Вам песню “ад галавы” ці “для розуму”?

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

Уладальнікі народных галасоў на два дні “пасяліліся” ў канцэртнай зале Мінскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М.І. Глінкі. У першы дзень з 27 канкурсантаў, кожны з якіх спяваў па дзве песні (адну з іх — акапэльна, без акампанементу), журы адабрала 14. Тыя атрымалі магчымасць выступіць са славутым калектывам — Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Беларусі імя І.Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Казінца.

 

/i/content/pi/cult/259/3915/18-1.jpgТакі від музіцыравання, як народныя спевы, распаўсюджаны ў нас даволі шырока. І гэта не толькі прафесійныя і аматарскія фальклорныя калектывы, якіх багата. У свой час менавіта на народных песнях і іх апрацоўках пачаў будавацца рэпертуар навучэнцаў многіх і многіх школ з эстэтычным, музычным ухілам, дзе таксама ўзнікалі свае ансамблі, гурты, што нават выязджалі за мяжу. А вось конкурсу адпаведнага - не было. Нават у Паставах, дзе традыцыйна праводзіцца Міжнародны фестываль "Звіняць цымбалы і гармонік", акцэнт робіцца менавіта на інструментальнай культуры, вакалісты ж спаборнічаюць, найперш, у жанры прыпевак. Таму з'яўленне намінацыі "Народныя спевы" ў конкурсе "Зорка ўзышла над Беларуссю" трэба толькі вітаць. Да таго ж, трэці тур гэтага спаборніцтва, у адпаведнасці з самымі высокімі міжнароднымі патрабаваннямі акадэмічных выканальніцкіх конкурсаў, праходзіў у суправаджэнні аркестра. Іншая справа, што цяперашняя першая спроба надалей павінна ўдасканальвацца.

Дык каго і што мы пачулі? Склад удзельнікаў фінальнага тура адлюстроўваў агульнае прадстаўніцтва канкурсантаў гэтай намінацыі. На адным полюсе- адораныя школьнікі (паводле ўзроставага цэнзу - старшакласнікі). На другім- сапраўдныя прафесіяналы, якія пасля заканчэння профільнай навучальнай установы сталі (ці вось-вось стануць) маладымі спецыялістамі. На трэцім (быў і такі) - ансамблі, якія спаборнічалі не асобна, а разам з салістамі-вакалістамі. Сярод творчых згуртаванняў, зноў жа, не прадугледжаны падзел на студэнцкія калектывы і аматарскія. Падобная сумесь юнакоў-навучэнцаў і ўжо вопытных, але маладых па ўзросце майстроў (праўда, часцей без з'яднання салістаў і калектываў у адну намінацыю) уласціва, здавалася б, любому сур'ёзнаму "даросламу" конкурсу выканаўцаў. Але там ёсць дадатковая ўмова - наяўнасць у першым туры найскладаных абавязковых твораў, што, безумоўна, у той ці іншай ступені "выроўнівае" ніжнюю тэхнічную планку канкурсантаў. Пакуль жа фінал конкурсу стаўся не столькі выяўленнем юных талентаў, колькі ацэнкай навучанасці яго ўдзельнікаў. Агульны ўзровень фіналістаў быў дастаткова высокі (і галасы ва ўсіх ёсць, і бляск у вачах, што сведчыць пра неадольнае жаданне спяваць, дый само па сабе выкананне з аркестрам чаго вартае!), але конкурсу не хапала яркіх, адметных творчых асоб - звычайная праблема для апошняга часу, распаўсюджаная настолькі, што ўжо пачала прэтэндаваць на катэгорыю "вечных пытанняў".

 А што ж рэпертуар? Да яго, пагадзіцеся, бывае больш за ўсё пытанняў на эстрадных конкурсах. А як на конкурсе народных спеваў? Тым больш, тут, паводле ўмоў, выконваліся апрацоўкі не толькі народных песень, але і арыгінальных твораў. Так што без сумнеўных паводле мастацкіх якасцей опусаў, на жаль, не абышлося. Хаця, трэба аддаць належнае таленавітым і спрактыкаваным майстрамаранжыроўшчыкам аркестра (і найперш - знакамітаму Аляксандру Крамко): яны зрабілі ўсё магчымае і нават немагчымае, каб згладзіць некаторыя хібы, расквеціць песні інструментальнай каларыстыкай, прыгожымі падгалоскамі, парознаму "пафарбаваць" куплеты, каб надаць песням драматургічнае развіццё. Былі і такія прыклады "высокай песеннай класікі", нібы "пазычаныя" з эстрадных конкурсаў, як "Жураўлі на Палессе ляцяць" Ігара Лучанка, "Каля Чырвонага касцёла" Леаніда Захлеўнага. Цудоўна прагучала "Прызнанне" Ларысы Мурашка: гэтая песня, трапна абраная Кацярынай Булатоўскай, дапамагла спявачцы напоўніцу прадэманстраваць свой прыгожы, надзвычай "аб'ёмны" голас і выдатнае ўменне распараджацца ім. І, наадварот, некаторыя песні паказвалі голас даволі аднатыпова, толькі з аднаго боку- на ўзроўні рэзкіх, крыклівых "прыгаворванняў", камусьці з удзельнікаў папросту не хапала густу. Разам з тым, заўважны быў часты зварот да не самых агульнавядомых фальклорных прыкладаў, ледзь не за кожнай песняй адчуваўся папярэдні працэс пошуку. А калі так, ён абавязкова прынясе поспех: мабыць, не адразу, але праз некаторы час- дакладна. Журы вынесла свой вердыкт. Але ж цікава было пачуць каментарый дырыжора, бо яму давялося сутыкнуцца з канкурсантамі не толькі ў час выступлення, але і на рэпетыцыі. - Сярод тых, каго журы вылучыла на фінальны этап конкурсу,- сказаў народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Казінец, - шмат таленавітых маладых людзей з гучнымі, свежымі галасамі.

/i/content/pi/cult/259/3915/18-3.jpgБольшасць з іх не проста спявае, а літаральна жыве, дыхае народнай песняй, мовай, народнай культурай. За кожным адчуваецца рэгіён, які ён прадстаўляе, бо на тым жа Палессі - сваё маўленне, іншыя інтанацыйныя асаблівасці. Дый увогуле, народныя песні- гэта такая скарбніца! У іх і весялосць, і трапны беларускі гумар, і сум, і жальба, і роздум... Можна знайсці ўсё: і для чулага сэрца, і для разумнай галавы, і для настрою - каб галава не балела. Толькі чэрпай ды чэрпай! А конкурсаў, дзе можна было б шырока паказваць беларускія, рускія, украінскія народныя песні не ў эстраднай апрацоўцы, а менавіта ў народнай манеры выканання, у нас не было. Сёння, вядома, некаторым замінала залішняе хваляванне: на рэпетыцыі яны выглядалі больш упэўнена і пераканаўча. Але гэты вопыт пойдзе ім на карысць. Хочацца верыць, што конкурс не завершыцца адно падвядзеннем вынікаў. Ён павінен жыць і развівацца. Бо толькі цяпер ён пачаў набіраць абароты і, галоўнае, інфармаванасць сярод патэнцыйных удзельнікаў. Адна справа - аб'ява аб конкурсе і водгук на яе. Зусім іншая - веданне таго, што такі конкурс існуе трывала. Гэта дае адпаведную "настройку", дапамагае падрыхтавацца больш грунтоўна. Спаборніцтва, можна сказаць, стала выпрабаваннем і для нашага калектыву: усяго за 10 дзён было зроблена 28 аранжыровак! Не ўсе з іх прагучалі, бо журы дапусціла ў фінал толькі палову ўдзельнікаў другога тура, але, трэба спадзявацца, многія з гэтых "непраспяваных" песень будуць запатрабаваны ў нашай далейшай канцэртнай практыцы. І- на наступных такіх конкурсах!

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"