“Ваколіцы” Гімалаяў, або Палессе Мікалая Рыжыкава

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

Юбілейная выстаўка твораў Мікалая Рыжыкава, прысвечаная яго 70-годдзю, так і называецца — “Ваколіцы. Ад Палесся да Гімалаяў”: менавіта такі творчы шлях прайшоў вядомы графік і акварэліст з эцюднікам і альбомам. За плячыма — паўстагоддзя “трудов и вдохновения”. У ягоным багажы — цэлы калейдаскоп разнастайных вобразаў, розных тэхнік і матэрыялаў: тэмы вайны і міру, эпоха ў чалавечых абліччах, прырода Беларусі і тых краін, куды мастака закідваў лёс. У экспазіцыі можна пабачыць раннія афорты і літаграфіі, малюнкі, выкананыя ў сэпіі і сангвіне, і, канешне ж, улюбёную ім акварэль — светлую, празрыстую, насычаную шчодрымі пачуццямі, эмоцыямі, пластычнай дасканаласцю.

/i/content/pi/cult/259/3928/13-2.jpgМікалая Максімавіча часцяком называюць рамантыкам далёкіх падарожжаў. І гэта так. На выстаўцы ён прадставіў свае візуальныя ўражанні ад творчых паездак па краінах Еўропы і па ўсім СССР, а таксама па Гімалаях, Непале, Маўрытаніі. Менавіта там, за мяжой, з'явіліся задумы бліскучых серый "Па Чэхаславакіі", "Па Амуры", "Байкал", "Арменія", "Маўрытанія", "Славакія", "Гімалаі", пасля - непальскія замалёўкі... А што ж Беларусь? Яна ва ўсе часы заставалася галоўнай крыніцай творчага шчасця і натхнення мастака. Дарэчы, я ўпершыню пабачыў Рыжыкава як творцу ў яго графіцы пачатку 1970-х гадоў: "Жнівеньскі дождж", "Дзень нараджэння", потым з'явіўся яго цудоўны цыкл афортаў "Беларусы на БАМе". Дык вось, тая краіна Беларусь, якая стала другой радзімай для луганскага хлопчыка, заўсёды ў ягоным сэрцы... І гэтае шчырае сэрца ён раскрыў на выстаўцы ў акварэльных карцінах, прысвечаных маляўнічым "ваколіцам" нашай радзімы, помнікам дойлідства ў Гальшанах і Міры, старым сядзібам і вёсцы Маньковічы, Лепельшчыне і Міншчыне.
/i/content/pi/cult/259/3928/13-5.jpgСамае характэрнае ў творчасці Рыжыкава - унікальная наглядальнасць і здольнасць з усёй палітры ўбачанага навокал і побач знайсці самае істотнае, грунтоўнае, уменне ў простых, на першы погляд, "сюжэтах" паказаць не толькі ўласна цудоўнасць матыву, але і свае мастакоўскія адносіны да "аб'екта" адлюстравання. Яго акварэльная серыя "Ваколіца" (а гэта сучасны вобраз жывапіснай Беларусі) асабіста для мяне з'яўляецца найбольш цэласнай і ўражальнай не толькі па майстэрстве валодання пэндзлем, але - галоўнае- па эстэтычнай напоўненасці таго духоўнага асяроддзя, якое называецца Радзімай.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"