Дыялог “60х50”

№ 16 (936) 17.04.2010 - 23.04.2010 г

Як вядома, Літаратурны музей Максіма Багдановіча падтрымлівае імідж, створаны спадчынай “песняра чыстае красы”. Акрамя таго, што мы папулярызуем творчасць Багдановіча, мы ўсяляк стараемся данесці да нашых наведвальнікаў вечныя каштоўнасці, адлюстраваныя ў паэзіі класіка беларускай літаратуры. Адзін з найлепшых спосабаў гэта зрабіць — стварыць прастору дыялога творцы з наведвальнікам музея. Менавіта гэта — асноўная задача нашай экспазіцыйнай дзейнасці, і ёй цалкам адпавядае незвычайная мастацкая выстаўка “60 х 50”, што адкрылася 7 красавіка ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

 

/i/content/pi/cult/258/3882/7-1.jpgМастакі Рыгор Данэлян і Алег Чырко, адзначаючы свае юбілеі, падводзяць вынік пройдзенага шляху і прапаноўваюць наведвальнікам музея паразважаць на вечныя тэмы, дзеляцца з намі вялікай радасцю - Таямніцай стварэння прыгажосці. Выстаўка з'яўляецца цудоўным падарункам аматарам высокага мастацтва, напоўненага глыбінёй, імкненнем да дасканаласці, разважаннем над існасцю. Гэта філасофскі дыялог майстроў выяўленчага мастацтва аб месцы Святла і Духу ў чалавеку... Два цікавыя і незвычайныя мастакі, не падобныя адзін да аднаго па стылі працы, нарадзіліся ў цудоўнай краіне - Арменіі. Рыгор Данэлян адзначае, што ў чалавеку закладзена шмат таямніц. Ён атрымлівае вялікае задавальненне, раскрываючы ў сабе пры дапамозе творчасці новыя душэўныя станы.

/i/content/pi/cult/258/3882/7-3.jpgМастак працаваў у розных стылях: у манеры экспрэсіянізму, поп-арту, займаўся манументальным мастацтвам, ствараў калажы, увасабляў у жывапісе экспрэсію святла. Сёння Рыгор Данэлян працуе над праграмай ірацыянальнага адлюстравання вібрацый духу і таго самага святла ў гармоніі з абсалютам. Алег Чырко лічыць жывапіс самым прыгожым відам мастацтва, у якім аб'ядноўваюцца ўсе адчуванні, дадзеныя чалавеку прыродай. Ён сцвярджае, што менавіта праз жывапіс можна перадаць тонкія эмацыянальныя захапленні, якія будуць здольныя радаваць і хваляваць іншых.

Кацярына КАНДРАЦЕНКА, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Літаратурнага музея Максіма Багдановіча