Красавіцкімі Крокамі

№ 16 (936) 17.04.2010 - 23.04.2010 г

Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы прадставіў сваім гледачам прэм’ерную пастаноўку, прысвечаную 65-годдзю Вялікай Перамогі, — спектакль “У спісах не значыўся” Барыса Васільева.

 

Залішне казаць, што для слаўнага горада над Бугам гэты твор з'яўляецца сапраўдным гімнам мужнасці салдат, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны стаялі да апошняга, не здаючы сваіх пазіцый, дзякуючы чаму і прыйшлі ў 1945-м да Вялікай Перамогі. Рэжысёр спектакля - Уладзімір Савіцкі, вядомы сваімі пастаноўкамі на ваенную тэматыку. Сярод іх - "Балада пра каханне" паводле "Альпійскай балады" В.Быкава ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, "Апошнія сведкі" паводле С.Алексіевіч у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. А неўзабаве брэстчане чакаюць у госці акцёраў з Віцебска. З 12 па 18 мая Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа прадставіць на брэсцкай сцэне цэлы шэраг сваіх спектакляў. Сярод іх таксама ёсць свая даніна памяці аб Подзвігу ў Вялікай Айчыннай: спектакль "Плошча Перамогі" А.Паповай. Акрамя таго - Мудрацы" А.Астроўскага, "За двумя зайцамі" М.Старыцкага, "Аднакласнікі" Ю.Куліка, "О-ляля!" М.Камалеці, а для дзяцей - "Доктар Айбаліт" В.Карастылёва і Р.Быкава. Дарэчы, сталі вядомыя тэрміны правядзення Міжнароднага тэатральнага форуму "Белая вежа": фестываль адбудзецца з 11 па 19 верасня.