Кшыштаф ГЕРАЛТОЎСКІ: “Мяне цікавіць не твар — характар"

№ 23 (789) 09.06.2007 - 16.06.2007 г

Убачыць партрэты пана Гералтоўскага — гэта, па меншай меры, патрапіць у галерэю яскравых і запамінальных вобразаў, а па вялікім рахунку — на карнавал, дзе кожнага можна пазнаць, але — і трошкі падмануцца. Наша вока, нібыта святло фотаўспышкі, выхоплівае на партрэце вочы, рукі, постаць і — стварае маляўнічае аблічча Персоны. Станіслаў Лем, Славамір Мрожэк, Кшыштаф Кясьлеўскі — знакавыя фігуры польскай культуры ўзнікаюць перад намі спакваля, нечакана: у гульні колераў, святла і ценю, у сваім экспрэсіўным і адначасова існым абліччы, — і праз хвіліну забыцца на партрэт ужо немагчыма. Фотапартрэты Гералтоўскага — гэта святложывапіс, тэатр, гісторыя ў людзях, гісторыя Польшчы. А што ж сам аўтар? Падчас візіту ў Мінск пан Гералтоўскі скарыў усіх, “заразіўшы” святочным настроем. Бадзёры, дасціпны, праніклівы, фатограф з ахвотаю дзяліўся з кожным цікаўным гісторыямі партрэтаў і сваімі сакрэтамі. “Насамрэч, я нічога такога не раблю, — паціскаў ён плячыма, — стаўлю святло, запрашаю чалавека — і нешта такое вось атрымліваецца”. Што яшчэ можна дадаць?

 /i/content/pi/cult/118/390/VIP.jpg
— Пан Гералтоўскі, на вашым
аўтапартрэце вы — у вадзе. Гэта азначае, што вы любіце плаваць?
— Не, — раптам сур’ёзна адказвае майстар. — Проста, мяне аднойчы хацелі “ўтапіць”. Партрэт зроблены ў тыя часіны, калі мяне хацелі выціснуць з культурнай прасторы краіны, не прызнавалі. Мяне і маю справу хацелі “ўтапіць”. Але я выплыў. Увогуле, у мяне некалькі аўтапартрэтаў, і кожны адпавядае пэўнаму часу ў жыцці, адчуванню сябе ў ім. Тут я ледзь трымаюся на вадзе, а ёсць іншы, дзе я з вусамі і барадой. Шмат партрэтаў.
— Якім чынам нараджаецца ў вас фотавобраз той ці іншай асобы?
— Гэта адбываецца па-рознаму. Напрыклад, калі я працаваў з шырокавядомым у нас адвакатам Уладзімежам Шошукам, ён папрасіў: “Зрабі мяне падобным да ліса”. Прапанова зыходзіла ад яго, але я пагадзіўся. І сфатаграфаваў яго такім вось — хітрым і падазроным, у парыку з хвосцікам.А, напрыклад, партрэт Кшыштафа Кясьлеўскага атрымаўся зусім іншым. Я сустрэў рэжысёра ў Вышэйшай тэатральнай і кінематаграфічнай школе ў Лодзі. Ён быў вельмі стомлены і ўвесь час цёр свае вочы. Я і сфатаграфаваў яго такім — стомленым і задуменным. Мне падаецца, што ў гэтым фота і праявіўся ўвесь Кясьлеўскі.Наогул, кожны партрэт — гэта асобная гісторыя. Можна сказаць, што вобраз нараджаецца ў той момант, калі чалавек забываецца на тое, што я яго фатаграфую.
— Кажуць, што фатаграфія — гэта, увогуле, вельмі інтымны творчы працэс. Вы згодны з гэтым?
— Напэўна. Памятаю, калі здымаў Чэслава Мілаша, быў такі момант. Мы гаварылі з ім на розныя тэмы, але ўсё было нешта не тое, нечага неставала, каб ухапіць яго сутнасць. І я спытаў у яго: “Чэслаў, а ці даравалі вы радзіме за тое, што яна зрабіла з вамі?” — маючы на ўвазе той факт, што пісьменніка вымусілі з’ехаць з Польшчы ў камуністычныя часы. Ён заплюшчыў вочы і выдыхнуў: “Не”. Гэты момант і быў існым, вельмі інтымным, можна сказаць. І я паспеў занатаваць яго на стужку.
— На партрэтах вы ўказваеце прафесіі людзей. Не падаецца, што гэта — у пэўнай ступені — нейкае абмежаванне?
— Чаму? З прафесіяй чалавека можна “пагуляць”, яна шмат гаворыць аб людзях. Папраўдзе яна раскрывае іх сутнасць. Тым больш, што хтосьці можа бачыць маіх герояў упершыню.Вось, паглядзіце на партрэт Станіслава Лема. Я зрабіў яго так, что на фатаграфіі — толькі палова твару пісьменніка і філосафа, а справа — цёмная пляма. Я вырашыў “пагуляць” з тэмай фантастыкі, якая блізкая пісьменніку. Мне падаецца, што атрымалася нешта такое іншапланетнае.
— Бадай што! А ў вас не ўзнікала думка зрабіць серыю еўрапейскіх партрэтаў?
— Канешне. Але такі праект вымагае належнага фінансавання. Ёсць асобы ў еўрапейскай культуры, сфатаграфаваць якіх я лічыў бы за гонар, але ўрад Германіі з ахвотай дае грошы на нямецкія партрэты, Францыя — на французскія і г. д., а на еўрапейскую галерэю чамусьці пакуль мецэнатаў не знайшлося.
— І якія твары прывабліваюць найперш вашу ўвагу?
— Справа ў тым, што мяне не цікавіць твар чалавека — мяне цікавіць характар. Калі ў чалавека ён ёсць — гэта відаць і па твары. Знешні воблік — усяго толькі праяўленне ўнутранага.
— Вы пагадзіліся б зрабіць беларускую фотагалерэю?
— Так. У Беларусі нямала людзей, якіх я б хацеў сфатаграфаваць, але, пагадзіцеся, гэтая ініцыятыва павінна зыходзіць не толькі з майго боку.
— Дазвольце задаць вам яшчэ адно пытанне. Што з’яўляецца крыніцай вашай неверагоднай жыццярадаснасці?
— Ведаеце, я не лічу сябе надзвычай жыццярадасным чалавекам. Маё дзяцінства выпала на ваенныя часы, і я бачыў жудасныя рэчы, якія ніколі не забуду. Але жыццё ідзе наперад. І я раблю сваю справу як спосаб размовы са светам. І, балазе, аддаю перавагу таму, каб проста ісці наперад. 

Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ  

Даведка
Кшыштаф ГЕРАЛТОЎСКІ здабыў славу выбітнога партрэтыста ў 70-ыя гады мінулага стагоддзя. Абапіраючыся на традыцыі польскага жывапіснага партрэта, фатограф стварыў свой уласны стыль фотапартрэтыстыкі, адметныя прыкметы якога — псіхалагізм і экспрэсія. “Жанчыны на яго партрэтах, — пішуць мастацтвазнаўцы, — гэта дамы з выразным тэмпераментам, уладныя і суровыя, нібы дамы з партрэтаў былых вякоў, затое мужчыны — гэта кавалеры, рыцары, сярод іх ёсць і мысліцелі, і мяснікі”. Сярод мадэлей Гералтоўскага — выбітныя фігуры польскай культуры: журналісты, пісьменнікі, мастакі, рэжысёры, юрысты...У 80-ыя Гералтоўскі скарае фатаграфічны свет Еўропы, Амерыкі, Азіі.Арнольд Ньюмэн, класік амерыканскай фатаграфіі, называе польскага майстра адным з найлепшых фатографаў апошніх дзесяцігоддзяў.У 1982 годзе бярэ старт адзін з самых вядомых праектаў Гералтоўскага — “Палякі: сучасныя партрэты”. І на сённяшні дзень калекцыя фотамастака налічвае больш за 90 тысяч негатываў. Выбраныя творы з гэтай калекцыі і былі прадстаўлены з дапамогай Польскага Інстытута ў Мінску ў Беларусі: у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і галерэі “Свет фота” ў Мінску. Сёння калекцыя экспануецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.Польскі фатограф мае ўласную галерэю-студыю ў Варшаве. Выкладае ў Вышэйшай школе візуальных мастацтваў і новых медыя.