Сустрэліся… палескія музыкі і шведскія фермеры

№ 23 (789) 09.06.2007 - 16.06.2007 г

Фестываль сучаснага шведскага кіно, які ладзіць у рамках Дзён культуры Швецыі ў Беларусі Шведскі інстытут, 7 чэрвеня сабраў пад дахам кінатэатра “Цэнтральны” беларускіх і шведскіх… правінцыялаў. Я маю на ўвазе палескіх музыкаў з карціны Галіны Адамовіч “Мужчынская справа” і шведскіх фермераў — са стужкі Андэрса Фельмана і Даніэля Свэрда “Там, як тут”. Маленькі кінафорум, які прысвечаны тэме жыцця людзей у мястэчку, адкрывалі дзве дакументальныя стужкі беларускага і шведскіх рэжысёраў.

 /i/content/pi/cult/118/391/Shvedy.jpg
Кадр з фільма "Чортавы правінцыялы".
Таксама ў рамках кінафоруму — мастацкія карціны шведскіх мастакоў Еспера Гансланта — “Бывай, Фалькенберг”, Марыі Блум — “Чортавы правінцыялы”, Ульфа Мальмраса — “Віват, кароль!”. Уладальніца “Прыза кінапрэсы” кінафестывалю “Лістапад — 2006”, намінант на прэмію “Оскар” у 2004 годзе, стужка Кая Полака “Як на нябёсах” была паказана асобным сеансам у кінатэатры “Перамога” і яшчэ раз здабыла сабе славу аднаго з найлепшых фільмаў мінулага года.
Сёлетнія Дні культуры Швецыі ў Беларусі ўвабралі ў сябе яшчэ і Літаратурна-музычныя дні, што прайшлі ў Мінску, Гродне і Пінску з удзелам шведскіх і беларускіх пісьменнікаў і музыкантаў, ды прэзентацыі кніг — беларускага даследчыка Андрэя Катлярчука “Шведы ў гісторыі і культуры беларусаў” і шведскага ілюстратара і пісьменніка Енца Албома “Ёнатан з гары чаек”.
“На восень Аддзяленнем Пасольства Швецыі ў РБ ужо запланаваны новыя культурныя мерапрыемствы, — падзялілася падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай Нацыянальнаму святу Швецыі — Дню шведскага сцяга, які адзначаецца 6 чэрвеня, каардынатар праграм у галіне культуры, інфармацыі і прэсы Аддзялення Алена Касько. — Выстаўка срэбных упрыгожанняў у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры і Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, а таксама майстар-клас шведскіх дызайнераў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Шведскі інстытут таксама мае шмат розных праграм і па культурным абмене”.Кіраўнік Аддзялення Пасольства Швецыі ў РБ Стэфан Эрыксан на сустрэчы з журналістамі адзначыў, што ў перспектыве даўно чакаюць свайго часу і Дні эканомікі Швецыі ў Беларусі, а таксама не падаецца нерэальным праектам будаўніцтва ў Мінску супермаркета фірмы IKEA.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ