай беларускай і замежнай графікі: яна адлюстроўвае новыя тэхнікі, паказвае першыя крокі маладых і творчую манеру вядомых прафесіяналаў. Праводзіцца выстаўка-конкурс трэці раз.

/i/content/pi/cult/259/3930/13-1.jpgПершапачатковае адчуванне стракатасці праз пэўны час змяняецца разуменнем таго, што кожны мастак тут - індывідуальнасць. Нашы творцы (Валянціна Калеснікава, Іван Сямілетаў, Міхаіл Бухавец, Мая Пракаповіч ды іншыя) выступаюць як вучні "глабальнага настаўніка" - Сеціва з яго безліччу інфармацыі, альбо замежных універсітэтаў. І ўсё ж непаўторнасць кожнага з творцаў надае выстаўцы свежасць, а вялікая колькасць сапраўды якасных работ - насычанасць. III Міжнародны конкурс "Арт-лінія", у якім узялі ўдзел графікі з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Славеніі, Італіі, Іспаніі, Велікабрытаніі, стаў для некаторых "кропкай адліку" творчага поспеху. Навучэнка Рэспубліканскай мастацкай школы Украіны і ўладальніца дыплома І ступені Аляксандра Сідарэц мае толькі 17 гадоў.
/i/content/pi/cult/259/3930/13-3.jpgУ яе манатыпіях - рознакаляровы свет, дзе людзі і рэчы то класічна дакладныя, то празрыстыя, быццам прысніліся; тут дзіцячыя радасці пакрыху змяняюцца дарослай заклапочанасцю ("Дзень на чырвоных абцасах"). А пачуццё густу дазваляе ствараць вясёлкава-яркую, але гарманічную колеравую гаму. Гран-пры атрымаў Руслан Трэмба, тэхніка якога - мінімалістычная. На чорным фоне ў куточку - маленькі бацькаў домік, і гэтай простай мовай на шоўку шчыра і стыльна паказваецца туга па родных мясцінах. Ён таксама з Украіны - краінылідэра па колькасці работ і ўзнагарод. Міжнароднае журы на чале з народным мастаком Беларусі Георгіем Паплаўскім лепшай сярод беларускіх майстроў прызнала фотаграфіку Валянціны Калеснікавай, якая паказала ў вузельчыках ды нітках сувязі і адносіны людзей. Намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца на вернісажы ўпэўнена адзначыў , што такімі выстаўкамі творчыя саюзы даказваюць: "Беларусь - сапраўды еўрапейская краіна ў мастацтве".