Ікона, вышытая гладдзю

№ 16 (936) 17.04.2010 - 23.04.2010 г

У бібліятэцы аграгарадка “Кіраўскі” дзейнічае выстаўка твораў мясцовай вышывальшчыцы Зінаіды Купчанка. Біблейскі матыў займае пачэснае месца ў творчасці майстрыхі. Сярод работ — “Велікоднае яйка”, “Святое сямейства”, “Пачаеўская ікона Прасвятой Багародзіцы”, “Неўпівальная чаша”, “Гасподзь Уседзяржыцель”…

 

/i/content/pi/cult/258/3889/12-2.jpgЛюбоў да вышыўкі Зінаідзе Іванаўне прывіла яшчэ ў дзяцінстве бабуля. Карціны майстрыхі, вышытыя гладдзю і крыжыкам, уражваюць разнастайнасцю тэматыкі, палётам фантазіі, шырынёй уяўлення. З прафесійным майстэрствам выкананы на палатне пейзажы, выявы знакаў задыяка. У 2008 годзе, пад час Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", адбыўся першы вернісаж майстрыхі. Тады ж выстаўку "Цудадзейная нітка" ў аграгарадку "Ноўка" наведалі не толькі мясцовыя жыхары, але і госці з Расіі ды Польшчы. "Цудадзейная нітка" прадоўжыла вандроўку па Віцебскім раёне, наступным прыпынкам якой стаў Варонаўскі інтэрнат для людзей сталага веку і інвалідаў. У 2008-м Зінаіда Іванаўна была залічана ў калектыў народных майстроў Віцебскага раённага цэнтра народных рамёстваў "Адраджэнне". А ў кастрычніку мінулага года работы З.Купчанка экспанаваліся ў выставачнай зале Цэнтра рамёстваў.

Вольга ПАЛУНЧАНКА, загадчык бібліятэкі аграгарадка "Кіраўскі" Віцебскі раён На здымку: Зінаіда Купчанка і яе работы.