Мастакі Рыгор Данэлян і Алег Чырко, адзначаючы свае юбілеі, падводзяць вынік пройдзенага шляху і прапаноўваюць наведвальнікам музея паразважаць на вечныя тэмы, дзеляцца з намі вялікай радасцю - Таямніцай стварэння прыгажосці. Выстаўка з'яўляецца цудоўным падарункам аматарам высокага мастацтва, напоўненага глыбінёй, імкненнем да дасканаласці, разважаннем над існасцю. Гэта філасофскі дыялог майстроў выяўленчага мастацтва аб месцы Святла і Духу ў чалавеку... Два цікавыя і незвычайныя мастакі, не падобныя адзін да аднаго па стылі працы, нарадзіліся ў цудоўнай краіне - Арменіі. Рыгор Данэлян адзначае, што ў чалавеку закладзена шмат таямніц. Ён атрымлівае вялікае задавальненне, раскрываючы ў сабе пры дапамозе творчасці новыя душэўныя станы.
Мастак працаваў у розных стылях: у манеры экспрэсіянізму, поп-арту, займаўся манументальным мастацтвам, ствараў калажы, увасабляў у жывапісе экспрэсію святла. Сёння Рыгор Данэлян працуе над праграмай ірацыянальнага адлюстравання вібрацый духу і таго самага святла ў гармоніі з абсалютам. Алег Чырко лічыць жывапіс самым прыгожым відам мастацтва, у якім аб'ядноўваюцца ўсе адчуванні, дадзеныя чалавеку прыродай. Ён сцвярджае, што менавіта праз жывапіс можна перадаць тонкія эмацыянальныя захапленні, якія будуць здольныя радаваць і хваляваць іншых.
Кацярына КАНДРАЦЕНКА, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Літаратурнага музея Максіма Багдановіча