Усё лепшае— на гала-канцэрце

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

22 красавіка ў Міністэрстве культуры адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю”, на якім былі падведзены вынікі другога і трэцяга этапаў творчага спаборніцтва, а таксама абмеркаваны нюансы фінальнага гала-канцэрта. Чакаецца, што лаўрэаты конкурсу атрымаюць узнагароды, а таксама прадэманструюць свае здольнасці 7 мая, напярэдадні Дня Перамогі, у Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

 

/i/content/pi/cult/259/3914/zorka.jpgНа пасяджэнні, якое прайшло пад старшынствам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі, было вырашана, што ў гэты дзень а 16-й гадзіне лепшыя "зоркі"-пераможцы выйдуць на Вялікую філарманічную сцэну. Работы лаўрэатаў у "несцэнічных" намінацыях будуць дэманстравацца тут жа, у фае філармоніі, і на экране ў глядзельнай зале. Чакаецца, што за гадзіну да пачатку канцэрта будуць уручаны дыпломы лаўрэатаў уладальнікам другіх і трэціх месцаў, а таксама спецыяльныя дыпломы рэспубліканскага журы. Што да пераможцаў, то яны атрымаюць свае ўзнагароды непасрэдна пад час канцэрта. "Апошні дзень конкурсу мусіць стаць сапраўдным святам," - гэтая думка пад час пасяджэння аргкамітэта выказвалася не раз. Фінальная "кропка" самага маштабнага на сённяшні дзень маладзёжнага творчага спаборніцтва павінна запомніцца не толькі ўдзельнікам і арганізатарам, але і аматарам мастацтва з усёй краіны.

Гала-канцэрт, несумненна, трапіць пад асаблівую ўвагу і з боку сродкаў масавай інфармацыі. Белтэлерадыёкампанія плануе весці запіс мерапрыемства. Дарэчы, урачыстасці 7 мая распачнуцца прэс-канферэнцыяй прадстаўнікоў аргкамітэта і членаў рэспубліканскага журы, якая адбудзецца ў 14.30 у філармоніі. Тое, што конкурс "Зорка ўзышла над Беларуссю" пакіне відавочны след у культурным жыцці краіны, сведчыць і агучаная на пасяджэнні аргкамітэта статыстыка. У другім этапе конкурсу спаборнічалі 1294 удзельнікі, з якіх- каля сотні калектываў, а ў трэцім- амаль 600 канкурсантаў, 67 з іх сталі лаўрэатамі. Той факт, што пераможцы былі выяўлены не ва ўсіх намінацыях, павінен стаць падставай для сур'ёзнага аналізу становішча па адпаведных накірунках падрыхтоўкі кадраў для сферы культуры. Аб гэтым заявіў старшыня аргкамітэта, міністр культуры Павел Латушка. Адначасова, будуць прааналізаваны і астатнія, у тым ліку арганізацыйныя, вынікі конкурсу. Як было заяўлена пад час пасяджэння, першы ў гісторыі конкурс "Зорка ўзышла над Беларуссю" быў праведзены на належным арганізацыйным узроўні і знайшоў увасабленне на старонках беларускіх газет і ў эфіры тэлеканалаў. Апошняму, пра што было адзначана на нарадзе, спрыяла і праца Рэспубліканскага прэс-цэнтра, які быў створаны на базе РВУ "Культура і мастацтва".

Аб правядзенні фінальных спаборніцтваў па намінацыях конкурсу чытайце далей.