Мележаўская алея і дарога жыцця

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

Хойнікі працягваюць рыхтавацца да Дня беларускага пісьменства. У ліку аб’ектаў культуры, што рамантуюцца да свята, — сядзібны дом ХІХ стагоддзя, дзе неўзабаве размесціцца мясцовы краязнаўчы музей.

Па словах начальніка аддзела культуры Хойніцкага райвыканкама Валянціны Баранавай, рэканструкцыяй гэтай сядзібы, што знаходзіцца ў гарадскім парку, займаюцца гомельскія будаўнікі. Мяркуецца, што менавіта перад новым музеем, у старасвецкім парку, з'явіцца да Дня беларускага пісьменства алея мележаўскіх літаратурных герояў. Як паведамляе "К" начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Чумакоў, абвешчаны конкурс на лепшую прапанову па васьмі бронзавых выявах герояў "Палескай хронікі". "К" звязалася са старшынёй Праўлення гомельскай арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Робертам Ландарскім. Ён удакладніў, што ўсе конкурсныя прапановы будуць разгледжаны на пасяджэнні Савета па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве, што дзейнічае пры аблвыканкаме. У Хойніках пройдуць і мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне чарнобыльскай трагедыі. Увечары 25 красавіка моладзь райцэнтра зладзіць шэсце з запаленымі свечкамі ад Цэнтра культуры і спорту да Помніка смутку, што паўстаў успамінам аб вёсках раёна, адселеных з зоны радыяцыйнага забруджвання.
 Гэтымі ж днямі завершыцца ХХIV Міжнародная сацыяльна-творчая праграма "Чарнобыльскі шлях - дарога жыцця па роднай зямлі", якая стартавала ў лютым і прайшла па 28 раёнах Гомельскай, Магілёўскай, Брэсцкай, Гродзенскай абласцей, па рэгіёнах Смаленшчыны і Браншчыны, што пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. Арганізатары праекта - Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры, Беларускі дзіцячы фонд. 21 красавіка ў парку "Надзея" аграгарадка "Вішнёўка", што на Міншчыне, адбыліся заключныя мерапрыемствы "Дарогі жыцця па роднай зямлі". Яны прысвечаны 65-годдзю Вялікай Перамогі. А ўдзел у закрыцці праграмы бралі таленавітыя дзеці і падлеткі Валожынскага і Мінскага раёнаў.