Пры ўдзеле Калінкавіцкага райвыканкама і Беларускага рэспубліканскага фонду "Узаемаразуменне і прымірэнне" распрацоўка гэтай хвалюючай тэмы вядзецца шмат гадоў. Нават макеты будучага Храма Памяці пад адкрытым небам уражваюць смеласцю і навізной задумы, вялікім жаданнем аўтараў праз алегорыі і сімвалы данесці да сучаснікаў сваё бачанне перажытага папярэднімі пакаленнямі. Думаецца, Храм грандыёзна і велічна будзе выглядаць на пагорку, адкрытым сонцу і вятрам, дажджу і снегу. Сваімі верхнімі абрысамі збудаванне ўяўляе купал, а масіўныя калоны, што трымаюць на сабе паўсферу столі (сімвалічнае кола жыцця чалавека), - старажытны пантэон.
Тут, у ніжнім ярусе Храма, сцюдзёна і трывожна, падаецца, што скразнякі гуляюць-свішчуць у калідорах каланады... Гэтыя холад і боль у душы стварае цёмная, змрочная мазаіка каменнай падлогі, адмысловы роспіс столі, а таксама рэльефы на калонах з выявамі, эпізодамі, карцінамі і згадкамі гістарыяграфіі нашай герачнай мінуўшчыны... Паводле задумы мастакоў, так і павінна быць: і халодна, і страшна, і трывожна... Трагедыя, боль народа і пакуты асобнага чалавека тут нібыта зліваюцца ў агульную чашу людскіх бед і няшчасцяў, дзе слёзы дзяцей і старых, што пакутавалі за калючым дротам канцлагера "Азарычы", зліваюцца з крыкам спаленых вяскоўцаў Хатыні, жыхароў іншых "вогненных вёсак" Беларусі... Калоны нагадваюць ствалы магутных дрэў, карані якіх глыбока прараслі ў глебу гісторыі, а значыць, і ў Памяць народа. А разам з імі, гэтак жа глыбока і надзейна, урос у зямлю і Крыж нашай веры і праўды, Крыж любові і надзеі. Ён пранізвае круглы дах, што падзяляе паверхі, высока ўздымаецца ў неба, дамінуючы над збудаваннем... Цёплай пяшчотай крыж атуляюць-галубяць чатыры белыя крылы - сімвалы вернасці і чыстых памкненняў людзей. Яны знаходзяцца ўжо на другім ярусе Храма Памяці, куды па лесвіцы мы падымаемся з мінулага, душой дакрануўшыся да зведанага дзядамі і прадзедамі ў гады ліхалецця... Крылы схіліліся да крыжа ў жалобе і смутку, як і чалавек, што прыходзіць да яго ў хвіліны радасці і журбы, у будні і святы. Тут, на коле жыцця, светла і ўтульна. Вакол - сімвалічныя дрэвы вялікага саду, саду кожнага з нас. Можна ўскласці кветкі да крыжа, запаліць свечку, узгадаць знакамітых людзей, чые выявы адлюстраваны на тых жа сімвалічных белых крылах надзеі і веры. Нацягнутыя залатыя струны над імі нібыта акрэсліваюць або малююць абрысы і форму купала храма. А гэта, зрэшты, і ёсць храм пад адкрытым небам, куды прыйдзе чалавек, каб пакланіцца Подзвігу і мужнасці прашчураў, каб яшчэ раз усвядоміць, што ён на зямлі - часова...
Вечнымі застаюцца толькі Памяць. I Радзіма. Канешне, уся работа - наперадзе. Праект помніка (сёння ён існуе ў трох варыянтах) будуць разглядаць спецыялісты - эксперты, людзі, зацікаўленыя ў захаванні праўды нашай гераічнай і трагічнай гісторыі. Будуць яшчэ і дыскусіі, і, магчыма, якіясьці прафесійныя спрэчкі па асобных элементах мемарыялу, але галоўнае - канцэптуальная ідэя - ёсць! І яна ўражвае. Кіраўнік вялікай аўтарскай групы мастакоў і архітэктараў - вядомы мастак Уладзімір Крываблоцкі.
Міхась ХАМЕЦ, фотажурналіст, краязнаўца На здымку: адзін з варыянтаў праекта.