Імя Пташука

№ 16 (936) 17.04.2010 - 23.04.2010 г

11 красавіка, напярэдадні Радаўніцы, у Ляхавіцкім раёне ўшаноўвалі памяць свайго земляка — кінарэжысёра Міхаіла Пташука. На радзіме майстра ў вёсцы Федзюкі і ў самім райцэнтры былі адкрыты мемарыяльныя дошкі. Таксама ў Федзюках у гонар Пташука быў асвечаны крыж.

Удзел у мерапрыемствах прынялі родныя Міхаіла Пташука, прадстаўнікі мясцовых улад, Беларускага саюза кінематаграфістаў, журналісты, сярод якіх - і здымачная група, што стварае дакументальную стужку пра рэжысёра. Паездка на яго радзіму была прысвечана восьмай гадавіне з дня яго заўчаснага сыходу. Апрача адкрыцця мемарыяльных дошак, на могілках, дзе пахаваны бацькі Міхаіла Пташука, адбылося памінальнае набажэнства. У ім прынялі ўдзел і мясцовыя жыхары. У Федзюках, і ў Ляхавічах ужо ёсць вуліцы, якія носяць імя Пташука. "У цэлым, мы, родныя, задаволены, тым, як у раёне шануюць свайго земляка", - кажа ўдава рэжысёра Лілія Міхайлаўна. Нагадаем, у маі мінулага года ў Баранавіцкім раёне на месцы здымак стужкі "Знак бяды" каля вёскі Вольна на базе мясцовай сярэдняй школы быў адкрыты Музей Міхаіла Пташука.