Эксклюзіўнае мастацтва

№ 16 (936) 17.04.2010 - 23.04.2010 г

III Рэспубліканскі турнір салістаў — выканаўцаў твораў народнай спадчыны ў межах VI Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” адбыўся 9 — 10 красавіка ў Лепелі. Тут жа спецыялісты за “круглым сталом” абменьваліся вопытам па тэме “Традыцыйная культура і дзеці: праблемы аднаўлення і трансляцыі”.

 

Калі праз некалькі дзён пасля канцэртаў раз-пораз прыгадваеш тонкія гукі дудачкі або акарыны, галасы, у якіх, падаецца, можна патануць, дык адчуваеш, што быў сведкам папраўдзе эксклюзіўнага мастацтва. Хочацца выявіць словамі гэты эксклюзіў: маўляў, легенда або казка ажываюць, напаўняючыся новымі сэнсамі ў выкананні юнага артыста; песня, чый носьбіт нарадзіўся на пачатку мінулага стагоддзя, на некалькі хвілін ператвараецца ў "машыну часу"... Шкада толькі, што магутны беларускі каларыт "Берагіні" застаецца зразумелым, у асноўным, толькі для яе ўдзельнікаў, паколькі звычайных гледачоў у зале Лепельскага РДК аказалася няшмат. Другі этап турніру, які адбыўся 10 красавіка, стаў гала-канцэртам найбольш моцна падрыхтаваных падлеткаў. Яны выконвалі абрадавую або пазаабрадавую песню, гралі на музычным інструменце (часам - адразу на некалькіх) і чыталі твор народнай прозы, запісаны ад носьбіта са свайго рэгіёна. Калі пад час першага этапа многія хваляваліся, дык гэтым разам адчувалася ўпэўненасць. Шчырыя інтанацыі, непадроблены артыстызм, прыгожыя звонкія галасы (асабліва- дзявочыя), "яднанне" чалавека з касцюмам, вобразам, настроем твора часцей за ўсё кампенсавалі дробныя недахопы ў выступленнях.

 Прагрэс традыцыі

 Старшыня экспертнага савета фестывалю Вячаслаў Калацэй, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, заўважае: "Калі "Берагіня" пачыналася, калектываў не было, а цяпер у кожным рэгіёне ёсць па адным больш-менш моцным ансамблі, які мае свайго харызматычнага лідэра, ведае традыцыі і атрымлівае падтрымку на мясцовым узроўні. І гэта - вялікая справа, рух наперад. Увесь час здзіўляюць выхаванцы Антаніны Абрамовіч і Міколы Козенкі з Мётчанскага вучэбнапедагагічнага комплексу. З 2001 года ўдзельнічаюць у фестывалі дзеці з Любані, дзе таксама добрая школа. Цікава і прыемна было назіраць за Брэсцкім рэгіёнам, хаця раней вобласць не вельмі актыўна ўдзельнічала ў гэтым руху. Добра, што сёлета яна вылучылася адметным выступленнем калектыву "Дараносіца". Магілёўшчына ж выступіла проста выдатна!.. Зрэшты, сёння ўжо відавочна: поспех калектыву і асобных яго ўдзельнікаў залежыць ад апантанасці кіраўніка, яго можна назваць медыятарам паміж традыцыяй і дзіцем. І хоць заняткі - гэта сурагатная замена сапраўднага носьбіта традыцыі, у якога дзеці раней вучыліся ў працэсе сацыялізацыі, роля яго вельмі важная". Статыстыка пацвярджае словы навукоўца. Узровень працы кіраўнікоў і падтрымка калектываў з боку мясцовых улад відавочныя ў лічбах: з 11 адабраных выканаўцаў, якія выйшлі ў другі этап турніру, 6- з Віцебскай вобласці (яна выходзіць на лідэрскія пазіцыі па этнакультурным выхаванні), па два - з Мінскай і Магілёўскай, па адным - з Гродзенскай і Брэсцкай. Гомельская вобласць, на жаль, не прайшла ў далейшае с п а б о р н і ц т в а .

 Першае месца заняла Настасся Матусевіч з вёскі Пратасевічы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці, а Гранпры ўзяла Марыя Касцюкевіч - "дзяўчынка-аркестр" з мётчанскага калектыву "Берагіня": яна можа граць на гармоніку, дудцы, акарыне, губным гармоніку, цымбалах, бубне, барабане, кляшчотках. Наконт ролі асобы-прафесіянала ў развіцці традыцыйнага мастацтва выказаўся і намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь, адзін з пачынальнікаў "Берагіні" Тадэвуш Стружэцкі: "Калі б у нас было больш спецыялістаў, якія шчыра, не фармальна рэалізоўвалі свой творчы патэнцыял, мы мелі б яшчэ больш здабыткаў. Але гэта фестываль, які патрабуе асаблівай дзяржаўнай падтрымкі. Ён не дасць зарабіць шмат грошай, не прыцягне шматтысячную аўдыторыю, ён камерны. Але гэта і добра, бо галоўнымі героямі з'яўляюцца самі ўдзельнікі, а асноўная мэта падзеі - не стварыць свята для жыхароў горада, а аб'яднаць непасрэдных удзельнікаў спаборніцтва. Тут сустракаюцца навукоўцы, даследчыкі, тут назапашваецца творчы вопыт калектываў, ацэньваюцца іх дасягненні..." Начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі пашкадаваў, што не ўсе раёны падключыліся да ўдзелу ў гэтым хоць і складаным, але цікавым фестывалі: "Патрэбна было б, каб ўсе начальнікі ўпраўленняў культуры назіралі за яго ходам, бывалі на мерапрыемствах. На жаль, некаторыя ставяцца да "Берагіні", на маю думку, не вельмі актыўна". А намеснік старшыні Лепельскага райвыканкама Мікалай Нікіцін адзначыў, што горад хацеў бы прымаць у сябе турнір кожны раз.

Сетка этнашкол

 "Круглы стол" стаў тым элементам "Берагіні", дзе на аснове выступленняў былі падведзены вынікі працы ў абласцях, а навукоўцы, выкладчыкі, арганізатары выказаліся наконт складаных пытанняў, якія іх турбуюць. Такім чынам вызначаны шэраг каляфестывальных праблем і прапанаваны шляхі іх вырашэння. Культуролаг Аляксей Рагуля звярнуў увагу на тое, што найлепш выканаўцы справіліся з песняй, а вось у дэкламацыі твораў народнай спадчыны былі слабыя моманты. Сустракаліся і квазіфальклорныя тэксты, якія паходзяць не ад сапраўдных носьбітаў, а бяруцца з хрэстаматый. Прафесар кафедры менеджменту сацыякультурнай дзейнасці БДУКіМ Любоў Раманенка адзначыла, што некаторыя дзеці выконвалі зусім не дзіцячы рэпертуар. "Патрэбны новыя этнашколы. Можна нават не сумнявацца, што яны цікавыя дзецям, - сцвярджае дырэктар Дзіцячай школы мастацтваў традыцыйнай культуры вёскі Стаі Лепельскага раёна Вераніка Хомбак. - Сёння ў нашай школе - 117 дзяцей, а ў сярэдняй - 120. Маім навучэнцам хочацца канкурыраваць з роўнымі па ўсёй краіне. І стварэнне такіх устаноў у рэспубліцы дапаможа мэтанакіравана ўзнаўляць фальклор. Добра было б зрабіць спецыяльныя фальклорныя класы ў звычайных школах мастацтваў, адкрыць этнашколы ў аграгарадках. Але ёсць вялікая патрэба ў вучэбных планах, праграмах, дапаможніках, нарматыўнай базе..." У вілейскай гімназіі № 2 не хапае кадраў для фальклорных класаў. Пра гэта распавёў намеснік дырэктара ўстановы Мікалай Іваненка. Яго падтрымаў мастацкі кіраўнік узорнага фальклорнага калектыву "Верабейкі" Любанскага раённага цэнтра культуры Сяргей Выскварка: "Добра было б, каб Універсітэт культуры і мастацтваў выпускаў не 5 спецыялістаў на год, а хаця б 15. У нашым раёне няма ніводнага такога супрацоўніка з вышэйшай адукацыяй, і калі нашы дзеці едуць на фестываль, я іх настройваю на тое, што галоўнае - проста ўдзел, бо канкурэнцыя надта высокая..." Усе гэтыя і іншыя выказванні былі ўлічаны і ўключаны ў шэраг прапаноў, якія аргкамітэт фестывалю накіруе ў Міністэрства культуры. Вынік, якога найбольш чакаюць: стварэнне сеткі этнашкол у сельскай мясцовасці, абмен досведам паміж абласцямі, распрацоўка вучэбных праграм Міністэрствам адукацыі. Сярод іншага, было б добра арганізаваць летнікі з фальклорным ухілам.

 Лепель як узор

 Турнір салістаў упершыню быў вынесены за рамкі заключных канцэртаў "Берагіні", што адбываюцца ў чэрвені раз на два гады. А Лепель стаў добрай пляцоўкай для дзяцей-спевакоў па ініцыятыве Веранікі Хомбак. Шмат гадоў таму яна выказала пажаданне наконт таго, каб і на Віцебшчыне быў свой фестываль фальклору. Як вынік, мастацкі кіраўнік "Берагіні" Мікола Козенка прапанаваў падзяліць спаборніцтва на некалькі этапаў, і Лепель атрымаў паўнавартасны фестываль. Зрэшты, тое і не выпадкова: на Віцебшчыне традыцыйную культуру любяць і падтрымліваюць. Тут ёсць і абласное свята фальклору - "Ад прашчураў - да зор". "Віцебскі аблвыканкам у свой час распрацаваў абласную праграму падтрымкі народнай культуры. Дзякуючы ёй вобласць і ўласна Лепельшчына фарміравалі сістэму работы па адраджэнні і развіцці традыцыйнай культуры у краіне, на якую арыентаваліся іншыя", - заўважыў Тадэвуш Стружэцкі.

Мінск - Лепель - Мінск

Фота аўтара