Струны для Ліможа

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

Выхаванцы Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа і Дзіцячай музычнай школы № 1 імя Ю.У. Семянякі чацвёрты раз пабывалі ў Францыі, стаўшы, паводле традыцыі, удзельнікамі канцэрта гарадоў-пабрацімаў.

 

Сяброўскія адносіны паміж Гроднам і французскім горадам Ліможам, вядомым усім музыкантам па п'есе М.Мусаргскага "Ліможскі рынак", былі ўсталяваны ў 1982 годзе. А творчы праект, што яднае маладых музыкантаў з гарадоў-пабрацімаў, нарадзіўся ў 2003-м. Сутнасць яго ў тым, што ў Ліможскай рэгіянальнай кансерваторыі на некалькі дзён ствараецца своесаблівы міжнародны маладзёжны сімфанічны аркестр. У ім, акрамя маладых музыкантаў Францыі і Беларусі, удзельнічаюць прадстаўнікі ЗША, Германіі, Чэхіі, Японіі - усіх тых краін, дзе знаходзяцца гарады-пабрацімы Ліможа. З Гродна, як і раней, былі запрошаны струннікі. Праграма такіх сумесных канцэртаў у мінулыя гады складалася з твораў краін - удзельніц праекта. У розныя гады ў Францыі гучалі такія беларускія партытуры, як "Дывертысмент" Мацея Радзівіла, фрагменты з балета "Маленькі прынц" Яўгена Глебава, першая частка Шостай сімфоніі "Полацкія пісьмёны" Андрэя Мдзівані.

Гэтым разам фармат праекта змяніўся. Арганізатары папрасілі даслаць ім з кожнай краіны папулярныя мелодыі, і на гэтым матэрыяле дырэктар кансерваторыі, дырыжор і кампазітар Ален Ваэрпі стварыў "Паэму гарадоў-пабрацімаў". Публіка, якая запоўніла залу Вялікага тэатра оперы на паўтары тысячы месцаў, доўга "не адпускала" аркестр і дырыжора са сцэны. Дасведчаныя і добразычлівыя ліможцы прынялі буйны твор, як кажуць, "на ўра", шчыра і захоплена слухаючы шэсць яго частак: амерыканскія найгрышы ў стылі кантры, бліскучую чэшскую польку, танец нямецкіх бюргераў, спецыфічныя японскія рытмы, пранікнёныя спевы "шабрэта" (французскай валынкі) і нашы родныя "Купалінку", "Перапёлачку" і "Лявоніху". Беларуская частка вянчала паэму, і на кульмінацыі, пад тыпова славянскае звонавае гучанне, лілася цудоўная мелодыя нашай "Купалінкі". З такім жа аншлагам і поспехам "Паэма гарадоў-пабрацімаў" была выканана ў культурным цэнтры горада Ціўера. Акрамя таго, пад час паездкі гродзенцы дэманстравалі сваё майстэрства сольна і ў квартэце, прычым не толькі ў Францыі, але і ў нямецкім горадзе Міндэне, які таксама з'яўляецца пабрацімам Гродна.

Аляксей САЛАДУХІН, дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа