З пазіцый ХХІ стагоддзя

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

Сёння ў Мінску завяршаецца праца Рэгіянальнай выніковай канферэнцыі музейных спецыялістаў краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў “Кіраванне музеем — XXI стагоддзе”.

/i/content/pi/cult/259/3912/3-1.jpg22 красавіка ў Вялікай зале Выканкама СНД у беларускай сталіцы адбылося ўрачыстае адкрыццё канферэнцыі. У сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў мерапрыемства міністр культуры нашай краіны Павел Латушка адзначыў, што канферэнцыя павінна паспрыяць умацаванню партнёрскіх сувязей паміж музеямі краін СНД, а таксама пасадзейнічаць развіццю музейнай справы на ўсёй постсавецкай прасторы. Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Бюро UNESCO ў Маскве, Нацыянальная камісія Рэспублікі Беларусь па справах UNESCO, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Грамадскае аб'яднанне "Беларускі камітэт Міжнароднага Савета Музеяў "ICOM", Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел супрацоўнікі міністэрстваў культуры з краін СНД, якія курыруюць музейную дзейнасць, міжнародныя музейныя эксперты, прадстаўнікі нацыянальных камітэтаў "ІСОМ", спецыялісты сферы музейнай адукацыі і захавання культурных каштоўнасцей.
На канферэнцыі абмяркоўваліся актуальныя праблемы і перспектывы развіцця музейнай справы ў краінах Садружнасці, а таксама вялася распрацоўка праграмы сумесных дзеянняў музейных спецыялістаў дзяржаў - удзельніц СНД па далейшым удасканаленні партнёрскіх сувязей і міжмузейнага супрацоўніцтва. Пад час канферэнцыі адбыўся "круглы стол" экспертаў, мэтай якога з'яўлялася прыняцце рэкамендацый і плана сумесных дзеянняў па далейшым узаемадзеянні між музейнымі спецыялістамі з краін СНД у сферы прафесійнай адукацыі і музейнай дзейнасці. А 21 красавіка ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь адбылася сустрэча міністра культуры Паўла Латушкі і дырэктара Бюро UNESCO ў Маскве Дэндзевам Бадарча. У ходзе перамоў абмяркоўваліся пытанні сумеснай дзейнасці па правядзенні ў 2011 годзе ў Мінску Рэгіянальнай кансультатыўнай сустрэчы экспертаў краін СНД з міжнародным удзелам па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў кантэксце Міжнароднай канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Кіраўнік Міністэрства культуры падзякаваў Дэндзеву Бадарча за супрацоўніцтва, падтрымку і рэалізацыю сумесных праектаў Беларусі і UNESCO.