Свята ў краі самабытным!

№ 23 (789) 09.06.2007 - 16.06.2007 г

Колькі сябе памятаю — заўсёды марыла змайстраваць машыну часу, каб яна перанесла мяне ў даўнія эпохі, якія, на жаль, пахавалі пад сваім недатыкальным вэлюмам найцікавых людзей і рэчы, сагрэтыя душою гаспадароў. Але, калі моцна марыць, дык і сам Час адступіць... Намаганнямі аддзела культуры Маскоўскага райвыканкама Мінска праведзена свята беларускага фальклору “Край беларускі, край самабытны”, якое адбылося 26 мая ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. Там насамрэч можна было апынуцца ў беларускай вёсцы ХIX ст.: зазірнуць у хаты да продкаў, паглядзець на іх побыт, паўдзельнічаць у старадаўніх гульнях, паслухаць народныя песні…

 /i/content/pi/cult/118/392/Histaryjograf.jpg
 "Рэй" і грае, і танчыць
Доўгая дарога да…
музея
 

Ад шашы трэба было прайсці яшчэ добрую сотню метраў па пыльным гасцінцы, які патроху “адвучваў” незнаёмага госця ад закаванага ў асфальт і бетон горада. Перад адчыненымі музейнымі варотамі двое хлапчукоў у народных строях запрашалі гасцей, жартавалі і раздавалі праграмкі свята.
Ужо напачатку стала зразумела: гэта не традыцыйны музей з маўклівымі экспанатамі. Гэта жывое паселішча, дзе віруе натоўп, людзі спяваюць, ладзяць забавы, прагнуць што-небудзь набыць у заезджых гандляроў. А насельнікамі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту 26 мая сталі ўдзельнікі калектываў “Мед.Уніца” Дзяржаўнага медыцынскага універсітэта, “Рэй”, “Ярыца”, народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова”, якія прадстаўлялі Дзяржаўны педуніверсітэт імя М.Танка. Завіталі на свята статныя мужчыны-музыкі ў саламяных капелюшах з ансамбля народных інструментаў пад кіраўніцтвам Мікалая Сіраты, хор “Родніца” пад кіраўніцтвам прафесара кафедры харавога дырыжыравання Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў Уладзіміра Зяневіча. 

А ў Ігнатавай хаце — варажба!  

Пляцоўка, якая адкрывала свята, месцілася на пачатку вёскі, паміж гумном, школай і царквой, — каб, напэўна, заезджыя выпадкова не прапусцілі галоўную падзею.
Першымі народныя песні гучна заспявалі дзяўчаты з калектыву “Мед.Уніца”. Эстафету працягнуў “Рэй” — калектыў, створаны пры факультэце народнай культуры і фальклору БДПУ імя М.Танка. Удзельнікі “Рэю” не толькі спявалі, але і ігралі на розных інструментах, кшталту кантрабаса, цымбалаў, скрыпкі, гармоніка ды бубна.
Пасля былі танцы… Але ж не хацелася спазніцца на варажбу ў Ігнатавай хаце. Інсцэніроўку старажытных магічных абрадаў абяцалі правесці акцёры тэатра “Мы”, таксама студэнты факультэта народнай культуры і фальклору педуніверсітэта.
Чаму ўсе хаты як хаты, а гэтая — Ігнатава? Мабыць, таму, што чалавек, які ў ёй жыў, быў значна багацейшы за іншых сялян, грошы на хату зарабіў не дзе-небудзь, а ў Амерыцы! Ды і патрапіць у Ігнатаву хату не так проста: вароты зачынены, а каля іх — пянёк, а перад ім — другі, толькі маленькі. Каб апынуцца на двары, трэбастаць на маленькі пянёк. У якасці ўзнагароды за такія вось фізічныя намаганні Ігнатаваму госцю прапануюць, стоячы на пяньку, загадаць жаданне, якое абавязкова павінна збыцца.
А ў хаце — паўнюсенька народу, і кожны марыць даведацца, што чакае яго ў будучым: будзе шанцаваць у жыцці або птушка ўдачы зноў праляціць міма.
— Калі ласка, адвярніцеся, — просіць артыстка тэатра Таццяна Радкевіч адну з госцей, а тым часам мяняе месцамі на куфры чатыры белыя хусцінкі. — Ну, усё, выбірайце. Паглядзім, што вам лёс падрыхтаваў.
Падымае хусцінку, а пад ёй — грошы: мо хто спадчыну пакіне? Некаторым траплялася лялька — чакайце дзіця, ключы — ад чыйго-небудзь сэрца ці ад кватэры, карункі — да вяселля.
Удачу можна было вызначыць наступным чынам: калі адгадаў, куды павернецца велікоднае яйка, — быць табе шчаслівым.

 І ля карчмы — нясумна, і на пагорку — гульні! 

У кожнай хаце сёння — свята! Кожная лава, кожная печ і абраз радуюцца шматлікім гасцям, якія не стамляюцца фатаграфаваць ды здзіўляцца простаму, але гарманічнаму побыту беларусаў канца XVIII — XIX стст. Ля карчмы весела гралі музыкі з ансамбля народных інструментаў пад кіраўніцтвам М.Сіраты. Скрыпка, гармонік ды бубен заклікалі: “Пчолка, пчолка, прыляці!”. У карчму я таксама не прамінула зайсці — і амаль што ў XIX ст. апынулася: інтэр’ер — тагачасны, людзі, праўда, у вопратцы сучаснай. І каву вараць у кававарцы, зробленай па апошнім слове тэхнікі.

За карчмой, на пагорку — пляцоўка “Ля арэляў”.

— Калі ласка, удзельнічайце ў гульнях! Атрымлівайце дукаты, а пасля мяняйце іх на цудоўныя прызы! — заклікалі дзяўчаты ў народных строях.

Разнастайныя гульні і забавы, якімі цешыліся нашы продкі, аднавілі і прапанавалі гасцям свята супрацоўнікі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ранак”. Тут можна было паскакаць цераз перакладзіну, пацэліць у вянок... На рознакаляровы кій дзяўчынкі лавілі жоўтыя, сінія і чырвоныя абручыкі.

Хлопцы гушкаліся на драўляных арэлях. А адна сям’я вытаргоўвала сабе прыгожы прыз.

— 8 дукатаў каштуе млын, — кажа гандлярка, — а гэтая размаляваная свінка — 2 талеры (20 дукатаў) і 2 дукаты.

Гаршчок — таксама два талеры. Грошай у матулі не хапала, а дзеці ж так самааддана ўдзельнічалі ў конкурсах! Сышліся на тым, што трэба яшчэ “падзарабіць” — тады і скінуць можна дукат-другі…

“Жывое слова” на прызбе 

На самай далёкай пляцоўцы — “Сядзібе з вёскі Будзічы”— наладзілі цудоўную творчую імпрэзу артысты тэатра “Жывое слова”.
На прызбе размясціліся гледачы і акцёры ў беларускіх строях. Па чарзе выканаўцы выходзілі на сярэдзіну парослага травою двара — і чыталі вершы, разыгрывалі невялічкія побытавыя п’есы. Спявалі з душой, так, што хацелася на ўвесь неабсяжны прастор крыкнуць: “Як жа я люблю цябе, Беларусь! Якая ты ў мяне непаўторная, велічная, дарагая — з мовай сваёй, як песняй!”
“Прарастала з нябыту слова — да тваёй чысціні”, — несліся мне ўслед галасы маладых артыстаў. Свята падыходзіла да завяршэння, але яно кінула зерне ў сэрцы тых, хто завітаў у музей 26 мая на ўрачыстасць Беларускага Слова. І гэтыя зярняты абавязкова прарастуць у іх душах.


Таццяна МАЦЮШОНАК,
студэнтка факультэта
журналістыкі БДУ