Трэці этап пад… зорным небам

№ 16 (936) 17.04.2010 - 23.04.2010 г

Рэспубліканскі конкурс маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю” выйшаў на фінішную прамую: 15, 16, і 17 красавіка ў Мінску адбыліся фінальныя спаборніцтвы ва ўсіх намінацыях, апрача “Эстрадных спеваў”, пераможцы ў якой сталі вядомыя тыдзень таму. Карэспандэнты Рэспубліканскага прэс-цэнтра, адкрытага на базе РВУ “Культура і мастацтва”, наведалі ўсе конкурсныя пляцоўкі. Падрабязна пра фіналы ў намінацыях чытайце ў наступным нумары “К”, а пакуль — некалькі слоў пра ўрачысты старт этапа, што атрымаўся сапраўды яркім і святочным.

 

/i/content/pi/cult/258/3899/3-1.jpg /i/content/pi/cult/258/3899/3-2.jpg
/i/content/pi/cult/258/3899/3-3.jpg /i/content/pi/cult/258/3899/3-4.jpg
Канкурсанты пачалі з'язджацца ў сталіцу яшчэ з раніцы. Цэнтрам іх рэгістрацыі стаў мінскі Палац дзяцей і моладзі. Аднак цырымонія адкрыцця трэцяга, заключнага, этапа "Зоркі...", адбылася на сцэне Маладзёжнага тэатра эстрады. Гэты пункт відавочна не стаў лішнім у праграме: ён дапамог стварыць агульную атмасферу свята, пазітыўны эмацыйны настрой, з якім удзельнікі раз'ехаліся па розных установах культуры сталіцы, дзе праходзілі самі спаборніцтвы. На пачатку мерапрыемства ў Маладзёжным тэатры эстрады на сцэну выйшаў старшыня арганізацыйнага камітэта конкурсу - міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, які прывітаў удзельнікаў і пажадаў ім поспеху. - Ініцыятыва правядзення Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў належыць Прэзідэнту нашай краіны Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, - зазначыў у сваёй прамове Павел Латушка. - Назва нашага конкурсу ўзнікла пад уплывам вядомага радка з верша класіка нашай літаратуры Максіма Багдановіча.

/i/content/pi/cult/258/3899/3-5.jpg /i/content/pi/cult/258/3899/3-6.jpg
Мяркую, зорка шмат каго з сённяшніх канкурсантаў хутка заззяе на небасхіле айчыннай і сусветнай культуры. Сімвалічна, што фінальныя этапы конкурсу адбываюцца напярэдадні вялікага свята - 65годдзя Перамогі! Хочацца павіншаваць усіх удзельнікаў заключнага этапа не толькі з тым, што яны здолелі туды трапіць. Усе канкурсанты могуць лічыць сябе пераможцамі, бо яны годна прадэманстравалі творчыя здольнасці. Хочацца павіншаваць іх з тым, што яны маюць такую вялікую цікавасць да сферы культуры, жаданне развіваць свае таленты надалей. Вялікі дзякуй арганізатарам "Зоркі...", найперш - з раённых і абласных упраўленняў культуры, а таксама з горада Мінска за тую вялікую руплівую працу, з дапамогай якой удалося наладзіць гэтае важнае мерапрыемства. Асобныя словы падзякі - паважаным членам рэспубліканскага журы, што цягам некалькіх месяцаў уважліва адсочвалі ўсе нюансы конкурснай барацьбы. Упэўнены, іх карысныя парады запомняцца канкурсантам на ўсё далейшае жыццё... Ад імя ўсіх суддзяў канкурсантаў прывітаў народны артыст Беларусі, прафесар, старшыня журы ў намінацыі "Народныя спевы" Міхась Дрынеўскі: "Самае галоўнае, што мы, суддзі, здолелі разгледзець у выступленнях нашых канкурсантаў, - гэта шчырасць, той самы "жывы гук", якога заўсёды не хапае, - адзначыў, у прыватнасці, Міхась Паўлавіч. - А для нас, прадстаўнікоў народнага мастацтва, "Зорка..." стала яшчэ і унікальнай нагодай сабраць разам маладыя таленты. Таму конкурсу хочацца пажадаць далейшага развіцця. Упэўнены, што з кожным разам у ім будзе прымаць удзел усё больш прыхільнікаў, у тым ліку народных спеваў, якія не будуць спыняцца на аматарскіх занятках, а неўзабаве ўпрыгожаць мастацкую сцэну.

А самім канкурсантам - толькі поспеху, прычым на прафесійным узроўні!" Апрача афіцыйных асоб, канкурсантаў і гасцей цырымоніі адкрыцця фінальнага этапа "Зоркі..." прывіталі заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева, "сярэбраны" голас дзіцячага "Еўрабачання-2006" Андрэй Кунец. З невялікім канцэртам выступілі лаўрэаты шматлікіх конкурсаў, стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі: дуэт Алеся Шагун (цымбалы) - Юлія Новік (акардэон), баяніст Уладзіслаў Плігаўка, танцавальны ансамбль Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў пад кіраўніцтвам Святланы Гуткоўскай (старшыні журы ў намінацыі "Сучасны танец"). Сімвалічна, што дэкарацыі сцэны ўрачыстага адкрыцця ўяўлялі з сябе зорнае неба... Каментарыі, як кажуць, залішнія...