Вясновыя гронкі

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

Да фіналу “Мінскай вясны-2010” Беларуская дзяржаўная філармонія, падобна на тое, прыпасла самыя выбітныя канцэрты. Большасць з іх пазначана яшчэ адной эмблемай: “Вялікія рамантыкі ХІХ стагоддзя Фрыдэрык Шапэн і Роберт Шуман (да 200-годдзя з дня нараджэння)”.

/i/content/pi/cult/259/3924/11-1.jpgСваё "музычнае прынашэнне" да юбілейных дат падрыхтаваў амаль кожны ўдзельнік. У слухачоў жа ўзнікла цудоўная магчымасць пазнаёміцца з некалькімі прынцыпова рознымі "прачытаннямі" адных і тых жа папулярных твораў, адкрыць для сябе творчасць вялікіх майстроў мінулага з новага боку. Шапэн паўстаў не толькі трапяткім і адданым патрыётам сваёй краіны, але і рыцарам - абаронцам Прыгажосці. У музыцы Шумана яшчэ больш відавочнай стала яго ўлюбёная мастацка-філасофская трыяда: вобразы паэтычнага Эўзебія, іранічнага Фларэстана і мудрага Раро, які імкнецца прымірыць іх супрацьлеглыя, на першы погляд, а на справе - вельмі блізкія эстэтычныя ідэалы.
/i/content/pi/cult/259/3924/11-2.jpgМожна толькі радавацца, што філармонія зрабіла ўсё магчымае, каб сумясціць гастрольныя выступленні знаных гасцей з майстар-класамі для студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Той жа Барыс Блох - колішні выпускнік Маскоўскай кансерваторыі, а цяпер уладальнік самых прэстыжных міжнародных узнагарод, сусветна вядомы піяніст, які прадстаўляе Германію і ЗША, - у сераду выступіў з сольнікам у Вялікай зале філармоніі, а ў чацвер даў майстар-клас маладым беларускім музыкантам. Не проста як госця, а ўжо амаль як "свайго, роднага" сустракалі ў нас знакамітага расійскага віяланчэліста Кірылу Родзіна, які ў мінулыя гады ўжо неаднойчы праводзіў і майстар-класы, і нават сумесныя выступленні з "майстар-класнай" творчай моладдзю. Сёння ў вас ёсць магчымасць паслухаць літоўскае трыо "Kaskados", а таксама творы Шумана ў выкананні нашых салістаў. На наступным тыдні - выдатную скрыпачку Ірыну Бачкову, прычым і ў яе сольным вечары, і, праз дзень, у ансамблі з французскім віяланчэлістам і нашым піяністам Юрыем Гільдзюком разам з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі, за пульт якога ў той вечар стане Йозас Домаркас. Сюрпрызы - штодзень, і не па адным! Вынікі ж беларуска-польскіх шапэнаўскіх праектаў падвядзём у адным з наступных нумароў.