Музей, тэатр, філармонія...

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

Выстаўка “Святыя заступнікі ў праваслаўным іканапісе XVI — XIX стагоддзяў” адкрыецца сёння ў гонар 75-годдзя з дня нараджэння Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.

Гэтая падзея - адна з шэрагу мерапрыемстваў, якія будуць рэалізаваны сумесна Беларускім Экзархатам і Міністэрствам культуры ў 2010 годзе, паведамляе начальнік аддзела рэлігій апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Марына Цвілік. Ініцыятарам экспазіцыі каштоўных абразоў у Нацыянальным мастацкім музеі выступіў Беларускі Экзархат, а дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў падтрымаў ідэю. Дзякуючы яго рабоце наведвальнікі пабачаць творы не толькі з фондаў установы, але і са збораў Яраслаўскага мастацкага музея: гэта абразы Мікалая Цудатворца, Васіля Вялікага, Іаана Златавуста... Да 75-годдзя Мітрапаліта прымеркаваны канцэртная праграма ў Белдзяржфілармоніі і сустрэча ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета. З удзелам Беларускай Праваслаўнай Царквы будзе арганізавана шмат культурных мерапрыемстваў. Да прыкладу, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў ужо праходзіць фотавыстаўка, прымеркаваная да падзеі. З 31 мая па 5 чэрвеня ў Культурнай сталіцы рэспублікі- Полацку - адбудуцца Кінафестываль духоўна-патрыятычнага кірунку і Музычны фестываль праваслаўнай творчасці.