Будынак, у якім знаходзіцца Савет Рэспублікі, перайшоў яму "ў спадчыну" ад Інстытута гісторыі КПСС. На пачатку 1980-х яго лесвіца была аздоблена цудоўнымі вітражамі, створанымі маладымі мастакамі. Адзін з іх - прафесар БДАМ Аляксандр Ксяндзоў - і выступіў ініцыятарам правядзення гэтай экскурсіі. Паводле зместу, вітражы сённня могуць успрымацца як адзін з помнікаў свайго часу. Але, паводле эстэтыкі, аўтары арыентаваліся менавіта на класічныя ўзоры. - Наш творчы калектыў патраціў багата часу на вывучэнне вітражоў у суседніх краінах. Асабліва нас зацікавілі культавыя творы ў каталіцкіх храмах, - здзівіў прысутных Аляксандр Ксяндзоў. Між тым, эпоха змянілася, і адзін з лесвічных пралётаў застаўся неаздоблены. З часам гэты прабел быў запоўнены вітражом мастачкі Таццяны Папельскай. Матывы тут зусім іншыя: паглыбленне ў "сівую даўніну" летапіснай гісторыі Беларусі. Сустрэча са студэнтамі старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Антаніны Моравай адбылася ў зале пасяджэнняў Савета Рэспублікі. Перад пачаткам гутаркі студэнты маглі азнаёміцца з функцыянаваннем усталяванай там тэхнікі і націснуць на кнопку для галасавання. Выступленне Антаніны Моравай тычылася як дзейнасці Савета Рэспублікі, так і ўдасканалення беларускага заканадаўства ў сферы маладзёжнай палітыкі. Дарэчы, адказваючы на зададзенае з залы пытанне: ці мае хтосьці з прысутных шанц калі-небудзь апынуцца ў гэтым крэсле ўжо не ў ролі экскурсанта, - Антаніна Морава запэўніла, што сумленная і адказная праца заўсёды прыводзіць да кар'ернага росту. Такі лагічны ланцужок прадугледжаны айчынным заканадаўствам.
Наш кар.
На здымку: Антаніна Морава (трэцяя справа) пасля сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Акадэміі мастацтваў.
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА