Вынікі падведзены

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

Падведзены вынікі агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю па ахове працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму ў сістэме Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

У аглядзе-конкурсе ўдзельнічалі 38 арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству культуры па чацвёртай намінацыі, і ўсе абласныя ўпраўленні культуры ў трох намінацыях. Мінскае гарадское ўпраўленне культуры прадстаўлена ў адной намінацыі. Правядзенне агляду-конкурсу дазволіла палепшыць умовы і ахову працы на працоўных месцах, больш якасна праводзіць інструктажы па ахове працы, навучанне і праверку ведаў работнікаў па пытаннях аховы працы, знізіць вытворчы траўматызм. Упраўленне капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, Прэзідыум ЦК прафсаюза работнікаў культуры пры ўдзеле спецыялістаў асноўных упраўленняў цэнтральнага апарата прааналізавалі матэрыялы, якія паступілі, і вызначылі па тры арганізацыі-прэтэндэнты ў чатырох намінацыях агляду-конкурсу. У пратаколе пасяджэння калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Прэзідыума Цэнтральнага камітэта прафсаюза (ад 19.03.2010 №1), у прыватнасці, адзначана, што пераможцамі агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю па ахове працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму ў сістэме Міністэрства за 2009 год сталі наступныя ўстановы.
У намінацыі "Лепшая арганізацыя культуры камунальнай формы ўласнасці па ахове працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму ў сістэме Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь" дыпломам І ступені і каштоўным падарункам узнагароджана ўстанова адукацыі "Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў" упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама; дыпломам ІІ ступені - Дзяржаўная ўстанова "Палац культуры г. Маладзечна" ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама; дыпломам ІІІ ступені - Дзяржаўная канцэртная ўстанова "Віцебская абласная філармонія". Сярод аддзелаў культуры раённых (гарадскіх) выканаўчых камітэтаў месцы размеркаваліся наступным чынам. Дыпломам І ступені і каштоўным падарункам узнагароджаны аддзел культуры Аршанскага райвыканкама; дыпломам ІІ ступені- аддзел культуры Кобрынскага райвыканкама; дыпломам ІІІ ступені - аддзел культуры Магілёўскага райвыканкама.
Сярод упраўленняў культуры аблвыканкамаў дыпломам І ступені і каштоўным падарункам узнагароджана магілёўскае; дыпломам ІІ ступені - гомельскае; дыпломам ІІІ ступені - віцебскае. У намінацыі "Лепшая арганізацыя культуры рэспубліканскай формы ўласнасці па ахове працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму ў сістэме Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь" журы вырашыла ўзнагародзіць дыпломам І ступені і каштоўным падарункам установу культуры "Відовішчна-культурны комплекс "Гомельскі дзяржаўны цырк"; дыпломам ІІ ступені - установу адукацыі "Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў"; дыпломам ІІІ ступені - установу "Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь". Таксама на пасяджэнні калегіі адзначаны добры ўзровень работы па ахове працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму ў наступных арганізацыях: ва ўстанове культуры "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна"; дзяржаўнай гісторыка-культурнай установе "Гомельскі палацава-паркавы ансамбль"; установе адукацыі "Магілёўскі дзяржаўны музычны каледж імя М.А. Рымскага-Корсакава"; аддзеле культуры Рагачоўскага раённага выканаўчага камітэта Гомельскай вобласці; дзяржаўнай установе "Нацыянальная бібліятэка Беларусі"; камунальным унітарным прадпрыемстве "Брэстаблкінавідэапракат"; дзяржаўнай установе "Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур"; установе адукацыі "Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж"; установе адукацыі "Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры"; ва ўпраўленнях культуры Гродзенскага і Мінскага аблвыканкамаў. На іх адрас накіраваны лісты з падзякай.